Штогод 1 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. З гэтай нагоды «Будзьма!» падрыхтавала беларускую падборку для дзяцей і іх бацькоў, якая будзе асабліва актуальная ва ўмовах самаізаляцыі.
Гульні
У крамах беларускай прадукцыі (большасць з якіх прапануюць паслугу пакупак анлайн) можна знайсці вялікую колькасць гульняў і забавак на любы густ і ўзрост. Так, крама «Мой модны кут» прапануе вельмі цікавыя драўляныя канструктары, сярод якіх зубр, круцёлка для рук і нават БелАЗ.
Праект belzamki.by спецыялізуецца на папулярызацыі гістарычных ведаў пра Беларусь праз адмысловыя архітэктурныя папяровыя мадэлі. На сайце праекта можна набыць папяровыя наборы беларускіх замкаў, культавых пабудоваў ды шмат якіх іншых.
Для аматараў настолак, каманда згуртавання «А-чатыры», прапануе вялікі выбар дзіцячых гульняў, сярод якіх: «Дойліды» і «Вежа» — беларускі аналаг замежнай гульні «Джэнгл»; серыя гульняў «Мова», якая дапамагае пазнаёміць дзетак з беларускімі літарамі і словамі; «Гаспадар цмокаў» — варыянт традыцыйнай настолкі з карткамі і жэтонамі для дзетак ад 5 гадоў.
Таксама ў якасці бонусу варта адзначыць ініцыятыву тэлеканала «Белсат», што апошнім часам паспеў выпусціць 2 серыі размалёвак, якія можна знайсці і запампаваць з сайта.
Глядзіце таксама: Пра каранавірус для дзетак: проста і з малюнкамі
Кнігі
Штогод з’яўляецца ўсё больш якасных беларускіх кніг. Асабліва актыўна апошнім часам выдаюцца і пераклады папулярных замежных аўтараў.
Карла Калодзі «Прыгоды Пінокіа». Пераклад адной з самых вядомых дзіцячых кніг і, як пазіцыянуе выдавецтва «Галіяфы», першае папяровае выданне на беларускай мове.
Пэтсан і Фіндус Свэна Нурдквіста. Выдавецтва «Кнігазбор» выпусціла кнігі вядомай шведскай серыі пра Пэтсана. Сюжэт распавядае пра прыгоды мужчыны і яго ката Фіндуса, якія жывуць у глыбінцы і трапляюць у розныя нечаканыя сітуацыі.
Але калі казаць пра шведскіх аўтараў, сярод якіх шмат сусветна вядомых дзіцячых пісьменнікаў, варта наведаць старонку выдавецтва Koska, якое спецыялізуецца на перакладзе шведскай дзіцячай літаратуры на беларускую.
А сярод беларускіх навінак можна адзначыць выдатную кнігу «Вядзьмар, які рабіўся ваўком: беларускія чарадзейныя казкі» — беларускія казкі і паданні ў апрацоўцы Антона Брыля, а таксама «Малочны кактэйль для Вужынага Караля, альбо Калякамп’ютарная казка» Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага і «Кніга здольных» Святланы Аўдзейчык.
Мульцікі
На сайце бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова» ёсць адмысловая рубрыка з добрай падборкай мульцікаў для дзетак па-беларуску, сярод якіх можна знайсці і варыянты для самых маленькіх.
Студыя «Беларусьфільм» прапануе вялікую калекцыю мульцікаў, як новых, так і 70-х — 80-х гадоў, на адным са сваіх youtube-каналаў, у тым ліку на беларускай мове. Сярод іх — пра прыгоды Несцеркі («Як Несцерка пярсцёнак шукаў», «Як Несцерка на кірмаш збіраўся» і інш.), «Якія сны сніць мядзведзь», «Вясёлыя літары», «Беларускія прымаўкі».
Акрамя таго, за апошнія гады з’явіўся шэраг адаптацый замежных мультфільмаў на беларускую мову, сярод якіх анімацыйны серыял «Свінка Пэпа» (праект «Кінаконг»). Вялікая праца па перакладзе была зробленая праектам «Гаварун», на youtube-канале якога можна паглядзець па-беларуску мультфільмы «Мікі Маўс», «Хамф», «Папірус» ды іншыя.
Безумоўна, гэта няпоўная падборка. Таму, калі вы не захочаце абмяжоўвацца вышэйзгаданамі актыўнасцямі, можна знайсці значна больш інтэрактыўных беларускіх матэрыялаў і гульняў для сваіх дзетак на адпаведных рэсурсах.
Кірыл Стаселька, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!