Выдавецтва «Пфляўмбаўм» выдала «Час second-hand» Святланы Алексіевіч у новым перакладзе на беларускую мову. Завяршальную кнігу знакамітага цыкла «Галасы Утопіі» пераклала Кацярына Маціеўская.
Мастацка-дакументальная гісторыя «Час second-hand» была ўпершыню выдадзеная ў 2013 годзе, аднак і тады, і — нават выразней — сёння мы бачым, што часы «чырвонага чалавека» не скончыліся разам з савецкім камуністычным праектам. Цяпер «чырвоны чалавек» бамбіць Кіеў, Харкаў, Дніпро, Адэсу...
«У камунізму быў вар’яцкі план, — расказвае аўтарка, — перарабіць «даўняга» чалавека, састарэлага Адама. І гэта ўдалося... магчыма, адзінае, што ўдалося. За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асаблівы чалавечы тып — homo soveticus. Адны лічаць, што гэта персанаж трагічны, іншыя называюць яго «саўком». Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён добра мне знаёмы, я побач з ім, плячо ў плячо, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, бацькі, сябры».
«Калі даўно прыглядаліся да гэтай кнігі, самы час яе набыць, пачытаць разам з аднадумкамі ды аднадумцамі, паразважаць пра прыроду таго, што мы назіраем у навінах і непасрэднай рэальнасці навокал», — адзначаюць на старонцы выдавецтва ў Фэйсбуку.
Набыць кнігу можна тут.