Cяргей Філімонаў, вядомы аўтар тэлепраграмаў, дзеліцца з чытачамі парталу budzma.org сваім поглядам на свежую бандыяну. Прыемнага прагляду пасля прачытання!
Што скажуць аматары салодкіх пончыкаў, калі іх прымусіць сілкавацца салёнымі агуркамі? Не, не трэба ўяўляць нічога такога… Агуркі — крамяныя, хрусткія, нават, салёныя ў меру. Але ж яны не пончыкі! І несалодкія! Можна выдумляць сотні такіх параўнанняў, якія будуць грунтавацца на супрацьстаўленнях, сутнасць не зменіцца. Проста як у Савецкім Саюзе: ідзеш у гастраном па зялёны гарошак, а замест яго — бах: іншы дэфіцыт у наяўнасці, які-небудзь афрыканскі сок манга (гарошку няма і не чакаецца!). Ці спяшаешся у пякарню па хлеб, а табе — трах — у краме побач “фірмовыя” чаравікі “выкінулі” (іншых варыянтаў купіць чаравікі можа і не быць). Ну, нешта такое. Маладое пакаленне, можа, не зразумее гэтых параўнанняў. Але ж яно і з бондаўскімі традыцыямі незнаёмае.
Добра. А што такое ўвогуле гэтыя традыцыі? Асабіста для мяне (магчыма, як і для многіх іншых “старых” аматараў) бандыяна — гэта найперш каскад трапных жартаў салоннага кшталту. А яшчэ фацэтныя самачынныя прыгоды галоўнага героя (вынік прадказальны, але захапляе сам працэс), фешэнебельны фон, асаблівы стыль, свежыя моды, бліскучыя прыгажуні, крыху злосны ды жахлівы, але падкрэслена дуркаваты антыгерой (ягоныя планы знішчэння Зямлі ніхто ні на хвіліну не ўспрымае сур’ёзна). Так, акрабатычныя ды іншыя цыркавыя здольнасці прадстаўніка сусветнага зла здольныя зачараваць, але ж гэта з мэтай проста пацешыцца пасля таго, як усё скончыцца. 007 яшчэ больш шпаркі і мае торбу з фантастычнымі “гаджэтамі”. Навошта напружвацца? Пара эфектных па, пара трапных жарцікаў плюс трохі фізічных намаганняў (пра гаджэты памятаем).
Прагляд чарговай серый прыгодаў 007 — гэта прыемны вечар ненавязлівых і дасціпных пераплётаў з удзелам героя, выключна прыгожая карцінка плюс лёгкая недуркаватая камедыя. РАСКАЗВАЮ ПРА ГЭТА ТАК ДОЎГА ДЫ НУДНА ТАМУ, ШТО Ў НОВЫМ ФІЛЬМЕ НІЧОГА ПАДОБНАГА ВЫ НЕ ЎБАЧЫЦЕ! Агурок хрусткі, якасны на першы ўкус, але ж НЕ ПОНЧЫК! З гарэлкай — трапна! З гарбатай — не. Падрабязней? Пачатак “Каардынатаў” заварожвае. Пагоня, каскад трукаў, усё як звычайна, але раптам высвятляецца, што мэта — недасягальная, а герой… загінуў? Не? Але ж глядач не дурань, ён ведае, што нічога дрэннага з 007 не можа здарыцца.
І такое чаканне апраўдваецца толькі напалову. А чым далей — тым свяжэй! Трапныя жарты з разраду “жвавых” паступова ператвараюцца ў зласлівы сарказм. Антыгерой пачынае надакучліва прыпадабняцца да доктара Ганібала Лектара з “Маўчання ягнятак”. Спадзяванні пазабаўляцца, убачыць прыгожыя краявіды ды неверагодныя трукі развейваюцца канчаткова. Іх літаральна падмяняе “ацкі отжыг”(с). Цьмяна-чырвоная з барвовым афарбоўка фінальных сцэн відовішча лямантуе з экрану: тут — ПЕКЛА! Прычым усміхацца тут не да месца! Расказаць вам пра сюжэт? Лёгка. Але ж тады глядзець будзе нецікава. Паспрачацца пра якасць фільма? Пра рэжысуру, акторскую ігру і гэтак далей? Можна. Акурат тут думкі разыдуцца грунтоўна. Адны скажуць: выбітная акторская ігра! Іншыя запярэчаць: добрыя акторы, але яны проста пераймаюць даўно вядомыя вобразы з іншых “саспенсаў”. Першыя скажуць: якая рэжысура, адна з найбольш моцных ва ўсёй бандыяне! Другія запярэчаць: уся канструкцыя надта пралічаная, але разгадаць яе нескладана.
Сюжэтны рэфрэн кідаецца ў вочы: не рыхтуй некралогу камусьці, а то сам у той некралог трапіш! Тыя, хто ўжо паглядзеў, зразумеюць. Параўнанне антыгероя з доктарам Лектарам напрошваецца само сабой. Таму можна ўздымаць пытанне пра якасць рэжысуры. Першыя пацешацца: якая музыка! Другія запярэчаць: так, яна час ад часу жартуе. Часцей пужае. Разумееце ж, саспенс… Адны скажуць пра серыю ўвогуле: гэта сучасна, трэба прывабліваць моладзь! Іншыя запярэчаць: няўжо моладзь цяпер “злосная” паводле азначэння, да такой ступені дурная, ды яшчэ заклапочаная садамазахісцкімі комплексамі? Здавалася б, у адным павінныя згадзіцца ўсе: Джудзі Дэнч — выдатная актрыса. Так яно і ёсць! Але ж у бандыяне на другім плане заўжды зіхацяць гламурныя шпіёнкі-прыгажуні (кшталту цацачных Матаў Хары), а не трагічныя вобразы жорсткіх і дасведчаных пажылых дам (зноўку згадваем пра агурок). Першыя скажуць з захапленнем: сам Крэйг які выдатны! Ён перапрацаваў успрыняцце ўсяго серыяла! Другія абразяцца: вось “перапрацаваць” — гэта і ёсць ключавое слова. І не грае ён ніяк, проста выконвае рэжысёрскія загады, нібыта сяржант. Няма ў ігры Крэйга ні штукарства, ні свавольства, ні “генеральства”, як у Конэры! Нават сумневу ў шчырасці кіраўніцтва няма… Рабакоп нейкі.
І што нам рабіць з гэтым? — запытаецца чытач. Адкажу: ісці глядзець! Праўда пазнаецца ў параўнанні. Да і што з чым раўняць? Аніякія расійскія крымінальныя опусы ні па якіх параметрах з “Каардынатамі”, натуральна, параўнання не вытрымліваюць. А аматары традыцыйнай бандыяны пагамоняць і супакояцца. Новы глядач, без сумневу, будзе задаволены: “Грошы выкінулі на вецер недарэмна”. Асабіста я трохі здзіўлюся, калі назва стужкі пачне мільгацець сярод намінантаў на ўсе магчымыя кінаўзнагароды. Прызавы сезон не за гарою. Што ж, у гэтым выпадку распачнем спрэчкі на іншыя тэмы. Напрыклад, аб тым, што вялікі бізнэс ізноў перамог. Але хто ад гэтага выйграў?
Сяргей Філімонаў
Звярніце ўвагу на іншыя артыкулы аўтара: