-
- Паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава 21 снежня выступілі ў Доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы “Світанак” пад Ракавам.
- Паэт паміж чытаннем вершаў расказаў пра сакрэт доўгажыхарства ад славутага беларускага навукоўца Барыса Кіта, якому сёлета споўнілася 103 гады (сам доўгажыхар лічыць, што чалавеку падаўжае жыццё родная мова!). Асабліва цёплымі апладысментамі слухачы віталі беларускія рамансы, а таксама перакладзены на беларускую мову рускі раманс “Свяціся, зорачка мая” (“Гори, гори, моя звезда”). Пасля сустрэчы сваімі ўражаннямі падзяліўся М. Скобла: “Нам было надзвычай прыемна, калі людзі вельмі сталага веку раптам заўважна памаладзелі, жанчыны падпявалі, а мужчыны раптам пачалі прасіцца на сцэну, каб на памяць пачытаць вершы! Прыкладам, у выкананні аднаго з ветэранаў прагучаў верш “Пасылка” П. Глебкі – з пачуццём і экспрэсіяй, вартай конкурса чытальнікаў! Мы радыя, што змаглі падараваць паважаным людзям гадзіну маладосці”. Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
-