“Сімвалы роднай зямлі: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”, — святочныя сустрэчы пад такой назвай былі наладжаны на Гомельшчыне Ларысай Раманавай у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Сустрэчы адбыліся 22 снежня ў Гомельскай цэнтралізаванай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна (аддзел абслугоўвання вучняў 1-5 класаў) з удзелам хлопчыкаў і дзяўчынак 4 “с” (спартыўнага класа) СШ № 24 г. Гомеля і 23 снежня ў Неглюбскай сярэдняй школе Веткаўскага раёна. У апошняй сустрэчы бралі ўдзел вучні сярэдніх і старэйшых класаў, настаўнікі гэтай школы.
Напачатку былі прадстаўлены відэасюжэты — рэцытацыі, падрыхтаваныя студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова, прысвечаныя 125-годдзю з Дня нараджэння Максіма Багдановіча.
А потым размаўлялі пра лёс і асобу Францыска Скарыны, пра першую кнігу “Псалтыр”, надрукаваную ім у жніўні 1517 года ў Празе, якой распачаўся летапіс беларускага і, разам з тым, усходнеславянскага кнігадрукавання, пра кампанію “Пяцісотгоднасць”, абвешчаную ў Беларусі найстарэйшым творчым саюзам — Саюзам беларускіх пісьменнікаў, а таксама МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. “Прага” — гэта ж і беларускае слова, — заўважыў хтосьці з вучняў, — якое мы так рэдка сёння кажам…”
Экспанавалася “Кніга быцця”, том 1 — адна з шэрагу кніг факсімільнага ўзнаўлення “Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны”, выдадзеная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў Мінску ў 2013 годзе да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Звярталася ўвага на наступны цікавы факт. Вядомыя на сённяшні дзень экзэмпляры Кнігі Быцця, надрукаваныя Францыскам Скарынам, захоўваюцца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, Бібліятэцы Расійскай акадэміі навук, Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, Дзяржаўным гістарычным музеі, Дзяржаўным Уладзіміра-Суздальскім гісторыка-архітэктурным і мастацкім музеі-запаведніку, Цюменскім абласным краязнаўчым музеі імя І.Я. Слаўцова (усе — Расійская Федэрацыя), Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.І. Вярнадскага, Адэскай нацыянальнай бібліятэцы імя М. Горкага, Нацыянальным музеі імя А. Шаптыцкага (усе — Украіна), Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве (Польшча) і Верхнялужыцкай навуковай бібліятэцы ў Гёрліцы (Германія). Тыраж выдання невядомы, але ён наўрад ці перавышаў 1000 экзэмпляраў. (Паводле ўступнага артыкула “Кніга Быцця” Галіны Кірэевай, Аляксандра Сушы да вышэйпазначанага выдання).
Многія з вучняў Неглюбскай сярэдняй школы ўмеюць ткаць на кроснах. Паводле школьнай праграмы, на працягу навучальнага года адзін раз на тыдзень на ўроку працы настаўніца Настасся Рыгораўна Каўтунова вучыць гэтаму старажытнаму рамяству (яно ж — і мастацтва) хлопчыкаў і дзяўчынак. Навучанне пачынаецца ў пятым і заканчваецца ў дзевятым класах.
Для неглюбскай традыцыі ткацтва характэрныя тэрміны ткацтва, якія маюць пракаветныя сакральныя сэнсы: “паткаць хрястамі”, “саджаць узоры”, “сад чаўнакоў”, ды іншыя. “Ручнік тчэцца ад беражка да беражка”, — сцвярджала Настасся Іванаўна Грынькова (1930-2005 гг.), якая родам — з неглюбскага пасёлка Ляды. “Беражком” яна, ды і ншыя носьбіты гэтай традыцыі, называла пачатак узорнага канца ручніка.
Для вучняў Неглюбскай сярэдняй школы, добра знаёмых з мясцовымі ткацкімі тэрмінамі, відаць, было добра зразумелым параўнанне Францыска Скарыны Бібліі з чарадзейнай ракой. Вучні дэкламавалі фрагмент “Прадмовы доктара Францыска Скарыны з Полацка да ўсёй рускай Бібліі (у Францыска Скарыны і яго сучаснікаў рускай называлася старабеларуская мова): для дзяцей і простага люду з’яўляецца навукай, а для настаўнікаў і мудрацоў дзівам. Як чарадзейная рака: плыткая, што яе і ягня можа перайсці, але і такая глыбокая, што слон мусіць плысці.
У гэтай кнізе пачатак і канец усёй прыроднай мудрасці; Бог Усемагутны пазнаецца. У гэтай кнізе запісаныя ўсе законы і правы, якімі людзі павінны кіравацца на зямлі. У гэтай кнізе знойдзеце любыя лекі для душы і цела. Тут пабожнае навучанне філасофіі, што трэба любіць Бога дзеля саміх сябе і бліжняга дзеля Бога. Тут парадак усякага людскога і любога гарадскога сходу, калі праз веру, спалучэнне любові і згоды памнажаецца грамадскае дабро. Тут дастатковы выклад сямі вызваленых навук… (Літаратурны пераклад Прадмовы на сучасную беларускую мову А.У. Бразгунова).
Падчас сустрэч былі наладжаны невялікія выставы вышытых і тканых ручнікоў, якія захоўваюцца ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.
Сімваламі роднай зямлі паўстаюць адметныя назвы ўзораў ручнікоў, вытканых у вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна на пачатку ХХ стагоддзя: “якары” і “паўякары”, “лампадкі”, “Богава дарога”, “лебядзіная сцежка”, “галубіная дарожка”, “жалезныя пуці”, “светачы”, “мушкі”, “ключы”, “залато кружжа” ды іншыя назвы сакральнай духоўнай і матэрыяльнай прастораў: тыя ж “чаўны”, якія ёсць не толькі на ручніках, але і на тканых жаночых “платках”. Сапраўдныя чоўны, вырабленыя з камлёў асін у Казацкіх Балсунах, Вялікіх Нямках, яшчэ не так даўно можна было ўбачыць на Бесядзі, якая цячэ непадалёк ад гэтых вёсак. Баржы, невялікія рачныя судны плавалі па Бесядзі ў ХIХ ст. Амаль кожная назва тканага ўзора ўтрымлівае пэўныя ўяўленні, абрадавыя дзеянні, якім, магчыма, налічваецца не адна тысяча гадоў. У свой час каля Бесядзі “кінулі якар” жыхары Казацкіх Балсуноў: абралі месца для жыцця ў адной з найпрыгожых мясцін Беларусі, да яго, кажучы словамі Францыска Скарыны, “вялікую ласку маюць”.
Вучням 4 “с”класа СШ № 24 г. Гомеля надта спадабаўся літаратурна-забаўляльны дзіцячы альманах “Гарбузік Цуды свету”. Дзеці спрабавалі прачытаць няпросты тэкст “Застольнай песні гномаў” Джона Р.Р. Толкіна, надрукаваны ў альманаху на беларускай і англійскай мовах Некалькі нумароў “Гарбузіка”, кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, прыгожыя паштоўкі, радасць пазнання новых ведаў, святочны настрой — усё сталася добрым падарункам для ўдзельнікаў літаратурных сустрэч. Сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”