Дэмакратыя ў «цемрашальскім» Сярэднявеччы

Пасля перамогі «варварскай» Еўропы над антычнай, падзення Заходнерымскай імперыі пачаўся працяглы перыяд Сярэднявечча. Пра традыцыі дэмакратычнага кіравання ў сярэднявечных рэспубліках Венецыі і Генуі, а таксама ў мікра-рэспубліках Андоры і Сан-Марына піша Канстанцін Семяновіч.


1_Republic_of_Genoa_map_by_Homann_Erben.png
Карта Генуэзскай рэспублікі

Погляд на Сярэднявечча

Тэрмін гэты прыдумалі ў XV-XVI стст. дзеячы Рэнесансу — адраджэнцы Антычнасці — і трактавалі як «цёмныя вякі» рэгрэсу, прамежак, сярэдзіна гісторыі паміж вялікай Антычнасцю і яе Адраджэннем.

Погляд пра «цёмныя вякі» даўно адкінуты гісторыкамі, якія хоць і засталіся пры тэрміне «Сярэднявечча», але трактуюць яго не як дэградацыю, а як чарговы этап развіцця еўрапейскай цывілізацыі. Між іншым, былі ў Еўропе грамадствы і дзяржавы ў постаці сярэднявечных рэспублік, якія праз усё Сярэднявечча і Новы час пранеслі традыцыю дэмакратычнага кіравання.

Сістэма «ваеннай дэмакратыі»

На перыферыях Еўропы ў племянных супольнасцях, у тым ліку славянскіх, дзейнічала сістэма т.зв. «ваеннай дэмакратыі». Яна абапіралася на веча — сход усіх дарослых мужчын, здольных насіць зброю. У прыватнасці, на вечы абіраліся вайсковыя правадыры. Старажытнагрэцкі гісторык Пракоп, які пісаў пра грамадскі ўстрой славян, адзначаў, што яны не падлягаюць уладзе аднаго чалавека, але здаўна жывуць у народаўладдзі, таму ўсе найважнейшыя справы вырашаюць на агульным сходзе.

Дэмакратыя ў сярэднявечнай Венецыі

Пэўныя рысы дэмакратыі доўгі час праз усё Сярэднявечча і нават пазней захоўвалі некалькі італьянскіх рэспублік — гарадоў-дзяржаў, найбуйнейшай сярод якіх была Венецыя. А пару сярэднявечных мініяцюрных рэспублік ацалелі да нашага часу.

Венецыянская дзяржава ўзнікла ў VIII ст. праз аб’яднанне некалькіх гмінаў, фармальна падпарадкаваных Візантыі.

Венецыя ў 15 стагоддзі
Венецыя ў XV стагоддзі. Фота: navlovesm.pics

Напачатку ўлада мела манархічны характар, але ў канцы XIV ст. у Венецыі сфармавалася алігархічная рэспубліка, якой кіравалі каля 200 арыстакратычных родаў. Народныя сходы з удзелам рамеснікаў і купцоў напачатку ўдзельнічалі ва ўладзе, але потым былі ліквідаваныя.

Венецыяй кіравала Вялікая рада, а сенат займаўся замежнай палітыкай і калоніямі. Функцыі ўрада выконвала дзесяціасабовая Сігнорыя. Рэальным асяродкам улады былі ўсё ж рады: Вялікая рада, Рада дзесяці, у той час як улада дожа — фармальнага кіраўніка рэспублікі, была моцна абмежаваная.

Венецыяне стараліся падтрымліваць палітычную раўнавагу ва ўсіх радах. Надзвычай складаная сістэма прызначэння чыноўнікаў мела на мэце не дапусціць дамінацыі якога-небудзь аднаго роду.

Венецыянская рэспубліка мела гістарычны поспех — вырасла ў марскую супердзяржаву і разраслася тэрытарыяльна коштам земляў на Апенінскай і Балканскай паўвыспах, а таксама астравоў у Міжземным моры.

Генуэзская рэспубліка

З Венецыяй актыўна канкуравала і нават ваявала Генуэзская рэспубліка, хоць урэшце канкурэнцыю тую прайграла.

1_Republic_of_Genoa_map_by_Homann_Erben.png
 Карта Генуэзскай рэспублікі. Фота з Вікіпедыі

Улада ў Генуі знаходзілася ў руках калегіі консулаў і сенату, якія папаўняліся з шэрагаў купецкага патрыцыяту. Аднак неяк на некалькі гадоў уладу перахапілі цэхі — паставіўшы на чале рэспублікі «народнага капітана». Потым багацеі зноў узялі верх. Пасля паразы ў суперніцтве з Венецыяй Генуя хутка страціла самастойнасць, трапіўшы пад уладу Іспаніі, потым Францыі.

Сярэднявечныя міні-рэспублікі

Да нашых дзён ацалелі дзве сярэднявечныя міні-рэспублікі ў Паўднёвай Еўропе. Адна з іх Андора ў Пірэнеях каля іспанска-французскай мяжы з насельніцтвам каля адной тысячы чалавек — існуе з ХІІІ стагоддзя.

Андора
    Андора. Фота з Вікіпедыі

Заканадаўчая ўлада належыць Генеральнай радзе ў складзе 24 асобаў, выбіраецца кожныя чатыры гады. Рада прызначае выканаўчую ўладу ў асобе сіндзіка з намеснікам, а судовую ўладу выконваюць войты, прызначаныя прэзідэнтам Францыі і біскупам суседняга іспанскага горада Ургель.

Рэспубліка Сан-Марына на поўначы Апенінскай паўвыспы мае плошчу каля 60 км2 і каля 20 тыс. грамадзян. Цікава, што яе ўстрой абапіраецца на звычаёвае права. Галава (дакладней, галовы) дзяржавы — два капітан-рэгенты, прызначаюцца кожныя паўгода Вялікай і Генеральнай радамі. Апошнія выконваюць заканадаўчую ўладу і змяняюцца кожныя чатыры гады праз усеагульныя выбары. Выканаўчую ўладу трымае Дзяржаўная рада ў складзе 10 чалавек.

Сан-Марына
Сан-Марына

Швейцарыя

Гельвецкая канфедэрацыя, паўсюдна вядомая як Швейцарыя, таксама пачыналася ў Сярэднявеччы, менавіта ў 1291 г., калі тры швейцарскія кантоны заключылі вечны саюз.

Элементы дэмакратыі ў сярэднявечных рэспубліках прысутнічалі на розных узроўнях — ад народных сходаў да алігархічных радаў, фармаваных праз выбары. Хоць алігархі рознымі спосабамі абмяжоўвалі народаўладдзе (месцамі ўвогуле ліквідавалі народныя сходы), дэмакратычная традыцыя перажыла стагоддзі Сярэднявечча і датрывала да часу, калі дэмакратыя атрымала новае дыханне.

Канстанцін Семяновіч, Budzma.org

Чытайце яшэ:

Дэмакратыя і «канец гісторыі»

Як у Антычнай Грэцыі пабудавалі сістэму народаўладдзя

Дэмакратыя як рабаўладальніцкая супольнасць

Рэспубліка і дэмакратыя, ворагі ці хаўруснікі