«Мае дзяўчынкі па-за ўсталяванымі рамкамі прыгажосці. Гэта — пра дазвол быць сабой. Пра лагоднасць і крохкасць. І ў той самы час пра ціхую, спакойную, але такую бязмежную сілу ўнутры, — расказала мастачка Анастасія Акулава для тэлеграм-канала «Тетя Ира разрешила». — Мае працы пра дзяўчат і для дзяўчат. Я захапляюся дзяўчынкамі, як выдатнымі, ўнікальнымі, моцнымі і адначасова далікатнымі істотамі».
Выстава «Харошая дзяўчынка» з працамі Анастасіі Акулавай адкрылася 11 сакавіка ў Мінску.
Прыхільнасць да жаночай тэмы ў Анастасіі з маленства: «Мяне выгадавала мама — сама, адна. І такіх жаночых прыкладаў шмат.
Нажаль ці на шчасце, але мяне акружалі жанчыны, якія ўсяго дамагаліся самі і адрозніваліся дабрынёй. Яны дапамагалі жывёлам, жылі сапраўды па сумленні. Я таксама такая.
мастачка Анастасія Акулава
Я кахаю свайго мужа і ўдзячная, што ў мяне зараз ёсць «апора», але, насамрэч я і цяпер магу функцыянаваць цалкам самастойна і ніяк не залежу ад мужчын. Я думаю, што выява далікатнай, ранімай, і адначасова моцнай жанчыны засела у́ маёй свядомасці. Мае працы — гэта ода ўсім жанчынам, а «дзяўчынкі» гэта ласкава».
На выставе сабраны працы мастачкі за апошнія некалькі гадоў — партрэты рэальных людзей і фантастычных істотаў. Як сярод іх вызначыць харошую дзяўчынку?
Гераіні на партрэтах Анастасіі ўбудоўваюцца ў навакольнае асяроддзе, шукаюць свой вобраз ў соцыуме і адначасова спрабуюць не згубіць сябе, а сабраць у цэльную асобу.
«У працах я злучаю выдатнае і пачварнае, — расказвае аўтарка, — каб нагадаць, што знешнасць — не галоўнае. Галоўнае — душа, які ты чалавек».