Дзе б ні быў прапісаны Шагал на працягу свайго доўгага жыцця, ён працягваў маляваць родны горад. Так што калі і на вас навалілася настальгія — можна прабавіць яе ў адным з музеяў, дзе ёсць яго карціны. Да дня народзінаў самага знакамітага віцебскага мастака (а гэта 24 чэрвеня па старым стылі) Сойка сабрала 8 гарадоў, у якія аматары Шагала могуць даехаць з шэнгенскай візай або нават без яе.
Важна! Часта ў музеях Марк Шагал прэзентаваны як «рускі» мастак (або месца яго нараджэння пазначана як «Віцебск, Расейская імперыя» — без ніякіх удакладненняў). А раз ужо мы тут пачалі людзьмі звацца, то будзе вельмі дарэчным, калі кожны з нас, наведваючы музей і заўважыўшы такую прэзентацыю мастака, пісаў водгукі, скаргі і прапановы. Варта не проста пасіўна настальгаваць, а змагацца за Шагала, калі хочам, каб яго імя звязвалася з Беларуссю не толькі ў нашай свядомасці.
ВІЦЕБСК, АРТ-ЦЭНТР МАРКА ШАГАЛА
«Мама, паехалі ў Францыю паглядзім Шагала». — «У нас ёсць Шагал дома»... — і далей па тэксце. Як бы ні было сумна, аднак у родным горадзе мастака захоўваюцца далёка не самыя вядомыя яго працы, і амаль выключна графічныя: ілюстрацыі да гогалеўскіх «Мёртвых душаў», літаграфіі «12 каленаў Ізраіля» і яшчэ некалькі менш раскручаных. Бывае, часам прывязуць нешта яшчэ паказаць, але на пастаяннай экспазіцыі «Над горадам» і іншых «віцебскіх» карцін вы не сустрэнеце. Калі выбраліся ў Віцебск, не забудзьцеся і пра Дом-музей Шагала.
Marc Chagall, Le Bouffon, 1965
НІЦА, НАЦЫЯНАЛЬНЫ МУЗЕЙ МАРКА ШАГАЛА (MUSÉE NATIONAL MARC CHAGALL)
Калісьці мо і ў нас будзе музей з такой назвай, але пакуль што адна з самых багатых калекцый захоўваецца на поўдні Францыі, у Ніцы, у музеі, які быў адкрыты яшчэ пры жыцці мастака ў 1973-м. Першапачаткова гэта быў «Музей біблейскага паслання Марка Шагала», бо змяшчаў працы з біблейскага цыклу, але пазней калекцыя значна пашырылася. З самых знакамітых прац у музеі ёсць, напрыклад, «Блакітны цырк».
Marc Chagall, Le Cirque Bleu, 1953
ЦЮРЫХ, КУНСТХАЎС (KUNSTHAUS ZÜRICH)
Не Джакамеці адзіным славіцца цюрыхскі Кунстхаўс. Акрамя таго, што гэта ў цэлым адзін з найкруцейшых і найбагацейшых мастацкіх музеяў у свеце, там ёсць вялікая калекцыя прац самых выбітных імёнаў канца 19 — пачатку 20 стагоддзя, так што хіба кожны сустрэне тут сваіх любімцаў (і нават калі вы больш па старэйшым мастацтве — вас знойдуць там чым уразіць). Сярод іншага, на пастаяннай экспазіцыі ёсць цэлая зала з хрэстаматыйнымі працамі Шагала — чыстая радасць.
Marc Chagall, Au-dessus de Paris, 1970
Дарэчы, калі вы ўжо ў Цюрыху, то грэх не зайсці ў царкву Фраўмюнстэр, каб паглядзець знакамітыя шагалаўскія вітражы.
