Зіма — хіба найлепшы час, каб занурыўшыся пад мяккі плед за кубкам гарбаты ці цёплай какавы, пачытаць добрую кнігу. А што пачытаць, мы вам параім. У папярэдніх артыкулах мы ўжо пісалі пра літаратуру для дзяцей, дарослых і малавядомую класіку. Абмеркавалі і найлепшыя беларускія трылогіі. Прыйшоў час пагаварыць пра найлепшыя тэтралогіі ў беларускай літаратуры.
У пачатку ХХ стагоддзя многія беларускія пісьменнікі змагаліся за першынство ў беларускай літаратуры, бо шмат чаго з жанраў папросту не існавала. Таму было даволі тыповым з’яўленне «першай беларускай п’есы» ці яшчэ чаго падобнага. Не стаў выключэннем і раман — жанр, які сфармаваўся значна раней, але ўвасобіўся ў еўрапейскіх літаратурах акурат у ХІХ стагоддзі.
Беларускія пісьменнікі-«адраджэнцы» з імпэтам узяліся за стварэнне першага беларускага рамана, таму адразу некалькі аўтараў могуць смела прэтэндаваць на першынство ў гэтай справе. Але толькі Зміцер Жылуновіч, які публікаваўся пад псеўданімам Цішка Гартны, можа не проста пахваліцца наяўнасцю тоўстай кнігі ў сваёй бібліяграфіі, але адразу цэлага чатырохкніжжа, напісанага па-беларуску.

Цішка Гартны. Здымак з часопіса «Полымя» № 10 за 1928 год
Гаворка, вядома, пра «Сокі цаліны» — тэтралогію, якая складаецца з «квадраў», кожная з каторых можа чытацца паасобку. Адметна, што гэтыя творы пісаліся даволі працяглы час — пачынаў Жылуновіч пісаць і публікаваць іх яшчэ да рэвалюцыі.

Першая «квадра» на старонках газеты «Дзянніца» № 1, 1916 год
Самыя першыя часткі рамана пад назвай «Бацькава воля» з’явіліся ў выдаванай ім газеце «Дзянніца» ў 1916 годзе. А скончыў гэтую працяглую гісторыю ён у 1929 годзе, акурат з часам надыходу сталіншчыны.

Асобнае выданне другой квадры «На перагібе», 1928 год
У цэнтры гісторыі — лёсы простых людзей, што перабіраюцца з вёскі ў горад, працуюць на фабрыках і заводах, бяруць удзел у рэвалюцыйным руху і мараць пра шчаслівае заўтра. Нездарма ў час выхаду кніга карысталася вялікай папулярнасцю ў чытачоў. Алесь Дудар пра папулярнасць «Сокаў цаліны» і самога пісьменніка пісаў на старонках «Савецкай Беларусі» ў 1928 годзе наступнае:
«Цішку Гартнаму не даюць спакою запытаньнямі пра трэцюю частку раману «Сокі цаліны» — ці напісана і калі выйдзе ў друк. Між іншага, гэта пытаньне няўхільна паўтараецца на ўсіх літаратурных вечарох у правінцыі, хто-б ні праводзіў вечар і дзе-б гэта ні было. Першым беларускім раманам публіка цікавіцца, апошняй яго часткі чакае з нецярплівасьцю....»
Яно і не дзіва, калі ўлічыць, як Жылуновіч апісваў просты побыт людзей у пачатку мінулага стагоддзя. Вось цытата пра паводзіны адной з галоўных гераінь, калі яна атрымала ліст ад каханага і пачала ўяўляць магчымую хуткую сустрэчу з ім:
«Зося абедзвюма рукамі хапілася за грудзі, быццам стараючыся стрымаць у іх забурліўшае прагнае чуццё. Па яе чыстаму і ружоваму твару прабегла вострае хаценне; сінія, празрыстыя вочы яе зацягнула тонкаю смуглаю плевачкаю лёгкае слязлівае вільгаці. Зося салодка, утомна пацягнулася ўсім целам, здаровым і маладым, поўным кіпучага жыцця, і на момант-другі мэрам замёрла. Потым, крыху спусціўшы, разам ачнулася, шырока раскрыла вочы і акінула развітальным узрокам усё, што ляжала перад яе вачыма, ды адышла ад акна. «А трэба-такі лажыцца спаць», — рашыла яна, раздзеўшы верхнюю вопратку да апошняе сарочкі і лягла ў ложак».

Двухтомнік «Сокаў цаліны», 1957 год

Двухтомнік «Сокаў цаліны», 1957 год
Другой знакавай тэтралогіяй для беларускай літаратуры з’яўляецца чатырохкніжжа Вячаслава Адамчыка, якое сладаецца з раманаў пад назвамі «Чужая Бацькаўшчына», «Гoд нyлявы», «I cкaжa тoй, xтo нapoдзiццa», «Гoлac кpывi бpaтa твaйгo». Храналагічна гэтыя творы распавядаюць пра час перад пачаткам і ў часе Другой сусветнай вайны.

