З вамі рубрыка «Гітара Мулявіна» і чарговы агляд свежых рэлізаў беларускіх музыкаў. Сёння распавядаем пра альбом «СОМА» артысткі з нікнэймам СHORNOBROVA, сінгл «Цветы» ад музыканткі Nastka і песню «Oj na hore» праекта Lastoůski. Цісніце на «плэй» і смакуйце да апошняй ноткі!
Штучны інтэлект ужо сярод нас
Дзевяць трэкаў на скрыжаванні дарк-фолка, электронікі, хіп-хопа і вітч-хаўса. Такім мудрагелістым міксам выйшаў альбом «СОМА» артысткі з нікнэймам СHORNOBROVA.
Аб’яднаць неаб’яднанае, здаецца, усё ж такі атрымалася, бо ўсе 9 песень гучаць у адным канцэпце альбома. Што за канцэпт, спытаеце вы?
Уся размова са слухачом тут вядзецца ад імя штучнага інтэлекту Соma, які прасочваецца ў свет людзей і задае ўсё больш пытанняў, рэфлексуючы на актуальныя тэмы. Просценькая нейронка ад трэка да трэка эвалюцыянуе і развіваецца, пераўтвараючыся ў сапраўдны штучны інтэлект, які, па задумцы аўтаркі, сур’ёзнай шчыльнасцю сваіх думак пачынае падаваць трывожныя званочкі сваім стваральнікам. Гэта першы англамоўны рэліз Паліны, і такі крок гаворыць не толькі пра эксперыментальнасць і перфаматыўнасць альбома, але і пра жаданне знайсці больш шырокую аўдыторую.
Альбом натхняе, зацягвае і мяркую, асабліва прыйдзецца даспадобы людзям, якія так ці інакш звязаныя з распрацоўкай і выкарыстаннем штучнага інтэлекту і нейрасетак.
Да сонца, каранямі ў зямлі
Музыкантка Nastka зусім нядаўна паказала свету свой сінгл «Цветы». Ён вясновы, але зусім не пяшчотны па свайму гучанню і сэнсу: змрочная, месцамі, містычная электроніка з пранізлівым дзявочым вакалам.
Алюзіі на важнасці сувязі з родная зямлёй, творчыя пошукі і экзістэнцыйныя пытанні тут прысутнічаюць у кожным радку нараспеў. Калі ўжо пагружацца ў такую атмасферу, то за кампанію можна паслухаць і міні-альбом Насты, які выйшаў у лютым і складаецца з 4 трэкаў.
Ой, на горы
Разбудзіце мяне праз 100 гадоў і спытайце: «што робіць беларуская метал сцэна?» — і я адкажу вам, што яна ўсё яшчэ эксплуатуе нацыянальныя матывы і народныя інструменты ў сваёй творчасці.
Выключэннем не стала новая песня «Oj na hore» праекта Lastouski. Тут ёсць усё, пра што мяне так задзяўбло пісаць з артыкула ў артыкул, дзе я разглядаю трэкі падобнага жанру: народныя спевы, дуда, яшчэ народныя спевы. Прыкладна такі сэндвіч атрымаўся і тут, дзе пасярэдзіне гучыць класічная для такога трэка гітара і ўдарка. Трэба заўважыць, што гук зроблены вельмі якасна, з усім прафесійным падыходам і перфекцыянізмам, але канкрэтна мяне не кранае. Аднак буду шчыра рады, калі такі мой водгук толькі зматывуе вас пайсці паслухаць трэк і падзяліцца з тымі сябрамі, якім ён дакладна спадабаецца.
Хатні Томпсан, Budzma.org