18 кастрычніка на адным з самых буйных кніжных кірмашоў свету ў Франкфурце (Нямеччына) распачаў працу беларускі стэнд, піша bellit.info. Там можна паглядзець кнігі і пазнаёміцца з дзейнасцю незалежных выдавецтваў: Januškevič Publishing, Gutenberg Publisher, Vesna Books, Skarynyčy, Skaryna Press, ARCHE, «Мяне няма».
Пройдзе некалькі мерапрыемстваў з беларускімі гасцямі. Так 20 кастрычніка ў 15.30 выступіць паэт і выдавец Зміцер Вішнёў (стэнд 3.1 / D99, Stand des Hessischen Literaturrats). Будзе чытанне вершаў і абмеркаванне вайны, эміграцыі і будучай кнігі паэта «Непадпарадкаванне» разам з Астрыд Фэштэд (Astrid Vehstedt).
У сераду 18 кастрычніка, у першы дзень адкрыцця стэнда, пры падтрымцы Інстытута беларускай кнігі адбылася панэльная дыскусія «Free Expression in the Face of Repression», прысвечаная Беларусі.

Многія беларускія пісьменнікі і выдаўцы вымушаныя былі сысці ў падполле альбо з’ехаць за мяжу. Сёння яны прыкладаюць намаганні, каб аднавіць сваю дзейнасць і падтрымліваць сувязі з беларускімі грамадзянамі, раскіданымі па розных краінах свету.
Што значыць аднавіць працу ў якасці пісьменніка або выдаўца за мяжой? Якія існуюць шляхі для распаўсюду кніг? Ці можна разважаць пра беларускую літаратуру не з пазіцыі ахвяры, не як пра палітычную заяву, а з перспектывы літаратурных якасцяў і пасылаў? Якая будучыня чакае беларускую літаратуру? — на гэтыя і іншыя тэмы будуць размаўляць госці.
Удзел прынялі:
Вольга Гапеева, пісьменніца і паэтка;
Аліна Коўшык, кіраўніца Прадстаўніцтва па справах адукацыі і нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай;
Ала Пігальская, PhD, прадстаўніца Інстытута беларускай кнігі;
Інга Пец, мадэратар, рэдактар dekoder.org.
Працоўная мова — ангельская. Запіс дыскусіі ў перакладзе на нямецкую мову можна паглядзець па спасылцы.