Упершыню ў жыцці давялося палятаць на казачнай ступе. Тое, што сродак перамяшчэння папулярнай бабусі нагадвае звычайныя арэлі, якія мацуюцца да хвой з дапамогай ланцугоў, зусім не перашкаджае адчуць сябе вядзьмаркай (у лепшым сэнсе гэтага слова).
Лысая гара, якая ўзвышаецца над Дняпром (з яе добра відаць усе аколіцы Шклова), з’яўляецца самым загадкавым месцам вядомага помніка прыроды рэспубліканскай славутасці «Ніжнінскі роў». Праз яе праходзіць разлом ледавіковага перыяду, падобных да якога на свеце ёсць яшчэ толькі два — у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Па легендзе менавіта сюды ведзьмы збіраліся на шабашы і танцавалі так, што нават да гэтага часу тут зусім не расце трава. Невядома, ці бачылі іх старажытныя купцы, якія плылі міма гары па Славутым водным шляху «З варагаў у грэкі», але ў сучасных турыстаў ёсць усе шанцы гэта праверыць. Некалькі гадоў таму тут пабудавалі экскурсійны комплекс у стылі старадаўняга драўлянага дойлідства. А ў канцы сёлетняга снежня тут запрацавала рэзідэнцыя Дзеда Мароза, па дарозе да якога якіх толькі цудаў ні сустрэнеш.
— Ідэя стварыць рэзідэнцыю галоўнага сімвала Новага года належыць нашаму старшыні райвыканкама Аляксандру Бойку, — кажа дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Шклоўскага раёна Алена Князькова. — Не ўсе ж маюць магчымасць з’ездзіць у Белавежскую пушчу. Вось і вырашылі зрабіць нешта незвычайнае на тутэйшых землях — арганізавалі забаўляльны маршрут па матывах вядомых казак.
Чароўны дух адчуваецца ўжо каля варот, дзе для большага парадку стаяць грозныя вартаўнікі. Збоку металічны гонг, падобны на вялікі казан для плову драўляны малаток. Трэба тройчы грукнуць па «казане», дзьмухнуць, плюнуць — вароты адчыняцца. Дзеці ўрываюцца ў гэтую цудоўную рэчаіснасць са шчаслівым крыкамі: «Я ў казцы!». І нават дарослыя хоць і не вераць у цуды, у душы таксама пачынаюць іх чакаць. Сустракае гасцей гаспадыня Лысай гары, у якую ператвараецца метадыст шклоўскага Дома культуры Наталля Валуева. Без яе ў чароўным лесе можна і зусім не знайсці Дзеда
Мароза. …Што ні крок, то новая казка. Арганізатары пастараліся, каб маршрут быў не толькі забаўляльным, але і павучальным.
Першае выпрабаванне чакае пры знаёмстве з казкай «12 месяцаў». Хлопчыкі і дзяўчаткі з цікаўнасцю разглядаюць намаляваных у поўны рост братоў, спрабуюць перавесці на рускую мову іх беларускія назвы, але не ва ўсіх гэта добра атрымліваецца. Асабліва бянтэжацца маленькія дзеткі, якія наогул упершыню чуюць, як гучыць месяц іх нараджэння на беларускай мове. Хаця б дзеля гэтых новых ведаў варта было б пабываць на Лысай гары.
Мясцовыя майстры не пашкадавалі ні сіл, ні фарбаў, каб засяліць лес казачнымі істотамі. Вунь паміж галінак мільгае ступа Бабы Ягі, а збоку гусі-лебедзі нясуць на крылах маленькага Іванку. На вочы трапляе русалка, якая сядзіць… на сасне. Крышку яе шкада: сасна гэта табе нават не дуб. А вось кот і насамрэч вучоны — у пінжаку і ў акулярах (напэўна, памяняў на ланцуг, на якім, як сведчыць Пушкін, ён хадзіў у казачным Лукамор’і). Дарослыя смяюцца з гэтых недарэчнасцяў, а дзецям усё цікава. Асабліва калі побач з маляванымі персанажамі з’яўляюцца жывыя (артысты клубнай сістэмы раёна) — Марфушачка-душачка і Насачка з «Марозкі», Ямеля, Маша і мядзведзь. Яны ведаюць такія цікавыя гульні, што з імі нават не хочацца расставацца.
