У гісторыі склалася так, што на працягу многіх стагоддзяў дэмакратыя, дакладней, яе некаторыя элементы, былі цесна звязаныя з рэспублікамі — рэальнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, якія кіраваліся ўласным рэспубліканскім ладам. Айчынамі рэспублікі былі не Афіны, але Спарта, Рым і Венецыя.
Археалагічны музей Спарты. Фота з Вікіпедыі
Рэспубліканская традыцыя доўгі час не была тоесная дэмакратыі, нават, у пэўным сэнсе, ёй супрацьстаяла. Але сучасная дэмакратыя здолела прыстасаваць да сваёй мадэлі рэспубліканскую тэорыю ды практыку і гэткім чынам сёння мы маем дэмакратычныя рэспублікі.
Што значыць «класічная рэспубліка»
Справа ў тым, што, паводле даўняй класіфікацыі, дэмакратыя была адным з трох асноўных грамадскіх устрояў-ладаў. Гэтая класіфікацыя кіравалася крытэрыем колькасці людзей пры ўладзе: калі ўлада ў руках адной асобы — то гэта манархія — першы ўстрой; калі кіруе меншасць — гэта арыстакратыя, (алігархія) — другі лад; калі ж кіруе большасць — то ўжо дэмакратыя.
Дык вось, класічная рэспубліка — гэта мяшанка ўсіх трох устрояў. Найпрасцей кажучы, у адну сістэму ўводзіліся элементы ад кожнай з трох названых мадэляў: інстытуцыя выбараў — ад дэмакратыі; інстытуцыя, (напрыклад, сенат), якая прадстаўляла арыстакратычную эліту (родавую ці маёмасную); ды яшчэ далучаўся манархічны элемент у постаці кіраўніка са значнымі ўладнымі прэрагатывамі. У рымскай рэспубліканскай мадэлі то былі народныя трыбуны, сенат і консулы.
«Гракхі». Скульптар Э. Гійом. Бронза. 1853. Музей Орсэ (Парыж)
Прыклад паспяховай рэспублікі
Найбольш паспяховая ў гісторыі мадэль рэспублікі была створаная ў ЗША (яна да сёння спраўна працуе). Яшчэ адзін спосаб такой мяшанкі ў найноўшай гісторыі — фармаванне сярэдняй класы, куды ўваходзілі выхадцы з розных грамадскіх стратаў.
Канстытуцыя ЗША 1787 г
Рэспубліканская традыцыя прайшла шматвекавую эвалюцыю праз вопыт Рыма і Венецыі, яе па-рознаму інтэрпрэтавалі, часам даволі адрозна ў эпоху Адраджэння, у XVII, XVIII стст. у Англіі і Амерыцы. Важная агульная рыса рэспублікі з дэмакратыяй — грамадзяне павінны быць роўнымі між сабой адносна права і незалежныя адзін ад другога, г. зн. не звязаныя адносінамі — пан і слуга.
Арыстакратычны, радыкальны ці дэмакратычны рэспубліканізм
Можна адрозніць, напрыклад, арыстакратычны рэспубліканізм, які выпрацаваў механізм стрымання націску большасці народа. У гэтай сістэме ствараліся мяшаныя формы кіравання, якія ўраўнаважвалі інтарэсы адзінкі (манарха), меншасці (алігархіі) і большасці (народа), менавіта, стараліся спалучыць манархію, вышэйшую і ніжэйшую палату парламента. Дарэчы, пры стварэнні рэспубліканскага ўстрою ЗША ўзніклі праблемы з такой мяшанкай. У гэтым краі эмігрантаў не назіралася спадчыннай арыстакратыі, і невядома было, хто павінен належаць да арыстакратычнай меншасці.
Вылучаецца таксама радыкальны ці дэмакратычны рэспубліканізм, паводле якога належыць, наадварот, асцерагацца арыстакратыі і алігархіі. Гэтая традыцыя падкрэслівала фундаментальнае значэнне дэмакратычнага элементу.
У сучаснай дэмакратычнай рэспубліцы выявілася важная праблема — немагчымасць стварэння мяшанага ўраду са спалучэннем трох асноўных грамадскіх элементаў. Таму яго замясцілі канцэпцыяй падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, распрацаванай Шарлем Монтэск’е ў XVIII ст.
Розніца паміж Рымам і Афінамі
Элементы дэмакратыі прысутнічалі ў рэспубліканскім Рыме. Асновай рымскага грамадства былі два станы — патрыцыі — родавая арыстакратыя; і плебс — свабодныя людзі, якія стваралі рымскі народ — популус. Дзяржава і грамадства ў рэспубліцы фармаваліся праз антаганізм паміж патрыцыятам і плебсам. Кіраваў краінай арыстакратычны сенат, але плебс дзеля абароны ўласных інтарэсаў стварыў некалькі інстытутаў, у тым ліку — інстытут народных трыбунаў і народны сход (плебісцыт). Патрыцыі не хацелі прызнаваць гэтыя інстытуты, але ўрэшце вымушаныя былі саступіць пад націскам масаў. Справа дайшла да дамовы, паводле якой рашэнні народнага сходу станавіліся законамі без зацвярджэння іх сенатам.
Цыцэрон выступае ў сенаце. Фрэска 19ст Цэзарэ Маццары. Фота: worldhistory.org
Аднак паміж Рымам і афінскім полісам існавала прынцыповая розніца, менавіта, у Рыме мэтай плябейскай эліты было толькі далучэнне да арыстакратычнай улады, у той час як народ Афінаў яе цалкам зліквідаваў і стварыў новую сістэму — афінскую дэмакратыю.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшэ:
Дэмакратыя і «канец гісторыі»
Як у Антычнай Грэцыі пабудавалі сістэму народаўладдзя
Дэмакратыя як рабаўладальніцкая супольнасць