Чаму пра Каліноўскага ўзгадалі толькі ў 1920-х? Навошта лідару паўстанцаў было «ваяваць» з магнатамі Велькапольскімі? Як хадэкі і камуністы з КПЗБ «дзялілі» Каліноўскага? Да чаго тут Максім Танк, Мікалай Дворнікаў і … прывід вялікай вайны?
Кастусь Каліноўскі. Фота з адкрытых крыніцаў
Каліноўскі — асоба з тысячай абліччаў, як і належыць культавай фігуры. Калі ўжо не разумееш, дзе сканчаецца праўда, а пачынаецца легенда. Праз некалькі артыкулаў паспрабуем паказаць, як развіваўся вобраз Каліноўскага менавіта ў левым — «чырвоным» — дыскурсе. Хто выкарыстоўваў яго імя, калі і навошта?
Пачатак. Каліноўскі, якога няма
Ад гібелі «дыктатара Літвы» да пачатку фармавання беларускага нацыянальнага руху — «нашаніўскіх часоў» — прайшло больш за 40 год. На пачатку ХХ стагоддзя Каліноўскага не ўзгадвалі зусім. Нават у «Кароткай гісторыі Беларусі» Ластоўскага для Каліноўскага не знайшлося месца. На паштоўках таварыства «Загляне сонца…» ёсць партрэты Багушэвіча і Лучыны, але няма Каліноўскага. Гэта зразумела для мірных часоў: стаўка на асветніцкую працу, працэс «культурніцкага накаплення», які, зрэшты, так і не быў скончаны.
Усё змяніў шэраг катаклізмаў, запушчаных Першай сусветнай: грамадзянская, савецка-польская вайна, Рыжскі мір… Адной асветай ужо не абыдзешся. Калі стала ясна, што за беларускую справу трэба змагацца палітычным і збройным шляхам, паўстала патрэба ў героях. Хто? Каліноўскі.
Каліноўскі на эскізе савецкага мастака Міхася Філіповіча, аднаго з першых, хто пачаў пісаць беларускую гісторыю
БССР: «Вольная Беларусь працоўных, рабочых і сялян!»
Вось цытата з артыкула Івана Трызны (Цвікевіча), надрукаванага ў 1922-м: «Ён [Каліноўскі] быў першым беларусам, каторы зразумеў, што нашы ўсходнія і заходнія суседзі (…) нізашто і ніколі дабравольна не вызнаюць права беларускага народу распараджацца ўласным сваім лёсам… Каліноўскі першы заявіў, што калі народ хоча быць вольным — ён павінен заваяваць гэту волю».
Так Каліноўскі ўпершыню ўводзіцца ў ролю агульнанацыянальнага сімвала. Але гераічныя рысы штораз прыстасоўваюцца пад патрэбы бягучага моманту. У Савецкай Беларусі 20-х важную ролю адыграла драма Еўсцігнея Міровіча «Кастусь Каліноўскі», якая ішла на сцэне БДТ-1 больш за пяць гадоў.
Менавіта паводле гэтай п’есы быў зняты кінафільм «Кастусь Каліноўскі», упершыню паказаны ў жніўні 1928-га. Герой у фільме змагаецца ў роўнай ступені з царскімі жандарамі ды польскімі панамі. Антыгероі — не толькі Мураўёў, але і магнаты Велькапольскія (увага на прозвішча!). Каліноўскі з-пад шыбеніцы кажа: «Чуеш, Беларусь! Веру — будзе вольная Беларусь працоўных, рабочых і сялян!». «Чуем!» — гучыць адказ дагэтуль маўклівага народа.
Артыкул пра першы беларускі мастацкі фільм пра Кастуся Каліноўскага. 1927 г.
Згодна з патрэбамі часу, Каліноўскага «прызначаюць» сімвалам народнага гневу і хуткай расправы над «ненавіснай панскай Польшчай», якая паняволіла заходніх беларусаў. Вось фрагмент верша Алеся Дудара 1925 года з непрыхаваным заклікам да вызвалення Заходняй Беларусі:
Не сягоння было і не ўчора,
Бо сягоння загоены раны.
Ты не плач, Наваградскае ўзгор’е,
не журыся тугой саматканай:
кінуў дзень залатыя кроплі
над заводам, над полем, над лугам...
Кастуся Каліноўскага покліч
сёння зноў — ад Вяллі да Буга.
Выйдуць войска сярмяжнага ўзводы,
выйдуць важыць жыццё і смерць...
Дык гучней гудзіце, заводы,
Каб нудою жыцця не мераць...
Але хутка надышлі іншыя часы. На хвалі барацьбы з «нацдэмамі» ў 1929–1931 гадах ранейшае ўзвялічванне Каліноўскага было ацэненае як «нацыяналістычная фальсіфікацыя беларускай гісторыі». Гучыць смешна, бо калі фальсіфікацыя (мастацкая) — то акурат сацыялістычная. Так ці інакш, пра Каліноўскага трэба было забыцца… Але было на свеце яшчэ адно месца, дзе беларусы працягвалі барацьбу — Заходняя Беларусь.
