Працягваем вандроўкі разам з «Будзьма!» па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Гэтым разам прапануем скіравацца на Палессе, у Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці па маршруце Лунін — Палескі — Лунінец — Язвінкі — Кажан-Гарадок — Сінкевічы — гранітны кар’ер Мікашэвічы — Вялікія Чучавічы — Бастынь — возера Белае. Дзе спыніцца, падсілкавацца і што паглядзець у самім раённым цэнтры Лунінцы і па правы бок ракі Прыпяць у Лунінецкім раёне, скарыстаўшыся паромнай пераправай, распавядалі раней у вандроўцы па Палессі. Сёння спынімся ў трох цікавых паселішчах: Лунін, Палескі ды Язвінкі. Тут нас чакае шмат архітэктурных, гістарычных помнікаў, якія захаваліся да нашых дзён, і тых, што засталіся толькі ў памяці, пісьмовых крыніцах ці на выявах з далёкай мінуўшчыны.
Фота: planetabelarus.by
Лунін
Першым прыпынкам зробім вёску Лунін Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Упершыню Лунін узгадваецца ў 1440 годзе, калі Жыгімонт Кейстутавіч падараваў Лунін Мікалаю Неміровічу і ягонай маці Ганне, удаве знакамітага канюшага Вялікага князя Вітаўта Яна Няміры. Пасля Неміровічаў у Луніне гаспадарылі Давойны, Радзівілы.
Фота: radzima.net
А ў сярэдзіне XVII стагоддзя маёнтак перайшоў да Мікалая Друцкага-Любецкага, роду якога і належаў на працягу ажно трохсот наступных гадоў. Найбольшага росквіту Лунін дасягнуў за прапраўнукам Мікалая, кашталянам пінскім Францішкам Друцкім-Любецкім, які памёр у 1806 годзе. Апошнім уладальнікам Луніна быў Францішак Мар’ян Друцкі-Любецкі, сенатар ІІ Рэчы Паспалітай у 1925–1935 гг., які загінуў падчас Варшаўскага паўстання ў 1944 годзе.
Фота: wikimedia.org Магіла Францішка Друцкага-Любецкага ў Варшаве
Друцкімі-Любецкімі ў Луніне ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя быў узведзены мураваны палац у стылі класіцызм. Палац цалкам згарэў разам з бібліятэкай і калекцыяй родавых рэліквіяў у 1918 годзе, і яго пазней ужо больш не адбудоўвалі. Сёння ад усяго палацава-паркавага ансамблю засталіся толькі рэшткі парку. Пасля Першай сусветнай апошні ўладальнік Луніна вымушаны быў перанесці сваю рэзідэнцыю ў суседнюю вёску Крысцінава (цяпер пасёлак Палескі), які прапануем наведаць пасля Луніна.
Палац Друцкіх-Любецкіх, 1907
Цікавы факт, што вядомы мастак свайго часу Міхал Кулеша быў настаўнікам малявання княскіх дзяцей пры сядзібе Друцкіх-Любецкіх. Менавіта дзякуючы Гераніму Друцкаму-Любецкаму Міхала Кулешу вызвалілі з вязніцы, дзе ён знаходзіўся з 1823 года па справе Таварыства філарэтаў, да сяброў якога належаў мастак падчас навучання ў Віленскім універсітэце.
Міхал Кулеша
Міхал Кулеша падарожнічаў па колішніх землях старадаўняй Літвы, замалёўваў пейзажы, эцюды мясцінаў. У тым ліку яго руцэ належыць адна з нешматлікіх выяваў роднай сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне, паводле якой будынак аднаўляўся ў 2004 годзе.
У 1749 годзе полацкі кашталян Валяр’ян Жаба заснаваў у Луніне мураваны касцёл ордэна піяраў. Піяры былі першым ордэнам, які займаўся пытаннямі адукацыі пасля скасавання Папай Рымскім ордэна езуітаў у 1773 годзе. Меркавана, касцёл быў вельмі падобны да касцёла ў Лужках Шаркаўшчынскага раёна, які фундаваў у 1744 годзе той жа Валяр’ян Жаба, які ўсяляк спрыяў дзейнасці ордэна піяраў.
