Да 190-годдзя Міколы Равенскага

9 снежня 2015 года ў сценах Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў прайшоў урачысты канцэрт, прысвечаны 190-годдзю з дня нараджэння выбітнага беларускага кампазітара, мясцовага ўраджэнца з Капланцаў, Міколы Равенскага.

Зала школы была запоўненая навучэнцамі і выкладчыкамі, якія прыйшлі паслухаць выступы музыкаў: Максіма Іўкіна з Быхава, Віктара Сямашкі з Мінску, Рамана Яраша з самога Беразіно. Хлопцы выканалі перадусім  творы Міколы Равенскага,  а таксама ўласныя імправізацыйныя творы, песні на словы Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча. Прагучалі вершы беларускіх пісьменнікаў.

Раман Яраш агучыў на дудзе народныя найгрышы, запісаныя колісь самім Равенскім, а таксама перадаў ў падарунак школе зборнік твораў Міколы Равенскага з партытурамі.

Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікі заспявалі духоўны гімн Беларусі “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсенневай і музыку Міколы Равенскага.

Усе прысутныя змаглі паўдзельнічаць у віктарыне на прызы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прысвечанай нялёгкаму творчаму шляху Міколы Равенскага. Імя гэтага музычнага дзеяча, дырыжора і педагога параўнальна нядаўна было павяртана з забыцця. І падобная імпрэза у Бярэзінскай дзіцячай школе мастацтваў з’яўляецца першай такога роду для ўстановы.

Навучэнцы школы засталіся пасля канцэрту, каб азнаёміцца з усімі інструментамі, на якіх гралі музыкі, запісаць іх назвы, патрымаць у руках. Многія з інструментаў дзеці пабачылі і пачулі ўпершыню.

Тэгі: