Пасля надання дранікам статусу беларускай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а ўкраінскаму баршчу — элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў адпаведным спісе UNESCO, не сціхаюць дыскусіі ў медыя. Ці дранікі нашы, а боршч украінскі? Чаму UNESCO гэта вырашае? Разбяромся па паняццях.
Нацыянальнае заканадаўства і UNESCO
У адпаведнасці з Канвенцыяй UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) 2003 года, краіны, якія ратыфікавалі Канвенцыю, ствараюць уласныя нацыянальныя інвентары НКС. Хто вырашае, што туды трапіць? Адпаведна з Канвенцыяй, «нематэрыяльная культурная спадчына — гэта звычаі, формы падачы і выражэння, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы, артэфакты і культурныя прасторы, прызнаныя супольнасцямі, групамі і, у некаторых выпадках, асобнымі людзьмі ў якасці часткі іх культурнай спадчыны». То-бок вырашаць павінны людзі, якія з’яўляюцца носьбітамі спадчыны. На практыцы ў Беларусі гэта выглядае так: мясцовыя работнікі культуры атрымліваюць у людзей пісьмовую згоду, у раённым альбо абласным метадычным цэнтры народнай творчасці запаўняюць дакументы, кансультуючыся са спецыялістамі Універсітэта культуры ў Мінску, а рэспубліканская навукова-метадычная Рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры зацвярджае гэтыя дакументы. Потым выходзіць пастанова Мінкульту аб папаўненні спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей. Але гэта не значыць, што зацверджаны элемент аўтаматычна трапіў у спіс UNESCO!
Пасля ўнясення элемента НКС у нацыянальны інвентар можна падаць дакументы ў UNESCO з просьбай, каб элемент унеслі ў адзін з міжнародных спісаў. Дзейнічаюць Рэпрэзентатыўны спіс НКС, спіс НКС, якая патрабуе тэрміновай аховы, рэестр лепшых практык аховы НКС. Звычайна ад краіны разглядаюць па адной намінацыі ў кожны са спісаў на год, таму цяжка «адправіць у UNESCO», як у нас кажуць, усе скарбы, што мы маем у Нацыянальным Інвентары.
Варта адзначыць, што тэрміналогія беларускага заканадаўства не адпавядае міжнароднай: у нашым Кодэксе аб культуры пішуць «нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць», а ў Канвенцыі UNESCO — «элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны», і гэта надае дадатковай блытаніны.
Што лічыць нематэрыяльнай культурнай спадчынай?
Зноў чытаем тэкст Канвенцыі UNESCO. НКС праяўляецца ў наступных галінах: вусныя традыцыі, выканальніцкія мастацтвы, звычаі, абрады, святкаванні, веды і звычаі адносна прыроды і сусвету, веды і навыкі, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі.
Пазначана таксама, што нематэрыяльная культурная спадчына «перадаецца ад пакалення да пакалення, пастаянна ўзнаўляецца супольнасцямі і групамі ў залежнасці ад навакольнага ім асяроддзя, іх узаемадзеяння з прыродай і іх гісторыі, і фарміруе ў іх пачуццё самабытнасці і пераемнасці, садзейнічаючы тым самым павазе да культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека».
Чытайце яшчэ: «Дзярун-бургер» — альтэрнатыва «біг-маку», або Кулінарны эксперымент ад «Будзьма!»
На практыцы ў Беларусі нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі прызнаюцца ў асноўным праявы беларускай сельскай традыцыйнай культуры. Гэты статус маюць таксама гербы беларускіх гарадоў і некаторыя тапанімічныя аб’екты, але яны не ўнесены ў Інвентар НКС, бо не адпавядаюць духу Канвенцыі. Статус элемента НКС мае таксама спектакль Купалаўскага тэатра «Паўлінка». Па статыстыцы на канец 2021 г. у беларускім Інвентары НКС 46 традыцыйных рамёстваў, 23 традыцыйныя цырымоніі, 14 выканальніцкіх мастацтваў, 11 рэцэптаў традыцыйнай ежы, 6 элементаў у катэгорыі «Светапогляд людзей, міфалогія», 5 вусных традыцый. Па колькасці элементаў у Інвентары ў лідарах Брэсцкая і Гродненская вобласці (20), аўтсайдары — Гомельшчына і Магілёўшчына (адпаведна 13 і 15). Віцебская і Мінская вобласці пасярэдзіне (19 і 17 элементаў у Інвентары). Горад Мінск акрамя спектакля «Паўлінка» з’яўляецца асяродкам бытавання двух агульнабеларускіх элементаў: мастацтваў выцінанкі і саломапляцення.
Агулам можна сказаць, што ў беларускім Інвентары НКС мала прадстаўлена гарадская культура, а традыцыі нацыянальных меншасцей не прадстаўленыя зусім.
Міжрэгіянальныя і міжнародныя намінацыі
Найчасцей элементы НКС у беларускім Інвентары прэзентуюць культуру асобна ўзятай вёскі, значна радзей — двух асяродкаў. Сустракаюцца элементы, падрыхтаваныя для ўнясення ў Інвентар супольна некалькімі раёнамі ці абласцямі. Напрыклад, так было падчас працы па збіранні інфармацыі пра паўночнабеларускую страву «клёцкі з душамі». Спачатку з ініцыятывай выступіў Лепельскі раён, а потым прадстаўнікі іншых раёнаў Віцебшчыны заявілі, што ў іх таксама гатавалі клёцкі.
Дакументацыя на агульнабеларускія элементы звычайна рыхтуецца з мэтай пазней дапрацаваць яе для падачы ў спісы UNESCO. Там, у сваю чаргу, ахвотна прымаюць міжнародныя намінацыі, калі элемент НКС аб’ядноўвае некалькі краін. Таму няма сэнсу спрачацца, ці дранікі — унікальная страва, характэрная толькі для Беларусі. Галоўнае, што мы прызнаем яе сваёй. Ці частка з нас. Я вось асабіста дранікі не люблю, але гэта не замінае страве адпавядаць усім крытэрам НКС. Тое, што бульба, з якой робяць дранікі, з’явілася ў Беларусі толькі ў ХІХ ст., — таксама не нагода адмаўляць дранікам у статусе нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. У азначэнні НКС з Канвенцыі UNESCO пра даўнасць бытавання элемента нічога не гаворыцца. Галоўнае, каб супольнасць празнавала яго сваёй спадчынай.
Тое ж самае з украінскім баршчом: калі беларусы, расіяне ці іншы народ захоча сабраць рэцэпты, падрыхтаваць дакументы і далучыцца да ўкраінскай намінацыі ў UNESCO, ніхто не ў праве забараніць. Праўда, расіянам давядзецца спачатку ратыфікаваць Канвенцыю аб ахове НКС: яны дасюль гэтага не зрабілі. Існуе нешта кшталту расійскага Інвентара НКС, але запаўняюць яго навукоўцы, практычна без удзелу мясцовых супольнасцей.
Пра ўкраінскі боршч нам распавяла ўкраінская даследчыца Алена Кандрацюк (Олена Кондратюк).
Чытайце яшчэ: «Літоўскі халаднік» у летнюю спёку. Гатуем з «Будзьма!»
— Ці па ўсёй Украіне гатуюць боршч?
— Для українців борщ, як перша рідка страва (повсякденна, недільна, святкова, обрядова) має широке поширення та значення. Традиційний борщ для більшості українців — капустяний, оскільки буряк у довоєнний час був в обмеженій кількості. Борщ міг мати різні інгредієнти. Все залежало від території, пори року, наявності посту, статків та вподобань українців. Відтак, основним інгредієнтом борщу була капуста. Її використовували переважно квашеною разом з морквою, такий борщ могли заправити підсмаженою цибулею. В залежності від сезону борщ готували на м’ясних кістках або на сухій рибі (в’юнах), або ж присмажували за́товкою (внутрішні салом), часником, підсмаженою тертою морквою. Також до капусти додавали картоплю, буряк (переважно заквашений), цибулю, моркву, квасолю, сухі гриби та рибу тощо.
Існують і інші варіанти борщів. Зокрема борщ зі щавлем і навіть чорний борщ, заправлений свинячою кров’ю. Переважна більшість господинь мала спеціальний горщик, у якому готували виключно борщ.
— Ці боршч — толькі штодзённая страва?
— Борщ був і серед страв святкового столу українців. Скажімо, на Поліссі на Святий вечір (Коляду) варили пісний колє́дний борщ, а до Великодня його готували з додаванням бурякового квасу на березовому соку.
Борщ був і залишається обов’язковою стравою поминального обіду поряд з коливом та кашею. Його використовували з метою здійснення глибоко символічної обрядової дії — пускання пари для душі померлого.
Українці використовували борщ і у магічних практиках. Скажімо, щоб викликати дощ в засуху, місцеві мешканці часом крали борщ з трьох різних обійсть та вкидали його, разом із горщиками до чужого колодязя та так, щоб ніхто не бачив. Відтак, дитяча пісенька набуває дещо іншого смислового навантаження:
Іди, іди, дощику,
Зварю тобі борщику
У новому горщику,
Тобі каша, а мні борщ,
Шоб густіші падав дощ.
— Ці спадабаецца ўкраінцам, калі да намінацыі ў UNESCO далучыцца, напрыклад, Беларусь са сваімі рэцэптамі баршчу? Ці падтрымалі б украінцы міжнародную намінацыю ў спіс UNESCO дранікаў, калі б беларусы выступілі з такой ініцыятывай?
— Сьогодні, коли значна частина українського суспільства покладає на білоруську громадськість відповідальність за участь у воєнних діях проти України, розпочатих РФ 24 лютого 2022 році, підтримка жодної з номінацій щодо подання на внесення до списку нематеріальної культурної спадщини UNESCO нажаль неможлива.
Агулам у Беларусі з міжнароднымі намінацыямі элементаў НКС у UNESCO не вельмі склалася. У 2020 г. у Рэпрэзентатыўны спіс унесена культура бортніцтва (разам з Польшчай). Ад нашай краіны вялікую частку працы па падрыхтоўцы правяла грамадская арганізацыя «Таварыства босых бортнікаў». А ў 2021 г. яе ліквідавалі. У 2016 г. адбыўся беларуска-славацкі семінар па падрыхтоўцы супольнай намінацыі «Культура дуды». З нашага боку справа падвісла, а вось Славакія ўжо ўпісала сваю дуду ў спіс UNESCO.
Даведка:
З Беларусі ў спісы НКС UNESCO ўнесены наступныя элементы:
абрад калядавання «Цары» ў в. Семежава Капыльскага р-на,
вясновы абрад «Юр’еўскі карагод» у в. Пагост Жыткавіцкага р-на,
урачыстасць шанавання абраза Маткі Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст),
культура бортніцтва (супольна з Польшчай).
Астатнія элементы пакуль унесены толькі ў беларускі Нацыянальны Інвентар НКС. Давайце не будзем блытаць!
Алена Ляшкевіч, для budzma.by