Гуляць па Лысай гары адно задавальненне — лямпачкі мільгацяць, музыка іграе. Ёсць тут і сакральны камень, які падказвае падарожніку, што яго чакае, калі ён зверне ў той ці іншы бок. Кажуць, калі зрушыць яго з месца, усе таямніцы Лысай гары адкрыюцца. Але такога асілка яшчэ не знайшлося. Прыходзіцца абмяжоўвацца звычайным дакрананнем да каменя і загадваннем жадання. Жаданні тут і наогул можна загадваць бясконца. І чамусьці верыцца, што яны абавязкова збудуцца.
Чароўныя істоты не толькі гуляюць па запаведных сцяжынках, але і маюць асабістае жыллё. Тутэйшая Баба Яга, напрыклад, замест хаткі на курыных ножках атрымала добраўпарадкаваныя двухпавярховыя апартаменты.
Але перш чым запрасіць да сябе ў госці, яна вучыць гасцей лятаць на ступе. «Ахвотныя азалаціцца павінны на мятле Бабы Ягі пракаціцца», — залатое правіла Лысай гары. Дзеці нават не заўважаюць, што за навучаннем наводзяць «марафет» вакол хаткі хітрай бабулі. Але яна не такая ўжо і благая. Нездарма некаторыя не супраць нават застацца ў яе ў памочніках.
Ёсць што паглядзець і ў іншых хатках, дзе жывуць сімвалічны шклоўскі агурок, захавальніца даўніны Мар’я-мастачка. Дарэчы, Мар’я-мастачка (Вікторыя Зязюліна) — майстрыха не толькі па казцы, але і ў жыцці. Асабліва карыстаюцца поспехам яе самаробныя лялькі. Гаспадыня агурковай хаткі можа навучыць, як сабраць добры ўраджай, у прыватнасці, гуркоў, і нават пачаставаць нарыхтоўкамі. Яны вельмі смачныя, таму іх на ўсіх не хапае. Але ніхто не забараняе глядзець на агароднінныя нарыхтоўкі і аблізвацца — вунь яны, на палічцы. Захавальніца даўніны ўсім прапануе паваражыць, як гэта рабілі нашы продкі: на жыце ці на фасолі. І так добра гэта ў яе атрымліваецца, што нават дарослыя пытаюцца: а тое, што вы нам прадказалі, праўда?
На жаль, сёлета не пашанцавала са снегам. Напэўна, Дзед Мароз праспаў. Але дзеці ўсё роўна яго любяць. З задавальненнем гуляюць з ім у… шышкі (між іншым, гэта не горш, чым у снежкі) і дораць свае паштоўкі. Свята на Лысай гары не абыходзіцца без вясёлага карагоду і гульняў вакол ёлкі. А які смачны чай з піражкамі, якім напрыканцы частуе сваіх гасцей Дзед Мароз!
Дарэчы, каб казку зрабіць быллю, шклаўчанам спатрэбілася каля 2 месяцаў. Нават суботнікі праводзілі, каб паспець да свят. Аддзелы райвыканкама, школы, індывідуальныя прадпрымальнікі, фермеры, арганізацыі і прадпрыемства — усе ўнеслі сваю лепту ў справу. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Давыдовіч, прозвішчы найбольш актыўных удзельнікаў будуць адзначаны на спецыяльнай дошцы, якую ўсталююць на ўездзе ў казку. І Новым годам справа не скончыцца. Наперадзе яшчэ шмат розных свят.