З нагоды 100-гадовага юбілею народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава Лявон Вольскі піша пра свае першыя ўспаміны, звязаныя з забароненымі кнігамі Быкава, «асаблівасці» беларускай тапанімікі і непахісную веру ў тое, што часы зменяцца і мы «дажывем да сьвітаньня».
Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва
Балтыйскае паветра і размовы пра Быкава
Мне было пятнаццаць, і бацька ўзяў мяне ў вандроўку па, як тады казалі, Прыбалтыцы. Мы праехаліся па Літве, Латвіі ды Эстоніі, паглядзелі на старыя гарады, зусім не падобныя да звыклага савецкага стандарту. Пад уплывам балтыйскага паветра бацька раптам пачаў шчыраваць, і я пачуў, што Беларусь мае пісьменьніка сусьветнага маштабу, што ягоную кнігу забаранілі, а яго за гэтую кнігу ледзьве не рэпрэсавалі. Што пісьменьнікаў такога ўзроўню на ўвесь Савецкі Саюз — адзінкі. Я добра запомніў гэтую размову, бо бацька рэдка выказваўся пра існы лад і парадак рэчаў, відаць, баяўся, што ў будучыні гэта можа мне нашкодзіць. Гэтым пісьменьнікам быў Васіль Быкаў, а забароненая кніга — «Мёртвым не баліць».
Падступная стратэгія савецкай намэнклятуры
Быкаў выдаваўся па ўсім сьвеце, на розных мовах і, зразумеўшы ягоную значнасьць, савецкая намэнклятура абрала новую перадавую стратэгію — не «забараніць і рэпрэсаваць», як у 1930-я, а «навязаць супрацу і прыручыць». Дасі таленавітаму творцу якую Ленінскую прэмію, узнагародзіш ордэнам, — і ён ужо амаль на тваім баку. Прынамсі, так выглядае. Ну, як можа быць не на баку афіцыёзу «ляўрэат прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі СССР, Ленінскай прэміі, Герой сацыялістычнай працы, кавалер ордэна Леніна»? Гэта была хітрая і падступная стратэгія.
Ад «недатыкальтнага аўтарытэту» ў шэраг «небясьпечных апазыцыйных дзеячаў»
Васіль Быкаў. Крыніца: belhistory.com
Але любая ўлада ня вечная (хто б мог падумаць, праўда?), і прыйшлі іншыя часы, зь іншымі правіламі, іншай намэнклятурай, іншымі мэтадамі. Выплыў на паверхню стары лёзунг «Хто ня з намі, той супраць нас», і для цяперашняе ўлады вага асобы ў сьвеце, былыя заслугі, талент ужо нічога ня значылі. Не ўхваляеш новы парадак — у бан!
І такім чынам Васіль Быкаў са сваім унушальным бэкграўндам (а ён, апроч усяго, яшчэ й рэальны вэтэран вайны!) перайшоў з разраду «заслужанага й недатыкальтнага аўтарытэту» ў шэраг «небясьпечных апазыцыйных дзеячаў». А гэта значыць, што цябе не выдаюць дзяржаўныя выдавецтвы, ігнаруе афіцыйная прэса, калі новая ўлада пра цябе выказваецца, дык з ноткаю іроніі, калі не сказаць пагарды.
Працяг гэтае гісторыі ўсе ведаюць — Васіль Быкаў вымушана зьяжджае за мяжу, а вяртаецца на радзіму ўжо безнадзейна хворым і ў 2003 годзе адыходзіць у іншы сьвет.
Вуліцы Быкава ў Менску так і няма
«Чорны сьпіс» працягвае дзейнічаць і пасьля скону пісьменьніка. Колькі разоў людзі пісалі пэтыцыі ды звароты, каб у Менску зьявілася вуліца Васіля Быкава, выканкам быў нязломны, стаяў «мурам каменным», як абаронцы Брэсцкае крэпасьці, як героі-панфілаўцы, як той юнак, што цьвёрда трымаўся на дапросе — не, і ўсё! Вуліцы імя Васіля Быкава ў беларускай сталіцы дагэтуль няма.
Затое ёсьць вуліцы Кнорына (лічыў, што беларусаў не існуе, гэта адгалінаваньне расейскага этнасу), Шаранговіча (падпісваў падчас пэрыяду рэпрэсіяў сьмяротныя прысуды), Панамарэнкі (змагаўся зь беларускай мовай і «стукаў» Сталіну на нашых літаратараў) і дзясяткаў (калі ня сотняў!) іншых адыёзных асобаў — катаў, кар’ерыстаў, забойцаў, самадураў і прыстасаванцаў.
«Жалезны Фэлікс» у беларускай тапаніміцы
І ў першых шэрагах гэтага брыдотнага натоўпу — пэрсанаж, чыё прозьвішча вы 100% чулі, зь якога беларускага гораду ці мястэчка б не паходзілі. Вынаходнік і апантаны выканаўца чырвонага тэрору! Масавы забойца. І вельмі папулярная асоба ў беларускай тапаніміцы — яму і праспэкт у сталіцы, і горад — раённы цэнтар (які раней называўся прыгожа — Койданава), дробныя і буйныя вуліцы, і нават цэлая птушкафабрыка... А цяпер яшчэ й ліцэй пры БДУ!
Вы ўжо ведаеце, пра каго гаворка, так? А ўсё чаму? Бо гэты пэрсанаж, Фэлікс Дзяржынскі, пакуралесіў сабе падчас рэвалюцыі ды грамадзянскай вайны, пакатаваў-пазабіваў, а потым прылёг на канапу і сканаў ад інфаркту. Прынамсі, ён не «запляміў сябе» ўдзелам у стварэньні Беларускага Народнага Фронту, не пісаў пра Курапаты і не крытыкаваў беларускую ўладу, панаваньне якой нечакана расьцягнулася аж на трыццаць гадоў! Таму Дзяржынскім можна называць усё, што хочаш — хоць краму, хоць басэйн, хоць аўтобусны парк. І, як завяшчаў паэт Маякоўскі:
Юноше, обдумывающему житьё,
Решающему, делать жизнь с кого,
Скажу, не задумываясь: делай её
С товарища Дзержинского!
Хаця...
Вы ж памятаеце: улада ня вечная, неўзабаве скончыцца гэты сумны час беларускае гісторыі. Зьменіцца колер сьцягоў, помнікі «жалезнаму Фэліксу» здадуць на мэталалом, пра яго самога здымуць хорар-фільм (ці сэрыял), былыя выканкамаўскія супрацоўнікі будуць млява апраўдвацца: «А што было рабіць? Мы выконвалі загады, на нас аказвалі ціск...», вуліцы пераймянуюцца, а наш Васіль Быкаў так і застанецца Васілём Быкавым — выбітным пісьменьнікам, гонарам нашай краіны, творы якога ведаюць у цэлым сьвеце, і словы якога мы чуем і цяпер:
«Я веру, што Беларусь жыве і будзе жыць. Зробім жа ўсё дзеля гэтага».
І дажывем да сьвітаньня.
Лявон Вольскі, Budzma.org