Змяненне заканадаўства ў сферы праходжання вайсковай службы ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь выклікала не толькі бурнае абмеркаванне ў СМІ, але і адмоўную рэакцыю ў грамадстве.
Фактычна, кардынальных зменаў у правілах атрымання адтэрміновак (прынамсі, для шырокіх колаў прызыўнікоў) не прадугледжана. Таму варта паспрабаваць разабрацца у прычынах такой рэакцыі ў грамадстве.
Паводле статыстыкі, агучанай на дзяржаўным партале pravo.by, на кожны прызыў у ваенкаматы не з'яўляецца каля 4 тысяч прызыўнікоў (падчас адной прызыўнай кампаніі ў войска адпраўляюць да 10 тысяч навабранцаў). Хаця гэтыя лічбы ў розных дзяржаўных крыніцах розныя, тэндэнцыя назіраецца адназначная. Шмат грамадзянаў Беларусі прызыўнага ўзросту служыць не жадае і ўхіляецца ад вайсковага абавязку.
Фота — eurobelarus.info
Дзяржаўная сістэма няшмат робіць для паляпшэння стаўлення да войска, вайскоўцаў у грамадстве, а выкарыстоўвае іншыя інструменты ўздзеяння.
Варта адзначыць, што тэндэнцыі недаверу да вайсковай службы характэрныя не толькі для Беларусі. У суседзяў адбываюцца падобныя працэсы. Не будзем засяроджвацца на Украіне, дзе ідуць баявыя дзеянні, таму прыклад не вельмі ўдалы, зірнём на прыбалтыйскія краіны.
У Эстоніі, напрыклад, "шмат моладзі не жадае служыць", адзначыў генеральны дырэктар Дэпартамента абаронных рэсурсаў Маргус Паэ ў інтерв’ю err.ee. Эстонскае войска камплектуецца штогод прыблізна тысячай навабранцаў, з іх траціна ідзе ў войска добраахвотна, астатнія выклікаюцца павесткамі. Пры гэтым каля 300 чалавек кожны год не з'яўляецца ў ваенкаматы.
Прафесійнае войска ў Беларусі: за і супраць
Партал delfi.lt апублікаваў інфармацыю, што да 40% грамадзян, якія трапляюць у спісы прыдатных для службы (недзе 35 00 грамадзян Літвы), не паведамляюць аб сваім знаходжанні ў вайсковыя органы. І гэта нягледзячы на тое, што, паводле інфармацыі Міністэрства абароны, усе неабходныя 3500 навабранцаў на год атрымліваецца ўкамплектаваць з моладзі, якая запісалася добраахвотнікамі.
Большасць жа краін-суседак увогуле адмовілася ад агульнай вайсковай павіннасці або выкарыстоўвае камбінаваныя метады фарміравання Узброеных сіл. У тым ліку менавіта з прычыны зніжэння статусу вайскоўца ў сучасным грамадстве і змяншэння даверу да арміі.
Такім чынам, наша краіна сутыкнулася з агульнымі праблемамі для нашага рэгіёна. Але калі суседзі імкнуцца спалучаць вайсковыя традыцыі і сучасныя захады для заахвочвання грамадзян да службы, Беларусь пакуль пазбягае эфектыўных мер.
Як суседзі працуюць з грамадствам у вайсковым кірунку
У адрозненне ад Беларусі, амаль ва ўсіх суседніх краінах дзейнічаюць парамілітарныя грамадскія аб'яднанні як частка сістэмы забеспячэння абароны. І нават больш — сістэмы ўзаемадзеяння грамадства і дзяржавы. Дзякуючы такога кшталту арганізацыям у дзяржаўных сістэм з большым ці меншым поспехам атрымліваецца падтрымліваць дастатковы ўзровень даверу да вайскоўцаў, а як вынік — і да ўлады.
У Прыбалтыцы добраахвотніцкія ваенізаваныя фарміраванні, паводле некаторых ацэнак, па колькасці перавышаюць рэгулярныя вайсковыя.
Эстонскія добраахвотнікі з Саюза абароны на сумесных вучэннях з паліцэйскімі. Фота — kaitseliit.ee
Такім чынам, дзяржаўныя інстытуты дэлегавалі частку сваіх паўнамоцтваў яшчэ і па выхаванні моладзі і фарміраванні грамадскай думкі парамілітарным аб'яднанням.
Аматарскі спорт як стымуляцыя грамадскай актыўнасці
Менавіта таму (і ў гэтым галоўнае адрозненне ад сітуацыі ў Беларусі) так шмат прыбалтыйскай моладзі добраахвотна ідзе служыць у войска, нягледзячы на тое, што гэтыя краіны знаходзяцца пад уплывам такіх жа сучасных тэндэнцый, як і наша.
Давер да арміі — давер да дзяржавы
На жаль, улады Рэспублікі Беларусь не бачаць перспектывы працы з грамадствам праз стымуляванне эфектыўнай грамадзянскай актыўнасці ў сферы аматарскага спорту і патрыятычнага выхавання. На фоне суседніх краін Беларусь усё часцей аказваецца ў ар'ергардзе сучаснай працы з соцыумам па фарміраванні лаяльнасці да дзяржаўных інстытутаў.
Адсутнасць традыцый паспяховага функцыянавання ваенізаваных арганізацый і нежаданне развіваць гэты кірунак, мадэрнізуючы заканадаўства, можа стаць сур'ёзным выклікам для іміджу Узброеных сіл Беларусі праз зніжэнне колькасці патэнцыяльных прызыўнікоў у перспектыве некалькіх гадоў. Колькі ні прымай законаў і правак – дэмаграфічная яма 90-х зробіць сваю справу. І можа так атрымацца, што беларуская армія сутыкнецца з рэальным недаборам новых байцоў на тэрміновую службу.
Войска з пустымі казармамі будзе яшчэ большым аб'ектам для кпінаў і недаверу з боку грамадскай думкі.
Вельмі не хацелася б, каб інстытут Узброеных сіл Беларусі стаў закладнікам сваіх жа не заўжды адэкватных кабінетных ініцыятыў.
Патрыятычнае выхаванне: абавязак – не прыгон
Працаваць з грамадствам — цяжкая і не самая ўдзячная праца. Але сітуацыя вымагае тэрміновага стымулявання грамадзянскай актыўнасці ў кірунку стварэння і супрацоўніцтва з рэгулярнымі войскамі ваенізаваных патрыятычных структур. Здаецца, гэта апошні шанец, каб вярнуць хаця б частку даверу грамадзянаў да Узброеных сілаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!