Калядаванне без Казы? А так можна? Якія яшчэ персанажы могуць хадзіць у гурце каляднікаў? Калі, як, а галоўнае — навошта калядаваць? Чытайце ў нашым гайдзе. У канцы тэксту бонус — гатовыя сцэнары для калядавання.
У межах святочнай інфармацыйнай кампаніі «Гонар упрыгожвае» распавядаем пра ўнікальныя беларускія традыцыі святкавання Калядаў і Новага года.
Падрыхтоўку да калядавання раім пачынаць са збору патэнцыйных удзельнікаў, у коле якіх паспрабаваць адказаць на пытанне: навошта вы хочаце калядаваць? Гэта важна для таго, каб правільна абраць час калядавання і сцэнар. Але аб усім па парадку.
Рэлігійны абрад ці забава?
Ці будзе ваша калядаванне мець рэлігійнае (не абавязкова хрысціянскае) значэнне? Ці гэта проста нагода сабрацца ў коле аматараў беларушчыны і добра пабавіць час? Ці ёсць сярод патэнцыйных удзельнікаў альбо гаспадароў вернікі? Ад адказу на гэтыя пытанні залежыць час калядавання. Як мы распавядалі ў папярэднім калядным гайдзе, Каляды ў беларусаў доўжацца фактычна месяц: ад зімовага Сонцавароту да 21 студзеня. Калі вы робіце культурніцкую, свецкую калядную імпрэзу, то найлепшы час для яе — тады, калі зручна большасці ўдзельнікаў.
Невядома, калі здзяйснялі рытуальныя абыходы двароў у дахрысціянскі час. Беларускія праваслаўныя калядуюць пераважна 7 і 13 студзеня, а католікі 6 студзеня.
На Раство ходзяць з зоркай і спяваюць песні царкоўнага паходжання на рэлігійныя сюжэты, проста ў святочным адзенні, у персанажаў не пераапранаюцца. Каго не паспелі павіншаваць 7-га, могуць наведаць 8 студзеня. Ёсць звесткі пра калядаванне з зоркай таксама 13 і 14 студзеня.
Католікі 6 студзеня пераважна абыходзяць дамы са сцэнкамі на рэлігійныя сюжэты, а найбольш вядомае калядаванне з Казой ды іншымі персанажамі адбываецца 13 студзеня.
Этнаграфічная рэканструкцыя ці сучаснае свята?
Варта вырашыць таксама, ці будзе ваша калядаванне дакладнай копіяй нейкага лакальнага варыянту. Найлепш распытаць старэйшых крэўных, як яны калядавалі.
Калі такой магчымасці няма, можна пашукаць поўныя відэа ці хаця б апісанні калядавання ў пэўнай мясцовасці (іх, на жаль, не так і шмат). Магчыма, Вам больш падыдзе варыянт скласці сваё ўласнае калядаванне, прасачыўшы, каб там былі асноўныя традыцыйныя элементы.
Назвы калядных абыходаў і тых, хто іх здзяйснялі
Варыянтаў калядавання, а, суадносна, яго назваў і найменняў удзельнікаў абыходаў у Беларусі мноства:
• Мінская вобл.: казлы (хадзіць у казлы), вадзіць казла (казу), калядоўшчыкі, хадзіць па калядзе, хадзіць з калядою, калядаваць, шчадроўнікі, шчадраваць, у жарку хадзіць, хадзіць з гвязд(к)ай
• Гомельская вобл.: шчодрыкі, шчарэ́нцы, шчадроўцы, шчадроўнікі, шчадраваць, хадзіць па шчодрах, хадзіць у шчодры, хадзіць у шчодрыкі, хадзіць па цыганя́х, хадзіць у цыганкі, калядоўнікі, калядоўшчыкі, калядаваць, хадзіць з калядою/казой/кабылай/канём/мядзведзем, хадзіць па калядзе, хадзіць з зоркай/зьвяздой, зьвязду/зорку насіць, Хрыста славіць.
• Брэсцкая вобл.: колядныкы́, коля́дныкі, ходіть со(-а) звездой(-ю), ходіть з кузою, ходыть по цыганах, цыганцы ходят, батлея ходіт, ходыў Гэрод.
