Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Прапануем наступны маршрут: Дзісна — Дарожкавічы — Галомысла — Язна — Мёры — Лявонпаль — Вята — Пруднікі — Ідолта — Дзедзіна — Ніўнікі — Пераброддзе — Камянполле — Кублішчына — Новы Пагост — Стэфанова — Ельня — Балота Мох. Сёння нас чакае сядзібна-паркавы ансабль Мірскіх у Камянполлі, дзеючы драўляны стараверскі храм пачатку мінулага стагоддзя ў вёсцы Кублішчына і драўляны касцёл у вёсцы Новы Пагост — помнік культавай архітэктуры, які захаваўся да нашых дзён ажно з XVIII стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Камянполле
Першым прыпынкам нашай сённяшняй вандроўкі па Мёршчыне раім зрабіць вёску Камянполле, каб пабачыць колішнюю сядзібу Мірскіх і рэшткі палацава-паркавага ансамблю другой паловы ХІХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Упершыню Камянполле ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у пачатку XVII стагоддзя як частка маёнтка Мёры, якая належала роду Рылаў. У 1640 годзе Крыштаф і Алена Рылы прадалі маёнтак Себасцьяну Святаполк-Мірскаму, які ў 1641 годзе заклаў тут першы драўляны касцёл. З гэтага часу і ажно да 1939 года, па прыйсце савецкай улады, Мірскія гаспадаралі ў Камянполлі. У XVIII стагоддзі маёнткам валодаў браслаўскі лоўчы Ян Станіслаў Святаполк-Мірскі, які і заснаваў «камянпольскую лінію» Святаполк-Мірскіх. Апошнім гаспадаром Камянполля быў далёкі прапраўнук Яна Станіслава Святаполк-Мірскага Віслаў Святаполк-Мірскі.
Сядзібны дом, які варта наведаць у Камянполлі, пабудаваны ў 1873 годзе ў паўднёвай частцы парку. Будынак быў моцна перароблены ў 1970-х гадах. Першапачаткова сядзіба ўяўляла сабой аднапавярховы прамавугольны драўляны будынак, накрыты двухсхільным дахам з мансардай у цэнтры. З цікавостак інтэр’еру ў садзібе захаваліся дзве кафляныя грубкі ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызм, аздобленыя барэльефнымі медальёнамі. Вядома, што пры сядзібе была сямейная бібліятэка з вялікай колькасцю ўнікальных выданняў ды партрэтная галерэя.
Фота: fotobel.by
За савецкім часам маёнтак ператварылі ў калгас з усімі гаспадарчымі пабудовамі, а ў памяшканнях колішняга палаца фунцыянавала мясцовая школа. У 1970-я гады будынак сядзібы быў абкладзены белай цэглай, зменена ўнутраная планіроўка, з’явіліся дадатковыя дзверы, што прывяло да страты аўтэнтычных рысаў. З 2000-х гадоў будынак паступова занепадае.
Фота: fotobel.by
Фота: planetabelarus.by
Нават пасля Другой сусветнай вайны колішні сядзібны комплекс налічваў больш за дзесяць адметных гаспадарчых пабудоў: двухпавярховую лядоўню, драўляную капліцу XVIII стагоддзя ўзвядзення — помнік народнага дойлідства, стайню ў стылі мадэрн з рысамі неаготыкі 1907 года пабудовы, ад якой сёння можам пабачыць толькі крушні. Яна была знесена апошняй у 2019 годзе. Захаваліся рэшткі пейзажнага парку, прысады дубоў, здзічэлы пладовы сад. Тут жа можна пабачыць рэшткі воднай сістэмы са штучнай сажалкай у цэнтры і шэрагам маляўнічых каналаў ад яе.
Камянполле, да 1939
Фота: wikimedia.org
Камянполле, лядоўня, да 1939
Камянполле, капліца, да 1939
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка пятая
Кублішчына
Далей прапануем завітаць у вёску Кублішчына, першыя ўзгадкі пра якую ў пісьмовых крыніцах датуюцца 1826 годам. Тут варта пабачыць стараверскую драўляную царкву, пабудаваную на пачатку мінулага стагоддзя, і адзін з найбольшых валуноў у Мёрскім раёне.
Фота: planetabelarus.by
Першая стараверская царква Святой Тройцы ў Кублішчыне была пабудавана ў 1887 годзе з дрэва і праз тое не аднаразова цярпела ад пажараў. Помнік народнага дойлідства, які можам пабачыць сёння, быў узведзены ў 1905 годзе на месцы папярэдняга храма, дзякуючы ахвяраванням мясцовых вернікаў. Апошні пажар пашкодзіў царкву ў 1999 годзе, пасля чаго яе зноў аднавілі. Ля царквы захавалася аўтэнтычная цагляная брама ХІХ стагоддзя.
