«Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасьця на вышыню нашых магіл». Калісьці Ўладзімер Караткевіч у п’есе «Кастусь Каліноўскі» ўклаў гэтыя афарыстычныя словы ў вусны галоўнага героя, піша Сяргей Дубавец на «Радыё Свабода».
Могілкі беларускай царквы ў гонар Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансьвіку, Нью-Джэрзі, ЗША. Архіўнае фота
Ключавое слова тут — «нашых»: тых, хто прысьвяціў сябе справе свабоды і Беларусі, хто беларус ня толькі і ня столькі паводле пашпарту. «Нашы» — першае, што прыходзіць у галаву, калі бярэш у рукі толькі што выдадзеную «Кнігу могілак».
Хто ў Беларусі «нашы» і хто «ня нашы»
На працягу апошніх 200 гадоў з кожным чарговым наступам на Беларусь агрэсіўнай русыфікацыі беларусы мусілі ратавацца за мяжой, бо на радзіме для іх былі прызначаныя турма, канцлягер і сьмерць. Кожны чарговы рэжым эмацыйна абразьліва называў іх ворагамі, злачынцамі, «беглымі». Для рэжыму яны былі падкрэсьлена «ня нашымі». Нашы, каму пашанцавала ўратавацца, апыналіся за мяжою.
Пры гэтым на радзіме забараняліся будзь-якія міжчалавечыя кансалідацыйныя памкненьні, якія і робяць насельніцтва нацыяй. Адбываецца атамізацыя насельніцтва, калі ніхто нікому «ня наш». Парадаксальным чынам рэжымных асобаў у Беларусі аб’ядноўвае тое, што яны адзін аднаму «ня нашы».
Гэта яны ўсімі спосабамі выкараняюць нацыянальную, а насамрэч чалавечую эмпатыю, імкнуцца зь Беларусі — краіны і нацыі — зрабіць нейкае падабенства ці то Саратаўскай вобласьці РФ, ці то «ДНР». І так — да прыходу новага «нябітага» пакаленьня, калі самім прыродным парадкам набывае моц успрыманьне адзін аднаго — наш, мы нашы, свае, тутэйшыя, беларусы. Мы разам — са сваімі продкамі і са сваімі дзецьмі, адно цэлае. Але ж ізноў чарговы наступ русыфікацыі выштурхоўвае гэтае наша праўдзівае народнае адзінства за мяжу.
Так сёньня выглядае кожны чарговы ўдар русыфікацыі ў Беларусі — як праклён. І так выглядаюць хвалі масавае беларускае эміграцыі — як наканаваньне.
Магіла былога старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча, пахаванага на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку і ягонай жонкі Барбары (Нью-Джэрсі, ЗША).
Праца за чвэрць стагодзьдзя
Дзе ў сьвеце больш памяці пра памерлых беларускіх дзеячоў: дома ці ў эміграцыі? Калі мець на ўвазе дакладны сэнс гэтых словаў — «беларускіх» і «дзеячоў» — гэта значыць тых, напрыклад, у каго на помніку зроблены надпіс па-беларуску, — адказ на маё пытаньне ня будзе выглядаць само сабой зразумелым. А задумаўся я пра гэта, бо і сам, як многія тысячы беларусаў, апынуўся сёньня ў бестэрміновай эміграцыі.
На такія развагі навяла мяне адна з найбольш заўважных сёлетніх навінак на кніжным фэстывалі «Прадмова» ў Вільні — салідная таміна пад назвай «Кніга могілак». Вялікі фармат, 550 старонак, многія сотні чорна-белых і каляровых ілюстрацый...
Кніга Натальлі Гардзіенка і Лявона Юрэвіча
Працу над гэтай энцыкляпэдыяй распачаў у Нью-Ёрку архівіст Лявон Юрэвіч 25 гадоў таму. Пазьней да яго далучылася гісторык Натальля Гардзіенка, а выдаў кнігу беластоцкі «Камунікат».
Усяго тут больш за паўтысячы помнікаў у 13 краінах сьвету: Аўстралія, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Грэцыя, Данія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Чэхія, Чылі і Швэцыя. Ня ўключаныя беларускія надмагільлі ў суседніх краінах. Як заўважаюць аўтары, тут помнікі складуць асобны том, і не адзін.
Беларуская ідэнтычнасьць і самабытнасьць
Гэта тое, чым мы цікавыя і каштоўныя для сьвету і што сьведчыць пра нас як пра асобную нацыю. На жаль, на радзіме зашмат робіцца для таго, каб беларусы менш думалі пра сваю нацыянальную адметнасьць, сваё сапраўднае, а не карыкатурнае народнае адзінства.