Заходняя Беларусь: «Трэба адбіць яго ў хадэкаў!»
Нацыянальны рух у Заходняй Беларусі быў прадстаўлены рознымі плынямі і партыямі: ад камуністаў да хадэкаў. Каліноўскага любілі ўсе. Некалькі працаў яму прысвяціў Адам Станкевіч, адзін з лідараў хрысціянскай дэмакратыі. Гэта быў той рэдкі выпадак, калі пра Каліноўскага, які сам пісаў на лацінцы, таксама пісалі на беларускай лацінцы. У 1933-м беларускія хадэкі ўрачыста адзначылі юбілейныя даты, звязаныя з героем.
Рэфэрат Адама Станкевіча «Кастусь Каліноўскі, Мужыцкая праўда»
Але на сапраўдны ідэйна-паэтычны п’едэстал Каліноўскага паставілі заходнебеларускія камуністы. Чаму? Усё проста. Камуністы былі найбліжэй, у літаральным сэнсе, да віленскіх Лукішак.
Вось дыялог паміж Максімам Танкам і сакратаром ЦК камсамолу Заходняй Беларусі Мікалаем Дворнікавым, які адбыўся на віленскім бруку летам 1936-га. Яго Танк занатаваў у сваіх «Лістках календара»: «Неспадзявана ён [Дворнікаў] запытаўся, што я ведаю пра Каліноўскага.
— Пацікаўся больш гэтым героем, — параіў мне. — Трэба адбіць яго ў хадэкаў. Каліноўскі — ня іх сьвяты, і дарма яны лезуць да яго ў сваякі».
Словы сябра шчыра здзівілі паэта: «Няўжо ж ён не чытаў разгромных артыкулаў пра паўстанне 1863 году, пра Каліноўскага, якія друкаваліся ў Менску?». Але барацьба была тут і зараз, а ідэалагічныя клішэ — там, у БССР. Моладзі былі патрэбныя героі-сімвалы, Каліноўскі падыходзіў выдатна. Менавіта таму галоўны герой «Песні пра сухар» Валянціна Таўлая камуніст Паўлюк параўноўваецца з Каліноўскім-Світкай, які хоча разлічыцца з «белымі», якія здрадзілі паўстанню і заселі ў Бельведэры.
Максім Танк у 1930-х
На раздарожжы: «Гаворыць з ветрам Каліноўскі»
20 ліпеня 1936 г. Мікалай Дворнікаў і Максім Танк сустрэліся ў апошні раз. Настрой у абодвух быў змрочны. У Польшчы шалелі рэпрэсіі, ды і ў СССР, хлопцы здагадваліся, усё было не соладка. А за некалькі дзён да таго пачаўся мяцеж генерада Франка супраць рэспубліканскага ўраду і Гішпаніі, які перарос у Грамадзянскую вайну… Надыходзіла бура.
Дворнікаў падарыў Танку чарнільнаяе пяро нямецкай фірмы «Пелікан», узяўшы з маладога паэта абяцанне напісаць паэму пра Каліноўскага. Танк паабяцаў, і хлопцы паціснулі адзін аднаму рукі. У апошні раз паэт заставаўся ў Вільні. Блукаючы пад дажджом, ён узгадваў пра сваіх памерлых і зняволеных сяброў, праводзячы наўпроставую паралель паміж КПЗБ-оўцамі і паўстанцамі Каліноўскага.
Гараць агні ў вялікіх вокнах,
І крык газетчыкаў, рэкламы,
Ды на вясеннім бруку мокнуць
Ад ліхтароў жывыя плямы.
А на пліце цяжкой, бетоннай
Дождж граззю прозвішчы заплёскаў, —
Баладу віселіц сцюдзёных
Гаворыць з ветрам Каліноўскі.
Мо расказаць табе пра нашы
Пра барыкады і удары?
Пра тых байцоў, што палі ў маршы,
Мо расказаць табе, таварыш?
Мо расказаць табе пра заўтра,
Пра песні-сны, што ў нашых казках?..
Цішэй, ідзе бульварам варта,
І блудзіць дождж па бруку гразкім,
А дрэвы нешта мне гавораць...
Увесь пакрыт я мокрым снегам...
Ну дзе ж сягоння, родны горад,
Мяне прытуліш без начлегу?
Праз Прагу і іншыя еўрапейскія сталіцы Дворнікаў прабіраўся на Захад. Пра што ён думаў у гэтым падарожжы? Ці шукаў паралелі паміж сваёй справай і справай «Яські, Гаспадара з-пад Вільні»?... Фінальным пунктам была Гішпанія.
Канец 1-й часткі
Працяг будзе
Сяргей Васковы, Алесь Кіркевіч, budzma.org
У калажы ў шапцы артыкула выкарыстана карціна Сняжаны Віцецкай