Гарадскія святы ладзяцца па ўсім свеце, розніца ў тым, што ў заходніх краінах да такіх святаў далучаюцца неабыякавыя грамадзяне і грамадскія ініцыятывы. У Беларусі ж, на вялікі жаль, гарадское свята стэрэатыпна выглядае так: зранку салат, увечары салют. Ці можна змяніць гэтую сітуацыю, берасцейцы абмеркавалі падчас афлайнавага ток-шоу “Ці могуць гарадскія святы быць зробленыя… гараджанамі?”
Што такое тыповае гарадское свята ў Беларусі? Натоўп, эстрадная ці расійскаарыентаваная музыка, абавязковыя шашлык і канцэрт. Ці адрозніваецца берасцейская сітуацыя ад агульнай?
“Для пачатку хацелася б спытаць прысутных на ток-шоу: ці падабаюцца вам гарадскія святы?” — пытаецца віцебскі кардынатар грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Уладзімір Булаўскі.
Берасцейцы адказваюць, што святы амаль аднолькавыя — мяняюцца ў асноўным назвы, і для большасці свята — гэта нагода проста выйсці ў горад, сустрэць знаёмых, і асаблівага значэння няма, чаму тое ці іншае свята прысвечанае. Гарадскія ўлады не надта задумваюцца пра цікавосткі для гараджан. Праграма не змяняецца год у год.
“Я неаднаразова размаўляў з аддзелам культуры выканкама, — расказвае адзін з прысутных. — У іх шаблоны, і калі на пасаду прыходзіць новы чалавек, ён зазвычай проста не мае часу выдумваць нешта новае і карыстаецца гэтым шаблонам. Можна нешта змяніць дзякуючы прыватным знаёмствам, дадаць тое ці іншае мерапрыемства ў свята. Ёсць цэлыя мерапрыемствы, пабудаваныя на прыватных кантактах, але пра іх мала ведаюць”.
Чаго ж берасцейцы чакаюць ад гарадскога свята? “Каб гэта не было нудоцце і не з’яўлялася жаданне пакінуць горад на час правядзення свята!” Нават у Мінску за апошнія дзесяць гадоў прынцыпова нічога не змянілася ў плане гарадскіх святаў.
Вось у Гародні ёсць свята нацыянальных культур — туды едуць натоўпы турыстаў, гэтая падзея мае рэзананс. У вёсцы Моталь ёсць “Мотальскія прысмакі”. А што мае Берасце?
“А што сюды ехаць? — пытаецца журналістка Іна Хоміч. — Будуць турнікеты, АМАП і канцэрт, свайго брэнду ў Берасця няма. Я нядаўна была ў невялікім польскім гарадку, які ладзіць кінафестываль. Дык за дзесяць дзён фэсту горад зарабляе столькі, што хапае на год. Але там на кожным рагу ёсць нейкая цікавостка: напрыклад, спантанныя кінатэатры, выступы музыкаў, кожны можа скласці сабе маршрут на свой густ”.
Да таго ж амаль любое свята, па словах берасцейцаў, не ўспрымаецца як беларускае: нават людзі ў строях шляхты размаўляюць па-расійску, былі спробы стварыць нешта нацыянальнае кшталту “Зюзя-фэсту”, аднак гэта падзея хутчэй лакальная. Няўжо гарадское свята не можа быць, па-першае, прывабным, па-другое, беларускім, бо і самім было б прыемна, і гасцям з недалёкага замежжа было б што паказаць?
Віцебскі досвед — як прабіць сцяну непаразумення
Аднак бываюць жа паразуменні з уладамі. Напрыклад, у Віцебску валанцёры актыўна супрацоўнічаюць з уладамі, і гарадскія святы ў горадзе сталі нашмат больш разнастайнымі. Як такое магчыма?
“Паўтара года мы прабіваліся праз сцяну непаразумення, — расказвае Уладзімір Булаўскі. — У выніку мы прапанавалі не змяняць гарадскі план аддзела культуры і ідэалогіі. Стварылі агульную анкету, у якой кожны мог прапанаваць тое ці іншае мерапрыемства на той самы Дзень горада. Удзел узяло болей за дзвесце чалавек. Амаль усе праекты не патрабавалі фінансавання. Быў, напрыклад, майстар-клас народных танцаў у цэнтры горада, да яго далучаліся мінакі, нават вяселле адно далучылася. Такія рэчы мяняюць грамадскую думку — маўляў, у мінулым годзе цікавосткі былі, значыць, мусяць быць і ў гэтым.
Ці мы правялі адкрыты турнір па футбольным фрыстайле, правялі, дарэчы, цалкам па-беларуску, прыдумалі брэнд і дызайн. У наступным годзе турнір будзе ізноў, ужо міжнародны. Ад уладаў ізноў нічога не спатрэбілася, і яны самі зацікаўленыя ў далейшай супрацы”.
Насамрэч праблема палягае ў тым, што ў аддзелах культуры працуе вельмі мала людзей: у ідэале яны мусяць быць проста каардынатарамі кожнага новага свята, а не арганізатарамі. Трэба прапаноўваць свае ідэі — упарта, натхнёна, паказваючы іх карысць для пэўных груп людзей ці для горада агулам. Напрыклад, фотапраект можна правесці ў двары, як тое было ў Віцебску, і заадно прыбраць двор — ніхто не запярэчыць, а можа, і ўключыць у свой план дзейнасці. З уладамі трэба супрацоўнічаць — ці наўпрост, ці праз установы культуры.
Што рабіць у Берасці?
Асноўнае пытанне палягае ў тым, ці гатовыя берасцейцы прапаноўваць канкрэтныя ідэі і займацца арганізацыяй святаў на валанцёрскіх асновах.
“Звычайна валанцёры прыходзяць на само мерапрыемства, — кажа спадар Сальнікаў. — Там яны з задавальненнем працуюць. Трэба, відаць, стварыць свята ў такім фармаце, каб кожнаму захацелася стаць часткай кола, якое арганізуе свята”.
Што патрэбна для гэтага?
“Найлепш адразу ствараць клуб арганізатараў, — кажа Зміцер Булаўскі. — Ён стане неабходнай камунікацыйнай і адукацыйнай пляцоўкай, тэрыторыяй партнёрскай падтрымкі і абменам прафесійным досведам. Пачаць можна з простай суполкі ў сацыяльных сетках. У Віцебску стварыць сетку валанцёраў і культурніцкіх менеджараў заняло некалькі гадоў, але цяпер такіх людзей болей за сто”.
“Датычна гарадскіх святаў: можна ўзяць і апошні мінскі досвед — пачынаць з малога, але дарагога сэрцу, — кажа кардынатар кампаніі “Будзьма” Кацярына Раманчык. —Вялікую цікавасць выклікаюць утульныя па атмасферы лакальныя раённыя святы — фэст на Грушаўцы з дэвізам “Ад жыхароў — жыхарам”. Цяпер такое самае свята робіцца ва Уруччы (справа за дазволам гарадской адміністрацыі). У якасці інфармацыйнай платформы выкарыстоўваўся сайт “grushevka.by” ці проста старонка ў “Укантакце”, у якасці камунікатыўнай пляцоўкі — сустрэча ў кавярні раз на тыдзень”. Калі мы зразумеем, што кожны з тых, хто хоча змяніць гарадскія святы, не толькі спажывец, але і актыўны ўдзельнік, — усё атрымаецца”.
Тэкст – Юрась Ускоў
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч