Ці ўмееце вы бярозы «завіваць»? Нашыя продкі ўмелі. А яшчэ беларусы верылі, што на Русальны тыдзень русалкі хадзілі па зямлі і іх можна было пабачыць. Якія яшчэ адметныя традыцыі і абрады праводзілі беларусы ў чэрвені распавядаем у артыкуле.
Чэрвень — працяг вельмі актыўнай працы земляроба. Таму амаль кожны дзень гэтага месяца адзначаны тымі ці іншымі прыкметамі, абрадамі, рытуаламі, табу. На 6-ты месяц прыпадае і значная астранамічная падзея — летні сонцаварот. Але пра ўсё па чарзе.
2 чэрвеня — Ушэсце / Шоснік (чацвер на шостым тыдні пасля Вялікадня — саракавы дзень). Гэты дзень лічыцца заканчэннем вясны. Гаспадары хадзілі па нівах, аглядалі азімыя. На Палессі праводзілі ахоўна-засцерагальны абрад «Пахаванне стралы» (*у некаторых рэгіёнах гэты абрад праводзілі на Юр’ю ці Вялікдзень). Ладзілі рытуальныя карагоды, шэсці па вёсцы, гульні моладзі, абрадавыя спевы. Закопвалі ў полі «стралу» (розную дробязь: шпілька, стужка, пярсцёнак і г. д.), каб абараняла і давала жыццёвую сілу зернавым.
Фота: generation.by
Сёння гэты абрад можна пабачыць у вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельская вобласці. Ён унесены ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
3 чэрвеня — па старым стылі адзначаюць Ульяны (Алена). Гэта дзень ушанавання льну. Сеялі лён у чыстай кашулі (каб рос чыстым), перад сяўбой падкідалі ўгару вараныя яйкі (каб парос высокім). Лён быў цесна звязаны з жаночай доляй — валокны льну асацыяваліся з ніткамі лёсу ў руках Макошы.
Фота: etna.by
Лічылася, што дзяўчына, якая народзіцца 3 чэрвеня, будзе вельмі прыгожай. Да таго ж яна будзе ўмець вырошчваць асаблівы лён, вырабы з якога будуць аж зіхацець сваёй прыгажосцю.
5 (у каталікоў)/ 12 (у праваслаўных) чэрвеня — Зелянец (Тройца, Сёмуха, Зялёныя святкі). Пераходны перыяд з вясны на лета. Усе рытуальныя дзеянні былі скіраваны на падвышэнне і абуджэнне плодных сіл Прыроды. Хрысціянская традыцыя прымеркавала старажытнае свята да Пяцідзясятніцы — дня сашэсця Святога Духу да апосталаў.
Фота: etna.by
Зялёныя святкі — жаночы час. Асаблівую пашану і ўвагу грамада ўдзяляла дзяўчынам шлюбнага ўзросту і маладым жанчынам. Уся «магія» Сёмухі так ці інакш была звязана з жаночым: бярозавымі венікамі вымяталі хату, упрыгожвалі яе зелянінай. Дзяўчаты хадзілі ў лес «завіваць» бярозы (звязваць 2 суседнія галінкі ці галінкі з 2-х суседніх дрэў), кумавацца (абіраць сабе сяброўку на год), варажыць.
6 — 12 /16 — 19 чэрвеня — Русальны тыдзень. Тыдзень пасля Зелянца — час, калі русалкі хадзілі па зямлі і іх можна было пабачыць. Гэта магічны час, калі трэба быць асабліва асцярожным і пільным, каб не нашкодзіць сабе і наваколлю.
На Піншчыне ў аўторак Русальнага тыдня праходзіў абрад «Ваджэнне куста». Прыгожую дзяўчыну «апраналі» ў зеляніну і з рытуальнымі спевамі вадзілі па вёсцы. Так рабілі, каб палепшыць долю кожнага чалавека і грамады ў цэлым, а таксама паспрыяць багатаму ўраджаю.
Серада называлася «Градабой», альбо «Серада Русаль». Лічылася, што менавіта зараз русалкі самыя актыўныя і могуць заказытаць да смерці альбо задушыць сваімі грудзямі, калі іх патурбаваць. Таму не хадзілі ў поле, стараліся не працаваць.
Чацвер на Русальным тыдні прысвячаўся коням — іх «вызвалялі» ў гэты дзень ад працы. Яго называлі «Конскі Вялікдзень». Яшчэ можна пачуць такія назвы: «Сухі» альбо «Крывы чацвер». У гэты дзень было табу не толькі на конскую працу, але і на працу ўвогуле — лічылася, што гэта прывядзе да засухі.
