«Мы працягваем быць сапраўднымі»

21.05.2020 Адукацыя

Вось ужо 15 гадоў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсітэт працуе ў выгнаньні, у Вільні. Аднак установа застаецца скіраванай на прыём грамадзянаў Беларусі. Унівэрсітэт працуе па мадэлі Liberal Arts (вольных навук і мастацтваў) ды закладае студэнтам эўрапейскія каштоўнасьці, эўрапейскае мысьленьне, лад жыцьця. ЭГУ не падзяляецца на факультэты, як астатнія беларускія ўнівэрсітэты. Замест гэтага ў ім прапануюцца праграмы навучаньня.

get_img (1).jpg

Зь некалькімі выкладчыкамі, бадай, самай прабеларускай праграмы, «Эўрапейская спадчына», мы пагутарым пра сёньня й будучыню беларускага ўнівэрсітэту па-за межамі Беларусі. Сёння наш госьць - гісторык і культурны антраполяг Сьцяпан Стурэйка.

- Што такое, на вашую думку, эўрапейская адукацыя й як яе атрымаць?

- Я б сказаў што гэта - размова пра каштоўнасьці. Як думаць самастойна? Як ставіць вострыя ды сапраўды найважнейшыя пытаньні? Як дзейнічаць? Як браць на сябе адказнасьць? Усё гэта - пытаньні, якія падымаюцца ў працы са студэнтамі фактычна ў кожным курсе нашых праграм.

Асабіста я адказваю за бакалаўрскую і магістэрскую праграмы па спадчыне й лічу, што ў Беларусі лепш, чым мы, ніхто не працуе з пытаньнямі культуры, ідэнтычнасьці й таго ж гарадзкога разьвіцьця. Наша ключавая задача ня столькі захаваць старыя традыцыі ці архітэктуру (хоць бяз гэтага, зразумела, нікуды), колькі навучыцца жыць з гэтай спадчынай, выкарыстоўваць яе патэнцыял, счытваць яе сэнсы й ператвараць у вобразы будучыні. Спадзяюся - эўрапейскай...

Мы стымулюем студэнтаў ладзіць уласныя праекты: культурныя, дасьледчыя, творчыя, каб яны разумелі, як гэта працуе знутры, адкуль бяруцца грошы, як рабіць тое, што сапраўды патрэбна людзям. Вось так, робячы, і атрымліваеш сапраўдную адукацыю.

- Ваш унівэрсітэт беларускі, але знаходзіцца ў Эўразьвязе, у Вільні. Як гэта адбіваецца на вашых праграмах?

- Я думаю, як найлепш! Па-першае, наш навучальны працэс цалкам адпавядае эўрапейскім стандартам якасьці ў вышэйшай адукацыі. Па-другое, нашае разьмяшчэньне ў самым цэнтры Вільні - гэта магчымасць штодня ўсмоктваць яе амаль тысячагадовую гісторыю, удзельнічаць у дзейнасьці літоўскіх інстытуцыяў, якія займаюцца спадчынай, культурай у шырокім сэнсе і, канечне, турызмам. Апошні цяпер па зразумелых прычынах фактычна немагчымы, але ж у нейкім выглядзе будзе паступова аднаўляцца. На сярэдзіну траўня заплянаваны пуск першых рэгулярных авіярэйсаў, пакрысе будуць адкрывацца межы. Так што ёсьць падставы для асьцярожнага аптымізму.

- Ваша бакаляўрская праграма называецца «Эўрапейская спадчына». Што за гэтай назвай?

- Мы бярэм эўрапейскую спадчыну ня столькі як сукупнасьць артэфактаў, створаных на эўрапейскім кантыненце, колькі як пэўную інтэлектуальную традыцыю пошуку й асэнсаваньня сябе праз мінулае. Фактычна гэты панятак - «культурная спадчына» - нарадзіўся ў Эўропе, менавіта тут прыдумалі аднаўляць архітэктуру, будаваць музэі ды мемарыялы. Асабіста для мяне нашмат цікавей вывучаць ня самі помнікі, а стаўленьне людзей да іх, спробы грунтаваць «праз спадчыну» ўласную ідэнтычнасьць, прагу да наведваньня новых месцаў. У размовах пра спадчыну мы насамрэч прытоена кажам пра нашу агульную будучыню, праграмуем яе. Адсюль і канфлікты, і зацятыя дыскусіі, бо справа насамрэч вельмі важная.

- Вы яшчэ ўзначальваеце Беларускае аддзяленьне ICOMOS. Што гэта за арганізацыя, і як вам удаецца сумяшчаць кіраўніцтва ёю з працай у ЭГУ?

- Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах задумваўся, каб быць дарадчым органам ЮНЭСКА па пытаньнях сусьветнай спадчыны. Сёньня зразумела, што гэта далёка не вычэрпвае яго функцыі. У шырокім сэнсе я разумею нашу актуальную місію ў разьвіцьці ўяўленьняў пра спадчыну канкрэтна ў Беларусі. Што ёсьць спадчынай, што зь ёй можна рабіць, як ёю кіраваць, як яе аднаўляць - староньні чалавек можа думаць, што адказы на гэтыя пытаньні даўно знойдзеныя, але гэта ня так, і сфэра культурнай спадчыны вельмі рухомая, увесь час зьмяняюцца падыходы, і ня толькі ў нас, але па ўсім сьвеце. Старшынства ў камітэце - гэта мая грамадзкая дзейнасьць, а праца ў Літве толькі дапамагае быць уключаным у міжнародны кантэкст, бачыць сапраўды актуальнае і важнае, прывозіць гэта ў Беларусь.

