Дзяржаўнага фінансавання на наступны год пазбаўлены дзіцячы часопіс «Вясёлка», які выдаецца з 1957 года. На сёння гэта ў краіне фактычна адзінае беларускамоўнае дзіцячае выданне для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, піша «Еўрарадыё».
Вокладка часопіса / Вясёлка
Спіс выданняў, якія атрымаюць дзяржпадтрымку, зацверджаны пастановай Савета міністраў № 685 ад 28 лістапада 2025 года. У пераліку згадваецца 21 афіцыйнае выданне. Агулам яны атрымаюць 7,4 мільёна рублёў — такая сума была закладзеная ў праекце бюджэту Беларусі на наступны год.

Як звяртае ўвагу БАЖ, замест дзіцячага часопіса «Вясёлка» дзяржаўнае фінансаванне атрымае часопіс «Роднае слова» — штомесячнае навуковае і метадычнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.