Увогуле вобраз русалкі вельмі неадназначны. Ён звязаны з вітальнымі (жыццёвымі) сіламі прыроды. З аднаго боку — русалкі спрыяюць урадлівасці. З іншага — могуць прычыніць вялікую шкоду чалавеку.
На 10 і 11 чэрвеня — у гэтым годзе прыпадаюць Траецкія Дзяды (Стаўрускія Дзяды, Духавая Субота, Сёмка). Значная дата для памінання продкаў. Як і на Асяніны (2 лістапада) чыста прыбіраліся ў хаце, гатавалі святочную вячэру з рытуальнымі стравамі. Аднак, у адрозненне ад Змітраўскіх Дзядоў, вячэра была вельмі сціплая, стравы — посныя. Частку ежы пакідалі для духаў продкаў, якія мусілі завітаць у гэты вечар у хату.
12 — 14 (па новым стылі) / 19 — 21 (па старым стылі) — Розыгры (альбо провады Русалкі). Апошнія дні панавання русалак на зямлі. Нашыя продкі верылі, што ў гэты перыяд русалкі самыя небяспечныя, але ж і больш за ўсё спрыяюць урадлівасці палёў.
Фота: horki.info
Шмат у якіх рэгіёнах Беларусі праводзяць абрадавыя шэсці: абіраюць дзяўчыну з самымі даўгімі валасамі (неад’емны атрыбут русалкі — даўгія валасы). Яе ўпрыгожваюць зелянінай і вядуць у жыта. Па дарозе раптоўна грамада «накідваецца» на русалку — кожны хоча вырваць з яе ўбору галінку ці кветку, якую пасля захоўвае як магічна-абарончы сродак увесь наступны год.
22 — 23 чэрвеня — Купалле. Кропка найвышэйшага росквіту Прыроды. Прымеркавана да летняга сонцавароту. Лічылася, што ў гэты дзень зёлкі набываюць найвялікшую моц, таму дзяўчаты на досвітку хадзілі збіраць гаючыя і цудадзейныя расліны, каб пасля мець «лекі» і «абярэгі» на цэлы год.
Аснова свята — агонь. Купальскае вогнішча шматфункцыянальнае. Праз яго скачуць тыя, хто жадае ачысціцца ад грахоў альбо сурокаў. Пары выпрабоўваюць над ім свае пачуцці і варожаць на будучы лёс: глядзяць, ці расчэпяцца рукі дзяўчыны і хлопца, калі яны разам пераскокваюць праз вогнішча. Таксама на купальскім вогнішчы прасушваюць вопратку хворых людзей, каб яны хутчэй ачунялі, грэюць ля яго слабенькіх дзетак і г. д.
У гэтую ноч і скарбы выходзяць з-пад зямлі «прасушыцца», і расцвітае чароўная папараць-кветка, а дрэвы могуць пераходзіць з месца на месца і размаўляць паміж сабой. Але гэта ноч і небяспечная, бо неверагодную сілу набываюць вядзьмаркі ды ведзьмары, і трэба быць пільным, каб не патрапіць пад іх чары. Дзеля гэтага на вокны і дзверы вывешваюць апатрапеі — абярэгі. У якасці такога абярэга можа выступаць любы колючы, рэжучы прадмет альбо калючая, пякучая расліна (крапіва, чартапалох).
Калі ж на досвітку пакупацца ў рацэ альбо пакачацца ў расе, увесь год будзеш моцны ды здаровы.
Чытайце па тэме: Малавядомыя купальскія звычаі і павер’і
26 чэрвеня — Акуліна-задзярыхвост. У гэты час з’яўляецца шмат аваднёў і каровы ад іх укусаў скачуць па выгане, задраўшы хвост. Адсюль і назва дня. На Акуліну было прынята сеяць грэчку.
29 чэрвеня (па новым стылі) — Пятрок. Завяршэнне купальскіх святаў. У гэты дзень дзяўчаты хадзілі ў лес і «развівалі» бярозкі, якія былі «завітыя» на Сёмуху. Па тым, ці засталіся звязаныя галінкі жывымі, ці засохлі, меркавалі пра лёс.
30 чэрвеня (па новым стылі) — А. Ю. Лозка ў кнізе «Беларускі народны каляндар» зазначае, што гэты дзень быў прысвечаны талацэ. Маўляў, існаваў звычай, што працаваць у сваёй хаце сёння нельга. Можна толькі дапамагаць камусьці, прычым не за грошы, а за пачастунак.
Талака — народны звычай калектыўнай дапамогі ў маштабных справах. Калі на дзень-два запрашалі сваякоў, суседзяў, знаёмых, каб зжаць збожжа, зрубіць хату, пакарчаваць лес і т. п. Таксама талаку збіралі на дапамогу ўдовам, пагарэльцам, салдаткам — як бы мы зараз назвалі «ўразлівым групам насельніцтва».
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org