Уладзімер Арлоў піша пра Чэслава Сэнюха.
Чэслаў Сэнюх
...Мы сядзелі з Чэславам у ягонай варшаўскай кватэры, і я, як зазвычай, насалоджваўся ягонай каларытнаю нязмушанай беларускай моваю. Мы падымалі келіхі за нядаўняе завяршэнне галоўнай перакладчыцкай працы гаспадара. Пераўвасабленню «Новай зямлі» для польскага чытача (натхняльнікам гэтага гераічнага чыну быў Янка Брыль) Сэнюх аддаў цэлае дзесяцігоддзе — з 1991 да 2001-га.
Ён дасціпна і хвостка апавядаў пра расейскі пераклад Сяргея Гарадзецкага, дзе знікалі нават не асобныя радкі, а цэлыя фрагменты, якія, маўляў, былі б незразумелыя тамтэйшаму чытачу. Нешта не разумеў, відаць, сам перакладчык, а нешта — ягоныя ідэалагічныя куратары. Ну як гэта просты дарэвалюцыйны беларускі ляснік мае некалькі кароў, дзве цялушкі, бычка, коней, свіней, а яшчэ й курэй з іншай дробнай «живностью»? Непарадак! Беларус ва ўяўленні «старшего брата» мусіў быць, напэўна, вечна галодным лапцюжнікам.
Чэслаў падчапіў на відэлец круглячок духмянай пханай пальцам каўбаскі і па памяці прадэкламаваў коласаўскі раздзел пра Вялікдзень:
Ляжала шынка, як кадушка, / Румяна-белая пампушка, / Чырвона зверху, сакаўная, / Між сцёган, сала і грудзінак / Красуе ўсмажаны падсвінак, / Чысцюткі, свежы і румяны, / Як бы паніч той надзіманы. / Муштарда, хрэн — адно дзяржыся, / У рот паложыш — сцеражыся! /А пірагі, як сонца, ззялі, / I ў роце бабкі раставалі...
Ён прапанаваў знайсці гэтую амаль раблезіянскую карціну ў расейскай версіі й, весела падміргнуўшы, пачаставаў яшчэ адной цытатаю:
Яичко матушка несёт...
Народжаны ў 1930-м у беларускай сялянскай сям’і ў Любчы, Чэслаў пазней, выбіраючы псеўданім, далучыць назву малой радзімы да свайго імя. Бацькі пераехалі ў знакамітае сваім замкам заходнебеларускае мястэчка ў 1920-я з Кіева. Ратаваліся ад бальшавікоў. Але калі прыйшлі першыя, перадваенныя «саветы», дзесяцігадовы Чэсік роспачна спрабаваў адбараніць татку ад узброеных людзей, якія называлі Сэнюха-старэйшага «врагом народа», а малодшага — «гадёнышем».
Бацька памёр у турэмным лагеры пад Навасібірскам, а маці з сынам пераехалі па вайне ў Польшчу. Там Чэслаў скончыў філалогію ў Варшаўскім універсітэце.
Ён дасканала валодаў некалькімі славянскімі мовамі, але самай важнай у перакладчыцкай дзейнасці лічыў беларускую. Дзякуючы Сэнюху да палякаў прыйшлі Караткевічаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і Быкаўская «Аблава», «Споведзь» Ларысы Геніюш, паэмы і вершы Янкі Купалы, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева... Дзякуючы Сэнюху загаварыла па-польску «Беларуска» таямнічай Марты Піньскай — таленавітая містыфікацыя пачатку ХХІ стагоддзя. Менавіта ён першым пераклаў на польскую маё эсэ «Незалежнасць — гэта..» З канца 1980-х Чэслаў са старонак прэсы ў Польшчы і Беларусі звяртаўся да чытачоў і як публіцыст, нязменна праводзячы думку, што дзьве паяднаныя гістарычным лёсам краіны непазбежна сустрэнуцца ў агульнаеўрапейскай будучыні.
Калі мы адзначалі 80-годдзе Акту 25 сакавіка, Сэнюх апублікаваў заяву з просьбаю лічыць яго грамадзянінам БНР.
Ён марыў убачыць адрэстаўраваным Любчанскі замак.
Чэслаў Сэнюх памёр 8-га кастрычніка ў Варшаве на 92-м годзе жыцця.