Працягваем вандраваць па Магілёўшчыне. Ужо былі ў Жылічах, наведалі Быхаў, Слаўгарад ды пакаштавалі вады з Сіняга Калодзежа. Сёння пазнаёмімся з зусім не тыповым для наведвання турыстамі горадам Чэрыкаў, дзе захаваўся касцёл-кінатэатр, царква, створаная з жылога будынка ХІХ стагоддзя ды адзін з беларускіх дубоў-волатаў. Завітаем і ў старажытны Крычаў, дзе наведаем старажытнае гарадзішча, Замкавую гару, палац ХVІІІ стагоддзя ды пабачым шмат іншых цікавостак.
Панарама Крычава. Фота: planetabelarus.by
Чэрыкаў
Чэрыкаў упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1460 годзе. Вядома, што статус горада Чэрыкаў атрымаў ужо на пачатку XVII стагоддзя, а ў 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзісаў Ваза надаў гораду Магдэбургскае права і ўласны герб. Горад цярпеў у розныя часы і ад казакаў, і ад маскавітаў, а падчас Трынаццацігадовай вайны з Масковіяй, як і большасць паселішчаў на ўсходзе, быў цалкам спустошаны. Але неўзабаве аднаўляўся і існуе дасюль.
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
З эпохі велічных замкаў, палацаў ды сядзібаў у Чэрыкаве мала што ацалела. Бадай, самым старым будынкам тут з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, узведзены ў 1862–1869 гг. Першапачаткова храм быў пабудаваны ў неараманскім стылі, рысы якога можна прасачыць у будынку і зараз, калі ён моцна перароблены.
Чэрыкаў, касцёл. Фота: valatsuga.by
Бажніцу ўзвялі на месцы больш старажытнага касцёла пры кляштары кармелітаў, вядомым з 1669 года. Першапачаткова ён быў драўляным ды не вытрымаў выпрабавання часам. У 1880-я ў храме адбываўся рамонт, падчас якога ён займеў рысы неаготыкі і позняга класіцызму. Выяваў, як выглядаў храм на той час, не захавалася, але дайшло падрабязнае яго апісанне.
Чэрыкаў, апсіда касцёла. Фота: valatsuga.by
Маляўнічыя вежы бажніцы цяпер немагчыма пабачыць, бо ў 1950-я савецкая ўлада перарабіла храм пад дом культуры, і знешні выгляд касцёла, як і ўнутранае яго ўбранне, вельмі моцна пацярпелі. Пазней касцёл пачалі выкарыстоўваць як кінатэатар. Усяго 4 гады таму будынак быў вернуты вернікам, 11 жніўня 2019 года ўпершыню за доўгі час у касцёле адбылася ўрачыстая імша. На жаль, унутр касцёла ў звычайны дзень немагчыма патрапіць.
Царква Раства Божай Маці
Свята-Раства-Багародзіцкая царква месціцца ў цэнтры Чэрыкава. Бажніца выглядае вельмі незвычайна для праваслаўнай архітэктуры, бо перароблена з жылога будынка канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У 1992 годзе да яго былі дабудаваныя вежы, аздобленыя «макаўкамі» ды «цыбулінамі», уладкаваны алтар. Атрымалася вельмі цікавае і не тыповае архітэктурнае вырашэнне, якое варта пабачыць.
Чэрыкаў, царква Раства Божай Маці. Фота: valatsuga.by
У цэнтры Чэрыкава часткова захавалася местачковая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, характэрныя мураваныя камяніцы можна пабачыць у цэнтры побач з паркам. Корпус мясцовага шпіталя таксама месціцца ў гістарычным будынку.
Дуб-волат
Батанічны помнік — Чэрыкаўскі дуб-волат — месціцца побач з мясцовай дзіцячай школай мастацтваў па вуліцы Касманаўтаў. Узрост дрэва каля 150 год, вышыня — 24 метры, дыяметр кроны каля 20 метраў, а камель — 1,25 метра.
Чэрыкаўскі дуб-волат
Хоць у Беларусі ёсць і старэйшыя дубы, але Чэрыкаўскі дуб-волат асабліва ўражвае сваёй велічнасцю ды сіметрычнасцю. Увогуле Пасожжа вядомае сваімі дубравамі, аматарам прыроды варта звярнуць увагу і на батанічны помнік рэспубліканскага значэння «Вепрынская дуброва», што месціцца непадалёк, там можна пабачыць дубы, якім больш за 200 год.
Чэрыкаў, краявіды
Крычаў
Далей рушым да аднаго з самых старажытных паселішчаў у Беларусі, паводле ўзгадак у пісьмовых крыніцах. Крычаў упершыню згадваецца ў статуце вялікага князя смаленскага Расціслава Мсціславіча ў 1136 годзе як частка Смаленскага княства. Вядома, што ў 1358 годзе Крычаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. А ў 1633 годзе кароль Уладзіслаў Ваза за гераізм месцічаў у змаганні з захопніцкім маскоўскім войскам надзяліў Крычаў Магдэбургскім правам і ўласным гербам.