• Гродненская вобл.: тры каралі хадзілі, разыгрывалі караля, тры каралі чорныя (мужыны, чорныя людзі), тшы крулі, гэроды, хрыстаславы, калядаваць, шчодрыкі, батлейшчыкі, строілі батлейку, шопку насіць, камедыйка.
• Віцебская вобл.: хрыстаславы, каляда, калядоўшчыкі, калядаваць, хадзіць з жоравам, ваўка/чорта вадзіць, тшчы крулі ходзяць.
• Магілёўская вобл.: хрыстаслаўцы, вадзіць казу, кураняткі, куры (Клічаўскі р.)
У 96 са 118 раёнаў Беларусі былі запісаны звесткі хоць пра нейкія калядныя абыходы, таму можна сказаць, што гэта агульнабеларуская традыцыя са сваімі рэгіянальнымі адметнасцямі.
Ці абавязкова ў калядным гурце павінна быць Каза?
Калядных персанажаў у Беларусі апісана мноства. Галоўная гераіня часта — Каза, якая падае, а пасля пачастунку ад гаспадароў «ажывае», сімвалічна абыгрываючы «паміранне» старога сонечнага года і «нараджэнне» новага.
Сустракаліся калядныя гурты без Казы — напрыклад, цэнтральным персанажам мог быць Конь ці Кабыла. Акрамя галоўных герояў калядавання было мноства дадатковых. У сучасным гурце можна падабраць ролі для ўсіх ахвочых удзельнікаў.
Персанажы каляднага абыходу
• Жывёлы: Каза (зрэдку Казёл), Мядзведзь, Конь (зрэдку Кабыла), радзей Бык (Тур, Карова), Воўк, Ліса, Заяц
• Птушкі: Журавель, Бусел, Дзяцел (акцэнт на дзюбу), Сарока
• Антрапаморфныя персанажы:
— продкі: Дзед і Баба;
— чужыя для беларускіх сялян сацыяльна ці этнічна: Лекар (Венгр-аптэкар), Поп, Цыган і Цыганка, Жыд і Жыдоўка (нармалёвыя словы), Вайсковец пад рознымі імёнамі (Салдат, Афіцэр), Барыня (Паненка), Цар (Кароль), Ямшчык, Прыдурак;
— судакраналіся з прасторай чужога: Пастух, Ведзьма;
— сімвалізавалі пераход у іншы статус: Грабаўшчык, Плакальшчыца, Сват, Малады і Маладая;
— памагатыя: дзеці (стукаюць у вакенца, дзінькаюць у званочак), Механоша, Зорканоша, Засявальніца, хор;
— біблійнага паходжання: 3 каралі (валхвы), Ірад і яго світа
• Міфічныя персанажы: Чорт, Анёл, Смерць
• Увасабленне свята: Каляда, Шчодра (Шчадрэц)
Персанажы біблійнага паходжання і міфалагічныя персанажы найбольш характэрныя для каталіцкіх калядных абыходаў, і сюжэты такога калядавання — хрысціянскія. Выступы такіх каляднікаў часта перагукаюцца з сюжэтамі, характэрнымі для каляднага лялечнага тэатра — батлейкі.
Астатнія пазначаныя вышэй калядныя персанажы сімвалічна ўвасаблялі продкаў і прадстаўнікоў тагасвету, якія ў святочны перыяд наведвалі свет людзей.
Адзін з варыянтаў зрабіць калядную маску — выкарыстаць тэхналогію пап’е-машэ. Можна паэксперыментаваць таксама са скурай, бяростай, ці проста купіць маску ў краме. Лёгкі спосаб стварыць калядны вобраз — надзець вывернуты кажух ці футра.
Музыка
Калі вы выбралі «класічны» варыянт калядавання з Казой, варта вывучыць песню на яе «выступ». Напрыклад, з каляднага спеўніка , падрыхтаванага праектам «Традыцыя».
Для тых, хто не чытае ноты, зроблена агучка. Можна таксама паслухаць калядкі на сайце spevy.org у раздзеле «Зімовыя».
Варта падабраць таксама песні для ўсіх сямейнікаў: гаспадара, гаспадыні, іх дзяцей перадшлюбнага веку. З малымі дзецьмі можна пагуляць у гульні.
Напрыклад, гульня «Казёл» падыдзе і для дзяцей, і для дарослых, і для кватэры, і для імпрэзы з шырэйшай аўдыторыяй.
Калі ў гурце няма спевакоў, можа быць, знойдзецца музыка. Калі вас хвалюе пытанне аўтэнтычнасці, варта памятаць, што інструментальная музыка ў калядным гурце — хутчэй за ўсё, адносна позняя з’ява.
Не варта баяцца ствараць уласны калядны сцэнар
Можна выкарыстаць гатовы сцэнар калядавання (спасылкі на спампоўванне ў канцы артыкула), а можна прыдумаць уласны. Склад калядных персанажаў увесь час змяняўся: напрыклад, жыды пасяліліся на нашых землях у XIV ст., а цыганы — у XV ст. і суадносна раней аднайменныя персанажы не маглі з’явіцца ў калядных гуртах, бо проста не было каго пераймаць.
У «Памятнай кніжцы Віцебскай губерні» за 1867 г. апісана, як каляднікі пачалі пераапранацца ў купцоў: «Маладыя хлопцы, асабліва пабываўшы ў Пецербургу, прыбіраюцца купцамі і, з’явіўшыся ў хату з хусткамі, завушніцамі, маністамі... пераймаюць говар і прыёмы рускіх купцоў, расхвальваюць свой тавар самымі мудрагелістымі словамі і дадаюць да кожнага слова літару «с». Іншыя, засвоіўшы прыёмы каробачнікаў... навешваюць сабе каробкі, якія набіваюць рознымі анучамі і, прапаноўваючы свой тавар, расхвальваюць яго з адчайнай бажбой і запэўніваннем, што тавар іх замежны, сто разоў згортваюць і разгортваюць якую-небудзь трохкапеечную хустку і ў заключэнне аддаюць за пучок шчаціння са словамі «Толькі для Вас»».
Калядны гурт у Давыд-Гарадку, Столінскі р-н. 13 студзеня 2017 г. Фота Алены Ляшкевіч
Персанажы з папулярных фільмаў і мультфільмаў складаюць большую частку калядных гуртоў у Давыд-Гарадку.
А ў адным з мінскіх гуртоў каляднікаў у 2016 г. ад «традыцыйных» персанажаў засталася толькі Каза. Але і тая была ў модным футры з торбачкай, рабіла манікюр на капытцы і, па сцэнары, працавала лабаранткай у санстанцыі, адкуль да гаспадароў дому прыйшла камісія. Калядны гурт, фронтвумэн у якім — рэвізорка Тамара Цыліндрычная, «правяраў» у хаце ўзровень вітамінізацыі паветра, шуму, наяўнасць няўзгодненай перапланіроўкі...
Міліцыянт складаў пратакол на гаспадара пасля таго, як лабарантка-Каза «памірала», узяўшы пробу ежы і напояў. Смерць канстантатавала адыход Казы ў іншы свет, пераварочваюць калядную зорку дагары нагамі. Усе праблемы прапаноўваў вырашыць Навязлівы менеджар па продажах, які гандляваў слоікамі з шумам ды вітамінамі, і Поп, што «адпяваў» Казу і збіраў ахвяраванні на паркоўку ля храма, але камісія іх адганяла. Бог-жабрак заклікаў ахвяраваць тым, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе, а не махлярам і бюракратам, пасля чаго Каза аджывала, а гаспадар атрымліваў пасведчанне аб адпаведнасці хаты нормам Раю першай катэгорыі.
Пасведчанне аб адпаведнасці кватэры нормам Раю першай катэгорыі, якое каляднікі выдалі аднаму з мінскіх гаспадароў у 2016 г. Фота з Вольнага архіва
Прапаноўваем вам не стрымліваць сваю фантазію і жадаем весела адзначыць Каляды!
Тэкст і фота Алены Ляшкевіч, Малюнкі Андруся Такінданга, budzma.org