Лёс касцёла піяраў у Луніне невядомы, але вядома, што ўжо ў 1794 годзе пачалося будаўніцтва іншага, бенедыктынскага касцёла, фундаванага новым гаспадаром Луніна Францішкам Друцкім-Любецкім. Але пасля вызвольнага паўстання 1863–1864 гг. ён быў зачынены. Толькі ў 1935 годзе за польскім часам набажэнствы ў касцёле былі адноўлены. Але праз 4 гады, калі да ўлады прыйшлі Саветы, касцёл зноў быў зачынены ды абрабаваны.
Касцёл Перамянення Пана, Лунін, 1935–1939
Пасля Другой сусветнай вайны будынак касцёла выкарыстоўваўся як клуб, спартовая заля, пазней у якасці зернясховішча. У 1960-х сцены касцёла былі разабраныя, а падмуркі засыпаныя будаўнічым смеццем. Цяпер на месцы будынка можна пабачыць толькі насып.
Фота: history-belarus.by
Графiчная рэканструкцыя касцёла Перамянення Пана. Выгляд станам на 1935 г. 3D-мадэль by А. Nеvar
У паўночнай часцы вёскі Лунін Геранім Друцкі-Любецкі ў 1824 годзе пабудаваў драўляную царкву. Гэты будынак у Луніне можна пабачыць і сёння. Праваслаўная царква Св. Барыса і Глеба да 1990-х гадоў была моцна разбурана і істотна перабудавана. Барысаглебская царква ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як помнік народнага дойлідства з рысамі класіцызму.
Фота: planetabelarus.by
Фота: wikimedia.org
Палескі
Далей прапануем рушыць у пасёлак Палескі, які да 1964 года называўся Хрысцінава. Хрысцінава ўпершыню ўзгадваецца ў ХV стагоддзі як прадмесце Луніна. Напрыканцы XVIІ стагоддзя фальварак Хрысцінава перайшоў ва ўласнасць Друцкіх-Любецкіх і належаў гэтаму роду ажно да Другой сусветнай вайны.
У гады Першай сусветнай вайны сядзіба Друцкіх-Любецкіх у Луніне была амаль цалкам зруйнавана. Пасля вайны апошні ўладальнік Хрысцінава Францішак Друцкі-Любецкі перанес у Хрысцінава сваю галоўную рэзідэнцыю ды збудаваў пад патрэбы сям’і невялікую драўляную сядзібу, якая да нашых дзён, на жаль, не захавалася.
Адзіны будынак ацалелы з усяго сядзібнага комплексу Друцкіх-Любецкіх у Хрысцінава — гэта, як сведчыць шыльда на ім, будынак былой лазні, узведзены ці то ў 1880-х гадах, ці ў 1905-х. Па іншых звестках — гэта будынак колішняй вінакурні Друцкіх-Любецкіх. Так ці інакш, калі вам будзе па дарозе, будынак цікавы і варты таго, каб яго пабачыць, ён таксама ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Язвінкі
Далей прапануем прыпыніцца ў вёсцы Язвінкі. Упершыню паселішча ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1613 годзе як паселішча ва ўласнасці падскарбія ВКЛ Мікалая Кішкі. Найбольшага развіцця Язвінкі дасягнулі за іншымі гаспадарамі, знакамітым шляхецкім родам Шчыт-Неміровічаў гербу «Ястрабец».
Герб Кшыштафа Неміровіча-Шчыта, 1693 г.
Напачатку XVIII стагоддзя Язвінкамі валодаў Кшыштаф Шчыт-Неміровіч. Першы храм у Язвінках фундавалі ягоныя сваякі Ян Шчыт-Неміровіч і ягоная жонка Людвіга. Першая драўляная царква ў вёсцы Язвінкі была пабудавана ў 1759 годзе як грэка-каталіцкая. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе ды Студзеньскага паўстання расійскія ўлады аддалі царкву праваслаўным вернікам.
Фота: fotobel.by
Вядома, што першую язвінскую царкву разабралі ў 1909 годзе «з-за старасці». А ўжо праз год, у 1910 годзе, на ахвяраванні парафіянаў была пабудавана новая царква па праекце мінскага архітэктара Віктара Струева. Цікавы факт, што іканастас для храма набывалі ў Кіева-Пячэрскай Лаўры. Набажэнствы ў Спаса-Праабражэнскай царкве праводзяцца і сёння. Царква ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як помнік народнага дойлідства.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Вандруйце разам з «Будзьма!».
Працяг будзе. ПЖ