Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага апублікаваў вынікі даследавання «Беларуская эміграцыя ў Польшчы». Мы выпісалі для вас самае цікавае.
Моўнае пытанне
Палова рэспандэнтаў выбрала варыянт запоўніць анлайн анкету, на выніках якой грунтуецца даследаванне, па-беларуску, 34% — па-руску і 16% — па-польску.
Большасць беларусаў да ад’езду ў Польшчу размаўлялі па-руску (58 %), альбо па-руску і па-беларуску (35 %). Доля выключна беларускамоўных — усяго 5 %. Аднак пасля ад’езду ўжыванне рускай мовы скарачаецца, а беларускай — расце.
Цяпер, у эміграцыі, з сям’ёй і роднымі па-беларуску альбо па-беларуску і руску размаўляе палова апытаных, а з сябрамі і знаёмымі — 46 %. Варта заўважыць, што ў апытанцы не было варыянту «па-беларуску і па-польску», магчымы быў толькі адказ «іншая мова».
Пры гэтым амаль усе апытаныя беларусы дэкларавалі веданне беларускай і рускай моў. 89 % заявіла, што ведае прынамсі на базавым узроўні польскую і ангельскую, а палова — украінскую.
Толькі кожны пяты (21 %) заявіў, што свабодна чытае і размаўляе па-польску.
Іншыя краіны і народы
«Нягледзячы на тое, што Беларусь уцягнутая ў агрэсію Расіі ва Украіне, большасць апытаных лічаць, што польскі бок захоўвае ў дачыненні да Беларусі сяброўскае стаўленне. Больш за тое, з усіх пяці суседзяў Беларусі менавіта Польшча лічыцца найбольш прыязнай да Беларусі», — адзначаюць аўтары рапарту па выніках даследавання Лукаш Мазуркевіч і Гжэгаж Сыгноўскі.
«Існуюць істотныя адрозненні паміж тым, як рэспандэнты ацэньваюць стаўленне ўладаў асобных дзяржаў і стаўленне народаў. Пры ацэнцы адносінаў асобных народаў да беларусаў у кожным выпадку пераважаюць указанні на сяброўскае стаўленне. У выпадку з расіянамі гэтая перавага адносна невялікая (39% да 34%). Безумоўна, найбольш прыязным народам у адносінах да беларусаў, на думку апытаных, з’яўляюцца палякі — толькі 2% апытаных прытрымліваюцца іншага меркавання. У выпадку з украінцамі меркаванае стаўленне да беларусаў ужо не такое адназначнае. Што праўда, большасць апытаных, а гэта 48%, лічыць, што ўкраінцы прыязна ставяцца да беларусаў, але ўжо 20% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання, — лічаць польскія сацыёлагі. — <...> Апытаныя аднак інакш бачаць культурную блізкасць паміж асобнымі народамі. Украінцы і палякі — гэтыя народы, на думку апытаных, безумоўна культурна блізкія беларусам. У сваю чаргу, найслабейшыя культурныя сувязі беларусы адчуваюць у дачыненні да латышоў і расіянаў».
Літоўцаў беларусы лічаць сярэдне культурна блізкімі, але называюць супольную з імі дзяржаву ВКЛ як гістарычную і дзяржаўную традыцыю, з якой сучасная Беларусь і беларусы павінны чэрпаць больш за ўсё (так лічыць амаль палова апытаных).
Поўны варыянт справаздачы з даследавання «Беларуская эміграцыя ў Польшчы» можна прачытаць па спасылцы.
А па гэтай спасылцы — вынікі даследавання грамадскай думкі «Палякі пра Беларусь і беларусаў».
Падрыхтавала Алена Ляшкевіч для budzma.org
Інфаграфіка — Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага
Чытайце яшчэ: У пошуках літвінізму. У Сейме Літвы абмеркавалі уплыў літвінізму на адносіны паміж беларусамі і літоўцамі