Літаратурна-музычныя сустрэчы з удзелам паэта Міхася Скоблы і спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай 14 чэрвеня прайшлі ў Дзятлаве – у летніках “Усмешка” (СШ № 1) і “Вясёлка” (СШ № 3). Пазнаёміўшы школьнікаў са сваімі новымі кнігамі, М. Скобла прывёў словы Францішка Скарыны: “Як у каштоўным камені моц, як ядро ў арэху, як золата ў зямлі, гэтак мудрасць у кнігах схавана. Усякаму чалавеку трэба сябраваць з кнігай, бо яна люстэрка людскога жыцця і душэўныя лекі, уцеха – самотным, знявераным – помач”. Паэт заклікаў сваіх слухачоў не быць самотнымі і зняверанымі – чытаць беларускія кнігі і пісаць па-беларуску не толькі сачыненні і пераказы. І сярод дзятлаўскіх школьнікаў тут жа знайшоўся свой паэт – Арцём Мазоль, які нават асмеліўся пачытаць перад сталічнымі гасцямі ўласны верш, за што і атрымаў кнігу з аўтографам. Т. Грыневіч-Матафонава развучыла з дзецьмі некалькі песень, з асаблівым задавальненнем імправізаваны хор выканаў песню-скарагаворку “Кура-шчабятура”, якая настолькі старажытная, што яе мог бы спяваць сам Скарына, едучы ў вазку з Полацка ў Прагу. У “Вясёлцы” да выступоўцаў далучыўся слонімскі краязнавец Сяргей Чыгрын, які распавёў пра кніжную культуру рэгіёна і паказаў незвычайныя кніжкі са сваёй калекцыі – круглыя, як футбольны мяч, маленькія, як напарстак, нават кніжку на колах! Юныя слухачы таксама даведаліся, што ў Слоніме неўзабаве з’явіцца помнік кнізе – Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Падчас сустрэчаў былі наладжаны таксама розныя конкурсы і віктарыны, пераможцы якіх атрымалі прызы. Абедзве імпрэзы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Валянціна Рагозік