Лідар гурта John Doe Дзяніс Астапаў у беспрэцэдэнтным фрыстайл-інтэрв’ю раскрывае ўсе таямніцы цяжкасцяў існавання сапраўднага рэпера ў Беларусі.
Пра сябе
Упершыню раскрыўшы вочы, адчуў незразумелы немаўляці дыскамфорт,
чыю доўга не мог зразумець прыроду —
потым бацька ўзяў мяне на рукі і паднёс да вакна:
Гэта “Трыццатнік”*, сын.
Ну, цяпер ясна.
Дзіцячы садок, дзве самаволкі ў хрушчы, тры з паловай гады на Мянжынцы*.
Нажніцы
ў руках выхавацелькі — і абяцанне адрэзаць піпіські тым, хто кепска паводзіцца падчас “ціхай гадзіны”.
Аднапакаёўка з мэбляй на “двушку” без рамонту, і вось я ў куцепаўскім* гета, праз гаражы з букетам з бабулінага агарода спяшаюся ў цыганскую школу. Паспяхова спасцігаю кепскае, маці пераводзіць у нармальную, там яшчэ горш: усе нармальныя — ненармальныя.
Рэп, “Металіка”, ніжэй за калена, сусед-афганец з пісталетам на дзіцячай пляцоўцы.
Узяў на стрыжку, набыў піва, “Саюз Апалон” і на лаўку — заваёўваць аўтарытэт перад старэйшымі. Пацаны на справу мяне не пускаюць. А 12-й мусіш быць дома, па-любому.
Сябруем, п’ём, на возера ходзім.
Але лідара ўва мне не бачаць. Палова зграі ў турме, другая з лістоў капіюе іх мадэль паводзінаў.
Лета ўсё больш халоднае, пытанні ўсё надзённейшыя…
Што я раблю тут? Хто гэтыя людзі? Хто падпаліў бамжа пад маім балконам?
Фрыстайл у тачцы ля рачнога порта. Бандосы рэспектуюць — на “бэсе” да пад’езда, багажнік як чмель гудзе басамі “ву-тэнга”. Бачу сваіх на лаўцы праз таніраванае шкло і разумею, што музло ўстаўляе не горш за чарніла.
Універ — не без дапамогі — навука даецца цяжка. Тэксты хутчэйшыя і цікавейшыя. Асноўнае пытанне — надыбаць бітло: чытаць пад мінусы “Басты” ужо нейк несалідна.
Ёсць, кажуць, адзін дасведчаны фацінскі* бітмейкер. Аповесць пра тое, як загартоўваюцца гапары, згадваю без прыемных дрыжыкаў па целе.
Так і рухаемся да гэтага дня. Пішам, выступаем, у качалку ходзім…
* – раёны Магілёва
Пра ўплывы
Кнігі ніяк не ўплываюць на чалавека, калі стаяць на паліцах. У юнацтве я і кнігі трымаліся адно ад аднаго падалей, сапраўднаму рэперу неабходны мікро і выразны флоў, каб гартаць бетонныя старонкі раёна. Папера для батанаў блізарукіх. Музыка — так! Як дзень пачаць без “фак да поліс” і хто, як не Дэцл, зразумее, чаму плача белы Lil Bow Wow у чорным квартале? І пакуль увесь гэты час на маё развіццё нічога не ўплывала. а прадзюсарам маёй творчасці была выпадковасць, я быў поўны ідэй і ўпэўненасці ў тым, што талент не прап’еш, і песціў сябе яблычным джын-тонікам. Але хутка мяняць месцамі словы “каханне”, “назаўжды”, “нябёсы” і “вочы” зрабілася бессэнсоўна, і рука сябра працягнула мне кнігу дапамогі. Навёрстваю да гэтага часу. Поспехі мінімальныя.
Пра натхненне
Песні, як вядома, бяруцца са складанак песень. А іх якасць залежыць ад выдавецтва. Натхняе натхненне. З ім я асабіста не сутыкаўся. Для сябе выбіраю больш дзейсныя прыёмы і менш фантастычныя. Напрыклад, падумаць і пастарацца.
Пра гучанне
Казаць пра гучанне можа група “Radiohead”, напрыклад. У нас што гітара выдавала, тое і было гучаннем. Купіць Ягор (гітарыст гурта John Doe — рэд.) новую — будзе іншае гучанне. Але не купіць, у яго грошай няма.
Пра гісторыю John Doe
Зусім не важна, з чаго ўсё пачалося і як працягвалася. Жыццё любога з удзельнікаў гурта нічым не адрозніваецца ад жыцця вашага суседа па гаражы, зазірні ноччу ў вокны свайго дома і зразумееш, што нават мамкі дзяцей сваіх лупяць аднолькава, а ўсе дзеці прыносяць ім аднолькавыя “двойкі”. А ўсе таты проста моўчкі чысцяць рыбу на кухні. Як фільм “300 спартанцаў”: пяць качкоў з дзідамі, а ззаду іх памножаныя копіі паўтараюць рухі. Табе нафіг не трэба ведаць, як завуць гітарыста альбо дзе працуе басіст, магчыма, з табой у адным кабінеце і завуць яго як цябе. Слухай прадукт, які гэтыя людзі ствараюць. Твая тэма? Балдзей. Калі лайно – пераключы. Ты ж не ведаеш, колькі гадоў слесару на заводзе, які тваю іншамарку сабраў, табе зручна, і ты на ёй едзеш. Заві нас проста: рыцары John Doe!
