У Варшаве прайшла прэзентацыя новага беларускага календара, які прапануе Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні

27 студзеня ў Варшаве адбылася прэзентацыя новага беларускага календара, падрыхтаванага Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Prezientacyja novaha biełaruskaha kalendara

«Пытанне ўвядзення новага календара — гэта не толькі пра выбар дат, якія мы лічым вартымі ўшанавання, не толькі дыскусія пра тое, якія з гэтых дат мусяць стаць выходнымі. Гэта пра сімвалічныя каардынаты нашага жыцця і свядомасці. Пра тое, хто і як нам навязвае гэту сімвалічную сетку каардынат — дзяржава зверху ці сама супольнасць гатовая рабіць гэта знізу», — адзначае Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Паводле Баркоўскага, новы беларускі каляндар — гэта адкрыты праект.

«Мы гатовыя прыслухоўвацца да меркаванняў людзей, карэктаваць уключэнне ці выключэнне тых або іншых дат. Вельмі важна, каб усё грамадства, асабліва праз сваіх інтэлектуалаў і экспертаў, было залучанае ў гэты працэс вызначэння свайго календара беларускага жыцця.

Вельмі каштоўна было пачуць думкі вядомых беларусаў — як з пазітыўнай, так і з крытычнай рэакцыяй на саму ініцыятыву і некаторыя яе моманты.

Дыскусіі наконт неабходнасці дэкаланізацыі і дэкамунізацыі нашай грамадскай думкі, вызначэння важных падзей для нацыянальнага коду заўжды плённыя. Таму мы ўдзячныя ўсім, хто ўжо далучыўся да абмеркавання», — адзначыў Павел Баркоўскі.

Спампаваць каляндар можна па спасылцы.

Новы беларускі каляндар ад прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні аб’ядноўвае важныя падзеі, памятныя дні і культурныя традыцыі Беларусі. У ім ёсць як знакавыя даты гісторыі, так і новыя святы, якія з’явіліся пасля 2020 года.

У календары разам з усім знаёмымі датамі, як Новы год, Божае Нараджэнне, 8 сакавіка (падаецца ў новым календары як Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын, а не проста як жаночы дзень), Вялікдзень і пад., зазначаныя, напрыклад, Шчадрэц (13 студзеня), Дзень нязломнасці (2 лютага, свята, ініцыяванае Аб’яднаным пераходным кабінетам з мэтай адзначыць мужнасць беларусаў у барацьбе за свабоду, падтрыманне палітвязняў і змаганне за дэмакратычныя каштоўнасці), пачатак месяца Рамадан у мусульманаў (19 лютага), Дзень роднай мовы (21 лютага), Пурым у габрэяў (3 сакавіка), Ураза-байрам у мусульманаў (20 сакавіка), Міжнародны дзень помнікаў (18 красавіка), Дзень памяці чарнобыльскай трагедыі (26 красавіка), Дзень салідарнасці з палітзняволенымі (21 траўня), Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю (9 жніўня) і шмат іншых.