У клубе Loft адбылася двайная прэм’ера – гурт ili-ili прадстаўляў сваю новую беларускамоўную праграму “list”, а “BosaeSonca” прэзентаваў ужывую “Залаты альбом”.
Зірнуўшы на гасцей імпрэзы, можна было б зрабіць выснову, што выступаюць улюбёныя гурты беларускіх паэтаў. Сярод наведнікаў былі Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч. Прысутнічалі і вядомыя музыканты – сваіх калегаў прыйшлі паслухаць Макс Сіры і Міхей Насарогаў, Наста Шпакоўская, Алег Хаменка. Лідар “Палаца” па традыцыі і вёў вечарыну “Жывы Тузін”, што ладзіць штомесяц у клубе Loft партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Першымі на сцэну Хаменка запрасіў хлопцаў з ili-ili, якія ў гэты вечар гралі пашыраным складам. Да трох сталых удзельнікаў каманды далучыліся басіст і бубнач. Музыкі прадстаўлялі абсалютна новую праграму, якая звалася “list”. Як патлумачыў Зміцер Ясеневіч, асноўная частка песняў была напісаная падчас гастроляў па Францыі ў складзе трупы Купалаўскага тэатра. “Таму мы лічым гэта не проста песнямі, а лістамі дадому, да родных”, — сказаў музыкант. Пачалі з песні, якая звалася “Прывітанне”. Цягам усяго выступу ўдзельнік гурта Міхась Зуй хваляваўся, ці чуе словы публіка і на ўсялякі выпадак прагаворваў паміж песнямі тэкст. Падпець гледачы маглі хіба што “v.v.” – адзіную пакуль выдадзеную беларускамоўную песню гурта. Музыкі пахваліліся, што гэта адзіны кліп на нашай мове, які круцяць на МУЗ-ТВ. Але і акрамя яе ў гурта хапае патэнцыйных хітоў. Надзвычай цёпла былі ўспрынятыя зусім новыя кампазіцыі “Танцпляц” і “З днём нараджэння”.
Падчас традыцыйнага розыгрышу прызоў Алег Хаменка вырашыў не задаваць пытанняў пра ўдзельнікаў вечара, а звярнуў увагу на асобу Кастуся Каліноўскага. Вядоўца цікавіўся ў публікі, калі нарадзіўся беларускі нацыянальны герой, якое меў другое імя, як яго па бацьку. Хіба толькі трэцяе пытанне выклікала цяжкасці, але ўсё адно знайшоўся той, хто ведаў слушны адказ.
Героі вечара — гурт BosaeSonca — урэшце сабраліся разам на прэзентацыю свайго “Залатога альбома”. Рэліз дыска адбыўся якраз у дзень канцэрту. Музыкі выступаюць у поўным складзе цяпер нячаста. Складанасць у тым, што вакаліст каманды Алесь Кот-Зайцаў жыве ў Маскве, а баяніст Алесь Ясінскі — у Празе. “Мы вельмі хваляваліся перад канцэртам, зрэшты, як і заўсёды: ці ўсё ў нас атрымаецца? Ці прыйдуць людзі? Ці наогул каму-небудзь трэба тое, што мы робім?” — кажа Алесь Кот-Зайцаў. У пачатку свайго сэту ён папрасіў падтрымкі залы ды прапанаваў падысці бліжэй да сцэны – усе з радасцю адгукнуліся, і музыкам стала прасцей: “Трэба нам, мусіць, пазбаўляцца сціпласці”, — ужо весела зазначыў Алесь. Музыкі сыгралі ўсе песні з “Залатога альбома”. Некаторыя з іх прагучалі ўпершыню, як “Ільды”. Гэты твор Кот-Зайцаў згадаў і другі раз на біс ды прысвяціў яго памяці мастачкі Стасі Майстрэнка. У пэўны момант да гурта далучылася струннае трыа, і на невялікай сцэне клуба стала зусім цесна. Загалоўны трэк альбома “Золатам” Алесь вырашыў выканаць з Байсанам, які разняволена і душэўна прачытаў свой бязлітасны рэп. Сюрпрызам было выкананне песні “Намалюй”, самага даўняга трэку каманды. Па выніку засталіся задаволеныя і музыкі, і публіка.
фота – Аляксандр Ждановіч