ІЕРУСАЛІМ, СІНАГОГА ПРЫ МЕДЫЧНЫМ ЦЭНТРЫ «ХАДАСА» (ABBELL SYNAGOGUE, HADASSAH MEDICAL CENTER)
Вядома, на гістарычнай радзіме Шагала не можа не быць ягоных прац. Калі вы гэтаксама, як і Сойка, любіце вітражы, то залятайце ў сінагогу ў Эйн-Керэме, прыгарадзе Іерусаліма. Калі вы перад гэтым пабывалі ў віцебскім Арт-цэнтры, то імаверна пазнаеце сюжэт гэтых вітражоў — тыя самыя 12 каленаў Ізраіля з кнігі «Быцця».
фота: publicdelivery.org
А калі вы даехалі да Іерусаліму, то можна і ў Тэль-Авіў скатацца, тым болей, што мастацкі музей у гэтым горадзе сапраўды ўражвае: апроч імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў, якіх тут багата, паказваюць усялякіх іншых мадэрністаў, сярод якіх ёсць і Шагал.
Marc Chagall, Solitude, 1933
АМСТЭРДАМ, ГАРАДСКІ МУЗЕЙ (STEDELIJK MUSEUM)
Тут захоўваецца шмат сучаснага мастацтва, сярод іншага — багатая калекцыя класічнага мадэрнізму: тут вам і Манэ, і Манэ, і Пікаса, і Пікасо, і вялікая калекцыя Малевіча, і яшчэ шмат імёнаў, вядомых нават тым, хто прагульваў у школе «МХК». Ну, і вядома, Шагал там таксама ёсць — сярод іншага, яго знакаміты «Скрыпач».
Marc Chagall, Le violoniste, 1913
А яшчэ абавязкова варта завітаць у Chagall Gallery Wuyt: тут багатая калекцыя літаграфій, дрэварытаў і афортаў.
ПАРЫЖ, ЦЭНТР ЖОРЖА ПАМПІДУ (CENTRE GEORGES-POMPIDOU)
Сярод багаццяў калекцыі музея ёсць і некалькі шагалаўскіх прац: «Двайны партрэт з келіхам віна», «Акрабат», «Падзенне Ікара» і іншыя.
Marc Chagall, L’Acrobate, 1930
Таксама ў Парыжы варта завітаць у Оперу Гарнье (Opéra Garnier) — у ёй Шагал размаляваў частку столі над жырандоляй. Гучыць не так унушальна, як выглядае: усё той жа пазнавальны стыль і тая ж радасць, што праменіцца ад ягоных прац.
фота: wikipedia.org
МАДРЫД, НАЦЫЯНАЛЬНЫ МУЗЕЙ ТЫСЭНА-БАРНЭМІСЫ (MUSEO NACIONAL THYSSEN-BORNEMISZA)
Сярод вельмі добрага збору мадэрнізму ёсць і чатыры шагалаўскія працы. Сойка асабліва раіць не прапусціць адзін з самых віцебскіх пейзажаў — «Шэры дом»: у ім выразна пазнаюцца абрысы яго роднага горада, а будынкі ў стылі віленскага барока ў цэлым гучаць вельмі па-беларуску. А яшчэ там ёсць «Певень», адна з самых пяшчотных прац аўтара.
Marc Chagall, La Maison grise, 1917
БАЗЭЛЬ, МАСТАЦКІ МУЗЕЙ (KUNSTMUSEUM BASEL)
Тут захоўваюцца некалькі ранніх прац мастака, а яшчэ больш час ад часу выстаўляюцца — бо многія з іх належаць да прыватных калекцый (а ў Швейцарыі акурат няма недахопу ў аматарах мастацтва, якія могуць сабе дазволіць набыць працы). Так што калі раптам вас занесла ў Базэль — праверце, ці не паказваюць у іх Марка нашага Шагала, а то шкада, калі прапусціце нешта ўнікальнае.
Marc Chagall, Le Marchand de bestiaux, 1912
Чытаць яшчэ: Чатыры карціны Марка Шагала сышлі з малатка на аўкцыёне ў Цюрыху
Чытаць яшчэ: Унучкі Марка Шагала падарылі музею ў Віцебску кнігі з асабістай бібліятэкі мастака