Разглядаючы здымкі беларускіх помнікаў у ЗША — у Саўт-Рывэры, Кліўлендзе, Іст-Брансьвіку, дзе беларусы пахаваныя разам і асобна ад іншых, уяўляеш сабе якраз беларускую супольнасьць на радзіме, якой яна будзе, калі ня стане прыгнёту і запануе спрадвечны на нашай зямлі культ продкаў. На здымках — разьняволеныя, пазнавальныя ўласна беларускія твары. Іх сотні. І прозьвішчы: сотні «чыста беларускіх» прозьвішчаў, канцэнтрацыю якіх у самой Беларусі ўжо наўрад ці сустрэнеш. На радзіме дамінуе расейская мова і ў вялікай колькасьці расейскія прозьвішчы — наступства паваеннай ужо русыфікацыі.
У адным Іст-Брансьвіку так шмат беларускіх помнікаў, колькі ў Беларусі можна пабачыць толькі на Ўсходніх могілках у Менску і больш нідзе. А гэта толькі адзін адрас на Захадзе, і такіх адрасоў шмат.
Атрымліваецца, што этнографу ці раманісту, які ўзяўся б апісваць уласна беларускую супольнасьць, трэба шукаць сваіх сугучных герояў за тысячы кілямэтраў ад Беларусі, а не на радзіме.
Беларусы як качэўнікі
Адбываецца выразнае разбурэньне пераемнасьці пакаленьняў беларускай нацыі — народу, які жыве на адным месцы тысячу гадоў, а можна падумаць, што гэта нейкія качэўнікі, якія ніколі ня мелі свайго прыстанку, сваёй краіны і дзяржавы.
У 1997 годзе мяне паклікаў да сябе сьветлай памяці Міхась Раманюк, выбітны мастацтвазнаўца і этнограф. Яшчэ не стары, ён быў змучаны падступнай хваробай, ведаў, што засталося яму няшмат, і перадаў мне матэрыялы для альбома «Беларускія народныя крыжы», якія зьбіраў ці ня ўсё сваё сьвядомае жыцьцё, а давесьці да публікацыі ўжо ня мог. У 2000-м у выдавецтве «Наша Ніва» мы выдалі гэты грунтоўны альбом — унікальную навуковую, краязнаўчую і мастацкую працу, дзе тэма беларускіх пахаваньняў і абрадаў была ўпершыню сыстэматызаваная і дэталёва апісаная на ўсёй тэрыторыі Беларусі за стагодзьдзі.
Кніга Міхася Раманюка
І вось цяпер я бачу духоўны працяг той працы на матэрыяле фактычна апошніх 80 гадоў. Абрады, дэталі, дух калекцыі Раманюка прысутнічае ў беларускіх пахаваньнях за мяжой і амаль не адчуваецца на радзіме. Адсюль непазьбежнае пытаньне: чаму гэты беларускі нэкропаль ня мае месца на радзіме, а раскіданы па ўсім сьвеце? Чаго мы насамрэч ня ведаем пра наша мінулае і ня маем шанцу даведацца з афіцыйных інтэрпрэтацыяў айчыннай гісторыі?
Злом нацыянальнага лёсу
У кнізе — сотні ўнікальных і пакручастых жыцьцяпісаў нашых землякоў. Ніколі ня простая эміграцыя, абавязковыя прыгоды, посьпехі, расчараваньні.
Многія зь іх пасьпелі зьведаць сталінскія рэпрэсіі: Сібір, допыты ў НКВД, зьдзек са сваякоў, адбіраньне маёмасьці, што робіць іх лёс падобным да лёсу сёньняшніх эмігрантаў.
«Масавая беларуская эміграцыя ў Аўстралію адбывалася пераважна на пачатку 1950-х гг. — распавядаюць аўтары. — Тады з паваеннай Нямеччыны і Аўстрыі ў далёкую паўднёвую краіну прыбылі каля 10 тысяч беларусаў, якія стварылі свае найбуйнейшыя асяродкі ў Мэльбурне, Сыднэі, Адэлаідзе і Пэрце».
Дзе ж адбываўся той разрыў з радзімай — чытаем у біяграмах эмігрантаў. Найчасьцейшая фраза: у часе (або пасьля) Другой сусьветнай вайны «апынуўся ў Нямеччыне». Чаму? Масавых прычынаў дзьве: або быў вывезены немцамі на працу, або ўдзельнічаў у беларускім жыцьці і руху пад нямецкай акупацыяй.
Аўтары часта не ўдакладняюць, якім чынам чалавек «апынуўся ў Нямеччыне». Тлумачаць гэта тым, што пошук такіх зьвестак асабліва складаны і не заўсёды пасьпяховы, асабліва што да шараговых беларусаў, якія не былі выбітнымі грамадзкімі дзеячамі ці творцамі культуры. Мы можам толькі здагадвацца, бо ведаем, што ніякага навуковага і аб’ектыўнага дасьледаваньня, а пагатоў сьледзтва ў гэтай масавай справе за 80 гадоў не праводзілася. Чаму? Бо савецкая прапаганда апрыёры лічыла ворагамі ўсіх, хто быў вымушаны жыць пад нямецкай акупацыяй, а пагатоў тых, хто зьехаў за мяжу. Зусім як сёньня.
