У Сусветны дзень пісьменніка, 3 сакавіка, у музеі П.Броўкі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася першая сустрэча з цыклу “Таварыства мёртвых паэтаў. Пяць вечароў з Андрэем Хадановічам”.
Адкрытая лекцыя “Французскія дэкадэнты: нараджэнне паэзіі з духу Эдгара По” была прысвечана ўплыву знакамітага амерыканца на сузор’е найлепшых французскіх лірыкаў другой паловы ХІХ стагоддзя.
Андрэй Хадановіч апавядаў пра феномен “выклятых паэтаў”, пра імпрэсіянізм і сімвалізм як мастацкія сістэмы, чытаў свае пераклады вершаў Жэрара дэ Нэрваля, Шарля Бадлера, Стэфана Малармэ, а таксама знакамітага “Крумкача” Эдгара По і “П’яны карабель” Арцюра Рэмбо.
Акрамя паэтычных чытанняў і літаратуразнаўчых развагаў, лектар задаў прысутным шэраг пытанняў, разыграўшы некалькі прызоў ад Грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Наступная лекцыя “Два Арфеі: параўнальнае абагаўленне (Г. Апалінэр і К.І. Галчыньскі)” адбудзецца 10 сакавіка.