Фота: wikimedia.org
Вядома пра існаванне ў вёсцы стараверскага малітоўнага дома, і значна раней за з’яўленне тут Свята-Троіцкай царквы, у 1839 годзе. Аднак на стараверскіх могілках ёсць надмагілле, якое датуецца 1803 годам, праз што можна меркаваць, што ўжо ў першай палове ХІХ стагоддзя ў Кублішчыне знайшла прытулак адна з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі стараверскаіх абшчынаў.
Фота: fotobel.by
У інтэр’еры царквы варта звярнуць увагу на іконы, напісанне якіх датуецца ХІХ стагоддзем: «Троіца Новазапаветная», «Пакроў Багародзіцы», «Апостал Анціп», «Святы Мікалай», «Аплакванне Хрыста».
Фота: fotobel.by
Яшчэ адна адметнасць Кублішчыны — вялікі камень, што месціцца недалёка ад вёскі. Валун цэглападобнай формы быў пакінуты тут ледавіком са Скандынавіі. Бачная частка каменя мае даўжыню каля чатырох метраў, шырыню — два з паловай метры, вышыню каля метра. Валун каля вёскі Кублішчына з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння.
Фота: mijory.by
Новы Пагост
Далей прапануем рушыць у вёску Новы Пагост Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Тут варта звярнуць увагу на каталіцкі і праваслаўны храмы, першы з якіх быў узведзены ажно ў другой палове XVIII стагоддзя і захаваўся да нашых дзён.
Фота: planetabelarus.by
Упершыню Новы Пагост узгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад назвай Пагост у 1498 годзе, калі вялікі князь Аляксандр перадаў яго пісару Івашку Сапегу, а ў 1500 годзе — немцу Клоту. У 1566 годзе князь Жыгімонт Аўгуст перадаў двор Пагост і пагосцкую воласць ваяводу рускаму Мікалаю Сіняўскаму. З 1593 года Пагост значыцца як мястэчка, якое належала Льву Сапегу, на сродкі якога тут быў збудаваны першы касцёл, які быў спалены масцоўскім войскам. У 1775 годзе ў Пагосце была збудавана і грэка-каталіцкая царква. З 1797 года тут гаспадараў род Юндзілаў і асабіста падкаморы гарадзенскі Францішак Юндзіл.
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка чацвёртая
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Да Юндзілаў пару дзясяткаў год Пагост належаў Станіславу Бужынскаму, па фундацыі якога ў 1766 годзе тут быў узведзены драўляны касцёл Святой Тройцы — помнік народнага дойлідства, які мы можам пабачыць і сёння ў вёсцы Новы Пагост. Святатроіцкі касцёл — адзін з самых старажытных культавых будынкаў у Мёрскім раёне.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя касцёл патрабаваў рамонту і імкліва разбураўся, у 1859 годзе з дапамогай святара Яна Шырына і мясцовых парафіянаў храм быў адноўлены і пашыраны.
Фота: planetabelarus.by
У 1949 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі, спачатку ў ім было збожжасховішча, пасля спартовая заля. Будынак быў вернуты вернікам толькі ў 1990 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Грэка-каталіцкая царква была ліквідавана ў Новым Пагосце ў 1839 годзе. Усіх уніятаў перахрысцілі ў праваслаўныя. А ў 1878 годзе па тыповым праекце, распрацаваным з мэтай наблізіць беларускую праваслаўную архітэктурную традыцыю да расійскай пасля Студзеньскага паўтання, тут была збудаваная праваслаўная царква, так званая мураўёўка, асвечаная ў гонар Мікалая Цудатворца.
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Лунінецкім раёне. Частка трэцяя
Фота: planetabelarus.by
У скляпенным памяшканні малітоўнай залі варта звярнуць увагу на драўляную скульптуру «Укрыжаванне» XVII — XVIII стагоддзяў, абразы ХІХ стагоддзя «Маці Божая Адзігітрыя», «Забойства Яна», «Арханёл Гаўрыіл», «Арханёл Міхаіл».
Фота: planetabelarus.by
Пагост падзяліўся на Новы Пагост і Стары Пагост у 1818 годзе. Вельмі шмат цікавостак пра Пагост са словаў пагашчанаў запісаў Вацлаў Ластоўскі, дзяцінства якога прайшло непасрэдна ў Новым Пагосце. Легенду пра ўзнікненне паселішча на месцы горада Пагоцк, які сышоў пад ваду, можна прачытаць ва «Успамінах» 1925 г.
Вядома, што і вядомы беларускі дырыжор, стваральнік знакамітага хору ў 1939 годзе, збіральнік беларускага фальклору, песняў Генадзь Цітовіч нарадзіўся ў Новым Пагосце. Ён выхоўваўся ў сям’і настаўнікаў, скончыў тут школу і паехаў вучыцца ў Вільню. Ён паступіў у семінарыю на святара, пасля на матэматыка, але знайшоў сябе ў кансерваторыі ды прысвяціў сваё жыццё музыцы.
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