Вячаслаў Адамчык
У тэтралогіі вельмі шмат асабістага, бо Вячаслаў Адамчык і сам паходзіў з Наваградчыны, якая ў міжваенны час з’яўлялася часткай Другой Рэчы Паспалітай. Адсюль і назва першай кнігі, дзе апісаныя падзеі, што папярэднічалі пачатку вайны. Шмат у чым аўтар адлюстраваў свае ўласныя ўспаміны — народжаны ў 1933 годзе, ён, канешне ж, тое-сёе запомніў са свайго дзяцінства.
Беларусам у тагачаснай Польшчы жылося не салодка, таму Адамчык і даў першаму раману такую красамоўную назву — «Чужая Бацькаўшчына», то-бок не свая. Аўтар вельмі сур’ёзна падышоў да напісання гэтага твора, таму ў рамане мы бачым вельмі добра паказаны сялянскі свет Заходняй Беларусі паміж дзвюма войнамі.

Вокладка другога рамана з трылогіі пад назвай «Год нулявы», 1983 год
У цэнтры — гісторыя Міці Корсака, простага вясковага хлопца, які ў вольны час піша ў звычайны сшытак вершыкі патрыятычнага зместу. З часам гэты сшытак трапляе ў рукі да польскіх паліцыянтаў, і паэта-пачаткоўца выклікаюць у пастарунак, дзе збіваюць, нічога асабліва не тлумачачы. У фінале адзін з паліцэйскіх спрабуе адгаварыць Міцю ад далейшых літаратурных практык. І што характэрна — робіць гэта па-беларуску:
«Рыпнулi дзверы — з пастарунка высунуўся тоўсты, кароткi Гура, вочы яго хавалiся пад шырокiм, як лапата, акутым брылём.
— Пачакай, — падмятаючы на сходах доўгiм шынялём снег, ён спусцiўся з ганка i дагнаў Мiцю за драцяной сеткай. — Паслухай, што я скажу. Да нас болей не пападайся — бо заб’юць. Прападзеш, i не знайся. Ты думаеш сваiмi вершыкамi свет перавярнуць? Не такiя былi да цябе. Згiнулi ў турмах, i след прастыў. Так было спакон веку.
Мiця маўчаў, чуў толькi, як парыпвае пад нагамi крохкi свежы снег. Ад тупой злосцi балелi сцятыя скiвiцы.
Гура зашастаў сваiм доўгiм шынялём — у разрэзе з дробнымi меднымi гузiчкамi заблiшчалi высокiя заднiкi ботаў, — апярэдзiў Мiцю, не азiраючыся, яшчэ сказаў: — Падумай пра ўсё добра».
Вячаслаў Адамчык добра ведаў, аб чым пісаў, бо праз 10 гадоў пасля выхаду рамана ён у сваіх дзённіках адзначаў:
«Нашы простыя сяляне, грамадаўцы, першыя асветнікі, нашы Скарыны ў глухой і беднай саламянай вёсцы трыццатых гадоў умелі цаніць рэдкую, не шматтыражную ў той час, беларускую кніжку.
Яны да канца дзён сваіх заставаліся сціплымі і разам з тым гордымі інтэлігентамі з адукацыяй царкоўнапрыходскай ці народнай школы. Яны ўмелі шанаваць і цаніць роднае слова.
Гэта ад іх на ўцалелых гарышчах, у самаробных куфэрках асталіся невялікія кніжныя скарбы, газетныя падшыўкі, выразкі пра гадоўлю коней, парады пчалярам, пажоўклыя, сёння нідзе і нікім не ўспомненыя заходнебеларускія часопісы з пекнаю і зразумелаю ўсім, яшчэ не скалечанаю беларускаю моваю».
Праз пяць гадоў пасля публікацыі, у 1982 годзе, раман «Чужая Бацькаўшчына» быў экранізаваны, а пісьменнік быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа. За раманы «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца» ён атрымаў у 1988 годзе Дзяржаўную літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Вокладкі трэцяга і чацвёртага раманаў трылогіі, 1987 і 1991 гады
Скончыўшы тэтралогію ў 1990 годзе, Вячаслаў Адамчык занатуе ў сваёй аўтабіяграфіі: «Пacля зaвяpшэння чaцвёpтaгa paмaнa, пacля вялiкaй штoдзённaй шчacлiвa-пaкyтнaй пpaцы, пacля нявepы ў cябe i paдacныx xвiлiн нaтxнeння, пacля cямнaццaцiгaдoвaгa твopчaгa нecпaкoю я як нiкoлi aдчyў вялiкyю пycтэчy i нiкчэмнacць жыцця. Moжa, я пepaбoльшвaю тoe aдчyвaннe i тoe пaчyццё, aлe я пaпpaўдзe пpaвaлiўcя ў нeйкi лeтapгiчны coн, я лeдзьвe ўвacкpoc...».
Адметна, што героі ў фільме «Чужая Бацькаўшчына» гавораць па-беларуску з мясцовым каларытам, што для часоў «застою» было сапраўднай рэдкасцю...
Budzma.org