25 кастрычніка паэты Э. Акулін і Л. Дранько-Майсюк з творчым візітам наведалі Пухавіцкі раён, дзе правялі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” тры творчыя сустрэчы: у Суцінскай СШ, у СШ №2 горада Мар’іна Горка і Абласным медыцынскім дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры.
“Страцім-лебедзь беларускай паэзіі. Геній нацыянальнай літаратуры. Прарок беларускага Адраджэння. Наш беларускі Ікар. Наш крывіцкі Ясон. Паэт з крынічнаю душою. Самы малады беларускі класік… Усім гэтым для нас, беларусаў, вось ужо амаль 120 гадоў з’яўляецца Максім Багдановіч. А яшчэ Багдановіч — гэта паэт, Богам дадзены беларусам навырост… У гэтым мы паспрабавалі пераканаць нашых слухачоў падчас трох урокаў Максіма Багдановіча, якія мы правялі ў навучальных і аздараўленчых установах Пухавіччыны. Згадвалася на сустрэчах і імя Алеся Бачылы, пухаўчаніна, які прысвяціў Багдановічу сваю кнігу-даследаванне “Дарогамі Максіма Багдановіча”. Жыццёвымі дарогамі паэта цягам трох сустрэч разам з намі прайшло амаль трыста ўдзячных “нашчадкаў” Максіма Багдановіча”, — паведамілі выступоўцы.