Царкву вялебнай Марфы, узведзеную ў сярэдзіне XIX стагоддзя на старых праваслаўных могілках па вуліцы Антонава ў Горадні, перабудоўваюць.
На дадзены момант ідзе маштабная дабудова апсіды з сілікатных блокаў. Пахаванні, што знаходзіліся вакол царквы, апынуліся ўнутры яе. Будоўля іх паглынула.
Пра будаўніцтва расказвае гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха:
“Гэта пахаванні людзей якія ўсё сваё жыццё былі пры царкве: служкі, святары. Будаўнікі ўжо цалкам памянялі архітэктуру будынка. Гэта быў маленькі сіметрычны храм канца ХІХ стагоддзя, а што будзе пасля гэтага будаўніцтва, невядома”.
Гістарычная даведка
Марфінская царква, пабудаваная ў 1846–1848 гг. у стылі позняга класіцызму, свой канчатковы выгляд набыла ў 1867 г. Адзін з яе заснавальнікаў – гарадзенскі арцыбіскуп Ніл, які пахаваў там сваю маці.
Да 1980-х царква была ў запусценні, потым была перададзеная праваслаўным вернікам. У 1990–1991 гг. былі праведзеныя рэстаўрацыйныя работы як самой царквы, так магіл побач.
На гэтых могілках пахаваныя вядомыя гарадзенскія пісьменнікі і медыкі, архітэктары, вайскоўцы, гісторыкі. Сярод пахаванняў – пахаванне маці Максіма Багдановіча Марыі Мякота (Багдановіч). За 50 метраў ад царквы пахаваны заходнебеларускі паэт Міхась Васілёк. Яго імем названая вуліца ў Горадні.
Андрэй Мялешка