10 лістапада на Гомельшчыне адбыліся творчыя сустрэчы сябраў ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» у межах грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Першая сустрэча прайшла ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны. Грамаду прывітаў старшыня Гомельскай абласной філіі СБП Анатоль Бароўскі.
Перад студэнтамі-філолагамі выступіў Барыс Пятровіч. Старшыня ГА “СБП” і галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” распавёў пра новы, 78-ы нумар часопіса з найцікавейшым матэрыялам — дзённікам Уладзіміра Караткевіча.
Злева: Барыс Пятровіч, Зміцер Бартосік; уверсе, злева направа: Зміцер Бартосік, Андрэй Мельнікаў, Анатоль Бароўскі; унізе: Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч
Выступае Алесь Пашкевіч
Першы намеснік Старшыні ГА “СБП”, празаік Алесь Пашкевіч прэзентаваў сваю новую аповесць “Рух”, што нядаўна выйшла асобнай кнігай.
Зміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў
Свае вершы пачытаў Усевалад Сцебурака, а музычную частку імпрэзы склалі выступы Змітра Бартосіка і Андрэя Мельнікава.
Другая імпрэза адбылася ў Ветцы, куды літаратары выправіліся па запрашэнні калег-пісьменнікаў Генадзя Лапаціна і Ларысы Раманавай.
У раённай бібліятэцы дома культуры Веткі сабраліся цікаўныя гараджане і школьнікі.
Уверсе: Зміцер Бартосік, Ларыса Раманава, унізе, злева направа: Зміцер Бартосік, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Генадзь Лапацін
Перад публікай выступілі супрацоўнікі музея Ларыса Раманава і Генадзь Лапацін. Апошні распавёў пра сваю працу на кнігай “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры”.
Барыс Пятровіч, Генадзь Лапацін
Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч прэзентавалі свае выданні, а таксама павіншавалі ўсіх веткаўцаў з тым, што беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, частка жыцця якой звязаная з Гомельшчынай, стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
Выступ завяршыўся спевамі Змітра Бартосіка і аўтограф-сесіяй.
Імпрэзы праходзілі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Фота: Усевалад Сцебурака