Дырэктару дома культуры ў Ахова далі яшчэ 15 сутак за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы

Суд Пінскага раёна прызначыў дырэктару дома культуры ў Ахова Аляксандру Дземчуку другія 15 сутак па артыкуле аб непадпарадкаванні патрабаванню службовай асобы (24.3 КаАП), піша «Новы Час» са спасылкай на mediazona.by.


65.jpg
Аляксандр Дзямчук

23 снежня Дземчука арыштавалі на 15 сутак па тым жа артыкуле — 22 снежня ён залез на дрэва ў спробе перашкодзіць камунальнікам ссякаць векавыя дубы.

22 снежня супрацоўнікі камунальных службаў прыехалі да вясковых могілак у аграгарадку Ахова Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, каб ссекчы векавыя дубы, пісала «Медыя-Палессе». Абараніць дрэвы спрабавалі мясцовыя пенсіянеркі — яны сустрэлі працоўных ля могілак, а пазней засталіся стаяць побач з дубамі ў знак пратэсту.

Неўзабаве да могілак прыбылі супрацоўнікі АМАПа, а дырэктар сельскага клуба, «зняверыўшыся выратаваць векавыя дрэвы шляхам звароту ў органы ўлады і навуковыя ўстановы, узлез на адно з іх». Пасля гэтага Дземчука затрымалі, ноч ён правёў у Пінскім РАУСе.

Чытайце па тэме: Калі дрэвы паўстануць. Меркаванне з прычыны вялікай бітвы пад Пінскам, дзе сышліся чыноўнікі з дубамі

«Новы Час»