Пра стыль John Doe
Я лічу, што ў нас музыка вельмі сур’ёзнага стылю і вельмі моднага напрамку. Як шансон і дабстэп, сур’ёзна і модна, постхрысціянскі шандстэп. Гэта ж класіка… На творчасць уплывае занятак творчасцю. Вось гэта потым адразу чутно. На чыю творчасць паўплываў занятак творчасцю, а хто нават і не спрабаваў.
Пра змрочныя песні
Мне таксама часам здаецца, што яны змрочныя, а потым быццам нармальныя. А чаму не? Што кепскага ў змрочнасці? Не ўсё ж весяліцца. Думаю, і пасумаваць нямала падстаў знойдзецца, а тут раз — альбом! Агароджы, крыжы, труны, магілы… і адчуваеш штосьці роднае, адразу супакойваешся і з чыстым сэрцам Фарэла гучней. Плюс не сорамна дзяўчыне ўключыць на спатканні. Маўляў, глянь які я сумны і задуменны. Яна такая: “Опа! Ну красава!” І ў шчаку дазволіць пацалаваць.
Пра сэнс спяваць
А пра што песні салаўя? Нічога не зразумела, вядома, але адчуваеш, што пра нешта вясёлае. Ну вось так і тут: ні халеры не зразумела, але адчуваеш, што сэнс ёсць. Божа барані толькі даносіць, звычайна даносчыкі дрэнна канчаюць. Выхаваны ў “олдскульных” традыцыях.
Пра канцэрты, крыжы і кроў
Крыжы (на канцэртах у зале падчас выступу John Doe — заўвага рэдакцыі) — каб абы-хто на канцэрты не хадзіў, а то прыйдуць, на крыж паглядзяць і грахі свае згадваюць, у выніку ніхто не танчыць, сыдуць у сябе, стаяць і вусны прыкусваюць. А тут і кроў на падыходзе — каб іх з сябе выцягнуць, патрэбныя радыкальныя меры. Ну і сапраўдны рыцар заўсёды па локаць у крыві. Мы на гэта не забываем. І, вядома ж, канцэпцыя ў гэтага ўсяго ёсць, але яна можа не супадаць з вашым уяўленнем. Мы не хочам расчароўваць вас, і вы нас паспрабуйце не засмучаць. Можна пагаварыць пра псіхалогію. І значэнне чырвонага колеру ў вопратцы. І звярнуцца да чырвонага колеру ў міфалогіі. І разглядаць кроў як сукупнасць нейкіх магутных сімвалаў. Мы вам пакінулі прастору для фантазіі. Каб вы, прыйшоўшы на канцэрт ці седзячы дома ў слухаўках, пабудавалі свой персанальны сусвет у галаве. І так пастаянна ў гэтым лайне канкрэтыкі, а тут хоць палётаеце. Чуеш, і кружэлку набудзь, і на канцэрт прыйдзі, яшчэ і нешта там будуй самастойна, ты не афігеў, блазан? Проста мы з пацанамі вырашылі, што будзе так.
Пра іншых музыкаў
Мы з ЛСП з адной флэйвы, Raped by British — на дадзены момант адна з наймацнейшых флэйваў у РБ, гэта мае блізкія, мае псы. Хоўміс, ю ноу? Магу назваць Брэменскіх музыкаў яшчэ, таму што іх проста запомніць: сабака там на кантрабасе быццам, асёл на вакале… усё як у жыцці. Я б з пацанамі Стаса Касцюшкіна разагрэў як след. Нейкая тагасветная моц у ім прысутнічае. А так выступаем з нашымі рок-карашамі. Назвы іх ансамбляў занадта вядомыя, каб прамаўляць услых.
Пра магілёўскі сіндыкат
Лепшай назвы і прыдумаць нельга. Магілёўскі картэль, сіндыкат, арганізаваная групоўка. Нам не патрэбныя грошы і слава. Мы будзем запальваць гарады і вёскі металам і рэпам. Зноў і зноў, пакуль не настане цішыня. Бацькі клічуць нас безгаловымі вырадкамі. Бо ведаюць, што будзе.
Пра гурт “Грязь”
“Грязь” — гэта наш з Англічанінам (Рома Англічанін, музыка — заўвага рэдакцыі) праект, які вось-вось будзе размарожаны і пададзены на талерцы з сакавітых бітаў з хрумсткай скарыначкай адчаю і начыннем з могілкавага шоргату і крыку тапельцаў.
Пра мову
Я не моўны нацыст і да ўсіх моваў стаўлюся аднолькава. І так здарылася, што думаю я рускімі словамі, свае думкі выказваю імі ж і не бачу прычын пісаць па-іншаму. Пакуль руская не толькі для рускіх — можна гэтым і скарыстацца. Але калі песня па-беларуску ўратуе чыёсьці жыццё, я неадкладна яе напішу.
Пра культуру
Адносна стану беларускай культуры я, на жаль, не надта дасведчаны, але паводле маіх унутраных адчуванняў капітальны рамонт пасля Купалы і Коласа не праводзіўся. А які можа быць стан у гісторыі? Гісторыя знаходзіцца ў кепскім стане? Вы звярнулі ўвагу, у якім стане нашая гісторыя? Так ці што?
Размаўляў Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва