Дыялог з аўтаматам і гранатамі

Аляксандр Лукашэнка аказаўся ў сапраўды няпростай сітуацыі. Акрамя пратэстаў у краіне адбываецца сур'ёзны ціск з боку Захаду. Сустрэчы Ціханоўскай з Макронам і Меркель, адкліканне амбасадараў краінаў ЕС маюць не толькі іміджавы характар.

А блакаванне Літвой дапамогі на 6 млн еўра па лініі памежнага супрацоўніцтва можа быць толькі пачаткам рэальнага абмежавання фінансавання па шматлікіх заходніх праграмах.

Напярэдадні наведвання СІЗА Лукашэнка 9 кастрычніка адзначыў на нарадзе для некаторых прадстаўнікоў камандна-адміністрацыйнага апарату некалькі істотных тэзаў, якія тычацца палітычнай абстаноўкі:

— сітуацыя пад кантролем,
— пратэсты радыкалізуюцца,
— былі згаданыя падзеі ў Кыргызстане.

Таксама адбылася тэлефонная размова прадстаўніка ЕС па справах міжнароднай палітыкі Жазэпа Барэля і Уладзіміра Макея. Падчас яе еўрапейскі палітык нагадаў пра патрабаванні Еўропы вызваліць палітзняволеных, пачаць дыялог, спыніць рэпрэсіі.

Менавіта пасля гэтых падзеяў Лукашэнка нечакана наведаў СІЗА КДБ , дзе выказаўся пра «дыялог». А яго фота- і відэасесія ў кампаніі з былымі ўдзельнікамі перадвыбарчай кампаніі разляцеліся па СМІ.

Кыргызскі фактар

Адной з акалічнасцяў, якая магла падштурхнуць Лукашэнку да сустрэчы са зняволенымі, — магчымая радыкалізацыя пратэстаў на фоне падзеяў у Кыргызстане. Гэта шырока абмяркоўваліся ўвесь тыдзень у беларускіх СМІ.

Напэўна, што беспарадкі ў Бішкеку разглядаліся ў высокіх кабінетах як адзін з варыянтаў разгортвання сітуацыі у Мінску.

Імаверна, на думку Лукашэнкі і атачэння, ягоная сустрэча і публікацыя кадраў могуць знізіць напружанасць у грамадстве і пратэстны патэнцыял.

У такім выпадку цалкам імаверна, што Лукашэнка вельмі сур'ёзна ставіцца да вулічных акцый. І разглядае сілавыя сцэнары захопу адміністрацыйных будынкаў, пераход на бок пратэстоўцаў часткі сілавых структур.

Распаўсюд інфармацыі аб сустрэчы ў СІЗА можа быць прыкрыццём нядзельных дзеянняў міліцэйскіх структур падчас пратэстнай акцыі ў Мінску. Якія, здаецца, сталі найбольш жорсткімі пасля падзеяў 9-12 жніўня. І відавочна былі ўхваленыя і каардынаваліся вярхоўкай камандна-адміністрацыйнага апарату. Як спроба супрацьдзеяння «радыкалізацыі пратэстных акцый», пра якую казаў Лукашэнка 9 кастрычніка.

Пыл у вочы Захаду ці Крамлю

Яшчэ адна цалкам верагодная версія — гэта сустрэча выключна дзеля прыгожых кадраў. Але ў адрозненне ад фотаздымкаў з аўтаматам, мэтавай аўдыторыяй мусіла стаць «заходняя публіка», як палітыкі, так і грамадства.
На карысць гэтай версіі сведчаць адразу некалькі падзеяў напярэдадні. 

Словы пра «поўны кантроль над сітуацыяй» былі адрасаваныя наменклатуры, каб чыноўнікі не сумняваліся, што сустрэча ў СІЗА — не ёсць праява слабасці Лукашэнкі.

Другая акалічнасць, якая можа мець дачыненне да візіту да зняволеных, — гэта кантакт Макея і Жазэпа Барэля.

Пасля серыі размоваў Макея са сваімі калегамі гэта ледзь не першы дыялог на такім узроўні пасля выбараў. Адкліканне амбасадараў краінаў ЕС — адпаведны фон напярэдадні тэлефанавання Барэля. Што можа быць дадатковым сведчаннем сур'ёзнай глыбіні замарозкі стасункаў Еўропы з Лукашэнкам.

Відавочна, што ён і ягонае атачэнне будуць намагацца мінімізаваць негатыў з боку еўрапейцаў і амерыканцаў.

Як вядома, адно з патрабаванняў Захаду да Лукашэнкі — гэта дыялог з апазіцыяй. Не лічачы таго, што сустрэча адбывалася ў СІЗА, фота атрымалася знакавым. А некаторыя СМІ нават не вельмі і пазначылі ў загалоўках такую дробязь, як месца «дыялогу».

photo_2020-10-12_07-38-17.jpg

Frantfurter Allgemeine: дробным шрыфтам «Размова ў вязніцы»

Цалкам імаверна, што гэта і было часткай мэты Лукашэнкі. Які, здаецца, пачаў свой звычайны гандаль з Захадам па прыкладзе падзеяў пасля 2010 года.

У той час «нармалізацыя стасункаў» з заходнімі краінамі была зведзеная да «гандлю зняволенымі», як гэта называлі ў прэсе.

Магчыма, усё большы ўплыў на камандна-адміністрацыйную сістэму Беларусі з боку Расіі, які можна назіраць цяпер, абумоўлены цалкам рэальнай замарозкай стасункаў з боку Захаду. Таму Лукашэнка, імаверна, адчуў неабходнасць прадэманстраваць намер выконваць патрабаванні ЕС і партнёраў. Маленькімі крокамі, як і раней, каб заставалася прастора для манеўраў. 

Тэлефанаванне Ціханоўскага жонцы ў такім выпадку ярка дэманструе «добрую волю». Вызваленне некалькіх зняволеных — таксама. Але з пункту гледжання палітыкі і пераадолення крызісу на сённяшні момант, здаецца, асаблівага значэння не мае.

Яшчэ адной прычынай можна лічыць спробу прадэманстраваць Крамлю «варыянт самастойных дзеянняў».

Ёсць імавернасць, што Лукашэнка, спрабуючы пазбавіцца фатальнай залежнасці ад Пуціна праз падобную «імітацыю дыялогу з элементамі праяваў добрай волі», такім чынам дэманструе ўсходнім партнёрам варыянт «дрэйфу на Захад» у выпадку выканання патрабаванняў ЕС.

Ва ўсіх гэтых «манеўрах» адміністрацыйная сістэма не ўлічвае вельмі важкі фактар — грамадства.

Існуе істотная розніца з 2010-м годам — маштабныя вулічныя пратэсты, у якіх бярэ ўдзел найбольш актыўная частка беларусаў. 

Сёння Лукашэнка і ягонае атачэнне робяць выгляд, што не заўважаюць катастрафічнага разлому ў беларускім грамадстве, які толькі пашыраецца праз затрыманні, рэпрэсіі, ахвяры і кроў.

Напэўна, менавіта ўзровень пратэстаў Захад і Усход успрынялі як сігнал пра кардынальныя змены настрояў сярод беларусаў. Можна заўважыць змену стратэгіі гэтых гульцоў.

Пакуль мы бачым толькі тактычныя крокі Лукашэнкі, кожны з гэтых бакоў можа выкарыстоўваць цяжкае ўнутрыпалітычнае становішча ў Беларусі для рэалізацыі ўласных інтарэсаў.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org