Эмілія Вольная: “Ўсё пабудавана на любові, у тым ліку і беларушчына”

emiliya-volnaja

— Спачатку я збольшага абыякава ставілася да беларускай мовы, думала, што хтосьці на ёй размаўляе, хтосьці – не, але калі зразумела, што такога няма, што стаўленне да яе збольшага адмоўнае, то вырашыла, што трэба браць усё ў свае рукі. За мяне ніхто не паразмаўляе, за мяне ніхто не будзе любіць Беларусь.З самага дзяцінства бацькі паказвалі сваім прыкладам і ўчынкамі, што беларушчыну трэба паважаць. Бацька, калі быў малы, на кожныя выходныя ехаў у вёску да бабулі, і ў яго засталася звычка размаўляць вясковай мовай, нават жывучы ў Мінску. Лічыць, што гэта лепей, чым размаўляць на чыстай рускай мове. Калі б у мне, яшчэ малой, запыталі, ці буду я размаўляць па-беларуску, я б адказала: “Не, якая беларуская мова!.. Ніколі ў жыцці!”

Я падрасла, пачала бываць у розных кампаніях. Сутыкнулася з рознымі людзьмі, якія казалі пра мову так, што было крыўдна: беларуская мова – лухта, тое ж самае, што і расійская, толькі іншы акцэнт, на ёй ніхто не размаўляе, бо яна нікому не патрэбная, і наогул, беларускай нацыі няма. Было вельмі крыўдна.

Па-беларуску ў мяне размаўляюць два старэйшыя браты. Адзін з іх перайшоў на беларускую пасля таго як з’ездзіў на Украіну. Ён размаўляў па-руску, а яго запыталі: “Слухай, ты ж беларус. Чаму ты не размаўляеш па-беларуску”. Ён прыехаў у Мінск, і яны пабіліся аб заклад з хлопцам пра тое, хто здолее размаўляць тыдзень па-беларуску. Хлопец пратрымаўся чатыры гадзіны, а брат – тыдзень. І яму спадабалася. Пасля на мову перайшоў і другі брат. Праз два гады, калі я падрасла і зразумела іх, усвядоміла, навошта гэта мне патрэбна, таксама пачала размаўляць.

Я лічу, што ўсё пабудавана на любові, у тым ліку і беларушчына. Быць беларусам – любіць сваю радзіму. Адсюль выцякае і астатняе. Калі любіш Беларусь, то паважаеш яе культуру, яе мову, яе гісторыю і ўвесь народ. Так я і стала беларускай, праз любоў сваю да Радзімы, якую прывівалі мне яшчэ з дзяцінства…

Эмілія Вольная, студэнтка