У Варшаве знойдзены дакумент, які сведчыць пра тое, што Браніслава Тарашкевіча катавалі

У Archiwum Akt Nowych у Варшаве знойдзена копія дакументу з архіву КДБ, паводле якога Браніслава Тарашкевіча пасля смяротнага прысуду 5.01.1938 амаль 10 месяцаў утрымлівалі ў асобным рэжымным корпусе НКВД, дзе пад катаваннямі змусілі даць паказанні на 249 чалавек, піша Беларускі інстытут публічнай гісторыі.

Branislaŭ Taraškievič

Корпус у гарадской турме арганізаваў кіраўнік аднаго з аддзелаў НКВД БССР Аляксандр Гепштэйн з санкцыі наркама Барыса Бермана і дазволу Масквы. Тут утрымліваліся 270 чалавек, ад якіх «шляхам збіцця і катаванняў» атрымлівалі «дадатковыя сведчанні» на іншых асобаў. Толькі 38 вязняў корпусу, у тым ліку Тарашкевіч, далі паказанні на 3489 чалавек.

Dakumient

У корпусе ствараліся асабліва цяжкія ўмовы для тых, хто «не прызнаваўся». Тыя, хто «прызнаваўся» і даваў «паказанні», ставіліся ў прывілеяваныя ўмовы і атрымлівалі ўзмоцненую пайку. Наглядчыкам корпуса быў нехта Алекаў.

29 лістапада 1938 г. зняволеных корпуса незаконна расстралялі, акты аб выкананні прысудаў падрабілі і аформілі заднім чыслом.