14 кастрычніка Эдуард Акулін і Таццяна Беланогая з творчым візітам наведалі Мікашэвічы, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі дзве сустрэчы: у Мікашэвіцкай СШ №1 і Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага.
“Сустрэча ў Мікашэвіцкай СШ №1 прайшла пад зоркай паэзіі Максіма Багдановіча, бо была прымеркаваная да 120-годдзя вялікага паэта. Мы пастараліся адкрыць вучням Багдановіча як творцу агульначалавечага маштабу, якога варта разглядаць у вымярэнні беларускай вечнасці… Доказам гэтаму гучалі неўміручыя вершы і песні на словы Максіма Багдановіча.
У гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага нам выпаў гонар стаць удзельнікамі штогадовага літаратурнага свята, прымеркаванага да дня народзін паэта, чыё імя з 2006 года носіць гэтая навучальная ўстанова. Як заўсёды, свята прайшло на высокім арганізацыйным узроўні, а наш выступ стаў ягоным заключным акордам. Прызы ж ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” надалі абедзвюм сустрэчам інтэрактыўны характар”, — падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Мікашэвічы выступоўцы.