1 Панарама Крычава. Фота: planetabelarus.by
Гарадзішча «Гарадзец»
Храналагічна слушным будзе пачаць знаёміцца з Крычавам з аднаго з пагоркаў, адкуль адкрываецца маляўнічы краявід на горад. Гэтае месца — помнік археалогіі гарадзішча Гарадзец. Тут, паводле археалагічных даследаванняў, ужо ў жалезным веку ўзнікла ўмацаванае паселішча, якое праіснавала да IV стагоддзя і аднавілася наноў ужо ў ХІ—XІV стагоддзях, пасля чаго канчаткова перамясцілася на новы ўмацаваны дзядзінец — Замкавую гару.
Крычаў, выгляд з гарадзішча
Замчышча
Пра існаванне крычаўскіх абарончых умацаванняў вядома з XIV стагоддзя. Замак меў вялікае стратэгічнае значэнне ў войнах з Маскоўскай дзяржавай, перажыў больш за дзясятак аблог цягам XVI–XVII стагоддзяў. Падчас Трынаццацігадовай вайны замак быў зруйнаваны, але неўзабаве адноўлены нанова.
Крычаў, на гравюры 1784 г.
Крычаўскі замак у 1744 годзе штурмавалі мясцовыя сяляне падчас антыфеадальнага паўстання, якое ўзначаліў Васіль Вашчыла. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі Крычаў патрапіў у склад Расійскай імперыі, замак страціў сваё стратэгічнае значэнне. Сёння ад ранейшых абарончых умацаванняў засталося зусім не шмат, і без належнай кансервацыі нават тыя рэшткі, што засталіся, мы рызыкуем страціць.
Крычаў, рэшткі замка. Фота: wikimedia.org
Свята-Мікалеўская царква
Месціцца на тэрыторыі Крычаўскага замка. Храм узведзены ў 1838 годзе і лічыцца самым старадаўнім у Крычаве. Вядома, што храм функцыянаваў і падчас Другой сусветнай вайны, але пацярпеў ад агню і быў адноўлены ў 1950-я гады.
Свята-Мікалаеўская царква ў Крычаве. Фота: planetabelarus.by
З царквы паходзіць каштоўны старажытны абраз — узор іканапісу апошняй чвэрці XVII стагоддзя «Успенне Божай Маці», які зараз захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску. Яшчэ ў Свята-Мікалаеўскай царкве доўгі час знаходзіўся Крычаўскі звон — помнік беларускага мастацкага ліцця, дэкараваны выкшталцоным раслінным арнаментам і выявамі анёлаў, адліты ў 1748 годзе для іншай крычаўскай царквы, Параскевы Пятніцы. Зараз яго можна пабачыць у Крычаўскім краязнаўчым музеі ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх.
Крычаўскі абраз «Успенне Божай Маці»
Палац Пацёмкіна-Галынскіх
Калі Крычаў патрапіў у склад Расійскай імперыі, Кацярына ІІ з-за адмовы папярэдняга ўладальніка мясцовых земляў, дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай Ежы Мнішака прысягаць імперыі, падаравала горад свайму чарговаму фаварыту Грыгорыю Пацёмкіну. Ён у перыяд з 1778 па 1787 гг. паводле праекта архітэктара Івана Старова, аднаго з заснавальнікаў так званага рускага класіцызму, загадаў узвесці тут палац.
Палац Пацёмкіна-Галынскіх. Фота: planetabelarus.by
Невядома, ці Пацёмкін напрыканцы ХVIII стагоддзя прадаў, ці прайграў у карты, але ягоныя крычаўскія ўладанні перайшлі да мясцовага шляхціча Яна Галынскага. У 1840 годзе ў Крычаве адбыўся вялікі пажар, праз які палац моцна пацярпеў. Новыя гаспадары адбудоўвалі яго ўжо ў модным на той час псеўдагатычным стылі.
Палац Пацёмкіна-Галынскіх. Фота: planetabelarus.by
За савецкім часам будынак быў нацыяналізаваны, у ім месцілася школа, пасля інтэрнат. Паступова палац занепадаў, пакуль у 1980-я не пачалася ягоная рэстаўрацыя, якая завершылася толькі ў 2008 годзе, зараз тут месціцца краязнаўчы музей, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй Крычава, пабачыць шмат каштоўных экспанатаў.
Гарадская забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя
У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя Крычаў быў тыповым беларускім мястэчкам, дзе побач жылі праваслаўныя, каталікі, яўрэі. Вядома, апроч праваслаўных цэркваў тут былі свой касцёл і сінагога, якія не захаваліся да нашага часу. Пра яўрэйскую спадчыну зараз тут нагадваюць хіба старыя яўрэйскія могілкі. Пра некалі велічны псеўдагатычны касцёл нагадвае толькі мурал на сцяне мясцовага ваенкамата.
Крычаў, касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі 1901–1918
Схематычны малюнак крычаўскага касцёла на сцяне будынка раённага ваенкамата. Фота: wikipedia.org
З архітэктурнай спадчыны таго перыяду сёння можам пабачыць колішнюю паштовую станцыю ў неагатычным стылі, узведзеную ў 1840 годзе, Свята-Уваскрасенскую царкву, перабудаваную за Саветамі ў кінатэатар, колішнюю плябань.
Крычаў, Свята-Уваскрасенская царква. Фота: planetabelarus.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
7 прыродных цудаў Браслаўскага і Мёрскага раёнаў