Варта выразна ўсьведамляць сабе, што нямецкі рэжым не ўяўляўся беларусам больш страшным за савецкі (расейскі). Масавыя забойствы і канцлягеры ўжо адбыліся ў Беларусі перад вайной. У ніяк ня меншых маштабах. Адно што, у адрозьненьне ад сёньняшняга рэжыму, немцы не праводзілі ў Беларусі русыфікацыі, ім не заміналі намаганьні беларусаў захаваць сваю мову, школу і папуляцыю. Не замінала выхаваньне моладзі ў нацыянальным духу і беларуская салідарнасьць — народная самапомач.
Калі ўмоўна зрабіць праекцыю на сёньняшні дзень, дык у Беларусі сёньня забароненая ўсялякая нацыянальная актыўнасьць, не зьяўляюцца па сутнасьці беларускімі ані армія, ані ўвесь сілавы блёк, караецца турмою кожная праява салідарнасьці — тыя ж харчовыя перадачы палітзьняволеным. Кажу гэта не для таго, каб абяліць немцаў — усякая акупацыя для беларусаў — гэта насланьнё і праклён. Адно параўноўваю: калі ў нашай гісторыі бывала страшней.
Што да беларускага руху, які разгарнуўся пад немцамі і зь іхнага дазволу, дык тут варта падумаць, а які ў захавальнікаў беларушчыны і нацыі быў выбар? І адказаць зь сёньняшняй пэрспэктывы, што сёньня і такога выбару няма, бо беларушчына пастаўленая па-за законам, апынулася ў турмах або эміграцыі, дзе толькі і можа цяпер працягваць сваю місію захаваньня нацыі.
Пазыцыя цяперашняй пракуратуры, якая засталася той самай са сталінскага часу: усе, хто жыў у Беларусі пад нямецкай акупацыяй і дбаў пра беларускія нацыянальныя інтарэсы — злачынцы. Такая інтэрпрэтацыя заглушае прэзумпцыю невінаватасьці і замінае дасьледчыкам гісторыі паўнавартасна высьветліць, чаму той ці іншы чалавек «апынуўся ў Нямеччыне».
Эмігранты: тыя і гэтыя
Для лепшага разуменьня досыць проста ўявіць сабе, як бы выглядала біяграма сёньняшняга масавага эмігранта, які «апынуўся» ў Літве, Польшчы ці той жа Нямеччыне ці ЗША. Беларускі журналіст, грамадзкі актывіст, музыка, мастак, айцішнік дый проста вальнадумец мусіў уцякаць ад рэпрэсіяў, перасьледу і прымусу рэжыму Лукашэнкі толькі праз тое, што ўсьведамляе сябе беларусам і хоча жыць не ў турме. Таму і апынуўся ў Нямеччыне, на яе вызваленай дэмакратычнымі краінамі заходняй палове.
«Сотні тысяч беларусаў апынуліся на тэрыторыі Нямеччыны напрыканцы Другой сусьветнай вайны, — паведамляюць аўтары энцыкляпэдыі. — Аднак асноўная іх частка вярнулася на радзіму. Каля 100 тысяч тых, што не пажадалі вяртацца, у другой палове 1940-х жылі ў чаканьні выезду на сталае жыхарства ў іншыя краіны пераважна ў лягерах для перамешчаных асоб».
Апынуўшыся далёка ад дому, гэтыя людзі заставаліся беларусамі і ўсяляк захоўвалі сваю ідэнтычнасьць. Чаму, уласна, нам і цікавыя іх магілы. Многія мужчыны — удзельнікі беларускага скаўтынгу, а жанчыны — майстрыхі беларускай вышыўкі. Абавязкова ствараўся беларускі хор.
Архіяпіскап БАПЦ Сьвятаслаў Логін у сваёй прадмове да «Кнігі могілак» піша:
«Самая арганізаваная хваля эміграцыі — паваенная (пасьля Другое сусьветнае вайны) стварыла беларускія арганізацыі, цэрквы, друкаваныя выданьні, а таксама — беларускія могілкі ў розных краінах сьвету... На помніках спачылым часта пісалі імёны па-беларуску (часам лацінкаю), дадаючы назоў роднае вёскі альбо месца з пазнакай краіны Беларусь».
Сёньняшняя вялікая хваля беларускай эміграцыі адбываецца на нашых вачох і зноў, мроячы пра вяртаньне ў Беларусь, мае ўсе шанцы застацца на чужыне, прысьвяціць жыцьцё бацькаўшчыне і стаць дзесьці ў вольным сьвеце новым беларускім нэкропалем.
Вось якую таямніцу і якую праўду раскрывае для нас салідная таміна пад назвай «Кніга могілак». Калі сабраць усе ўвогуле беларускія помнікі за мяжой, помнікі беларускім дзеячам, у тым ліку ў суседніх краінах, іх будзе відавочна болей, чым на радзіме. Так выглядае адказ на пытаньне, зь якога я і пачаў гэты тэкст.
Чытайце яшчэ: «Хай лёгкай будзе аўстралійская зямелька...» Выйшаў шыкоўны даведнік па беларускіх могілках у замежжы