- Дарэчы, чым беларускі ІCOMOS займаецца зараз?

- Мы разгортваем грамадскую кампанію «Права на спадчыну», прысьвечаную ўдзелу мясцовых супольнасьцяў і грамадзкіх ініцыятываў у кіраваньні аб’ектамі спадчыны. Калі помнік - наш агульны здабытак, то як прымаць рашэньні пра яго будучыню, каб не пакрыўдзіць нікога? Як суаднесьці інтарэсы грамадзянаў, уласьнікаў, гісторыкаў, у рэшце рэшт турыстаў? 19-20 чэрвеня, хутчэй за ўсё анлайн, адбудзецца наша канфэрэнцыя «Права на спадчыну і Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: выклікі і рашэньні», прысьвечаная эфэктыўнасьці дзяржаўнага сьпіса як інструмэнта кіраваньня спадчынай. Тут мае быць прааналізаваны існы стан рэчаў, а таксама агучаныя эўрапейскія прыклады, як дзяржавы робяць улік помнікаў і што за гэтым ідзе.

Таксама ў гэтым годзе мае ўжо ў трэці раз працягнуцца наша праграма па актуалізацыі спадчыны закінутых сінагог у Беларусі. Гэта тое, што мы робім супольна з ЭГУ, дзе ўключаныя і выкладчыкі, і студэнты. У нас каля 50 такіх будынкаў стаяць закінутыя, яшчэ больш - выконваюць зусім неўласцівыя ім функцыі, ад спортзаляў да райаддзелу міліцыі. Сярод іх ёсьць і пэрліны эўрапейскага ўзроўню. Вось мы спрабуем думаць пра тое, як іх ажывіць, зрабіць патрэбнымі. Гэта пытаньне далёка ня толькі грошай, але перадусім - сэнсаў, якія грамадства ўкладае ў гэтыя аб’екты. Ужо ёсьць цікавыя прыклады й напрацоўкі.

- Пандэмія моцна зьмяніла жыцьцё людзей, у тым ліку ў сфэры адукацыі і культуры. Ці былі гатовыя вы да такога павароту?

- Тэхнічна - безумоўна, так! Мы з 2005г. працуем са студэнтамі ў дыстанцыйным фармаце, маем вялікі вопыт такога выкладаньня. Таму для студэнтаў-завочнікаў, а таксама для большасьці магістрантаў фактычна нічога не зьмянілася. Іншая справа - студэнты дзённага аддзяленьня. Ім на цэлы семестр прыйшлося стаць завочнікамі. Для некаторых гэта было стрэсам, але я зараз гляджу, што ўжо ўсе адаптаваліся і якасьць нашых семінарскіх анлайн-дыскусій не саступае таму, што мы мелі раней. Нажаль, эпідэмія замінае правядзеньню даследваньняў. Напрыклад, тыя ж бібліятэкі пакуль застаюцца зачыненымі. У музэй не сходзіш, да сталых экспэртаў зьвярнуцца можна толькі па тэлефоне, гэта не зусім тое, што трэба. У некаторых студэнтаў сарвалася навучальная практыка. Напрыклад, дзьве студэнткі праходзілі практыку ў Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу й вымушаныя былі адтуль зьехаць на месяц раней. Тыя студэнцкія праекты, што прадугледжвалі публічныя мэрапрыемствы, таксама адкладзеныя. Гэта ўсё вялікі выклік, але я шчыра нават зьдзіўлены тым, наколькі добра сёньня інтэрнэт дазваляе вырашаць праблемы. Думаю, вопыт, атрыманы цягам гэтых месяцаў, вельмі прыдасца потым у «мірным» жыцьці, а шчыльнасьць чалавечых кантактаў толькі ўзмоцніцца. Цяпер не будзе такой «адмазкі»: «не магу прыехаць», «далёка» ды інш. Мы ўжо ведаем, што адлегласьцяў не йснуе, а цягам аднаго дня можна паўдзельнічаць у двух-трох сур’ёзных мерапрыемствах, арганізаваных у розных краінах.

Аднак за будучыню старых добрых культурных пляцовак сапраўды страшнавата. Асабліва незалежных, якія жывуць за кошт фактычна праведзеных мерапрыемстваў. Дзякуй богу, цяпер ёсьць розныя ініцыятывы па дапамозе ім. Я шчыра заклікаю такую дапамогу аказаць. Тым больш, у абмен на невялікую колькасьць грошай сёньня вы атрымаеце якасны культурны прадукт заўтра. Ну, можа, пасьлязаўтра…

- Як вам уяўляецца будучыня ЭГУ ў гэтым годзе і надалей?

- Зараз ідзе набор на новы навучальны год, пішуцца выпускныя работы старэйшых студэнтаў. Усё гэта ў сытуацыі зачыненых межаў, а таксама эканамічнага крызісу, што распачаўся. Мы й раней знаходзіліся ў пошуку сваёй новай ідэнтычнасьці. Зараз да гэтага дадаецца яшчэ вось гэты моцны чыньнік. Напрыклад, у нас з кожным годам усё больш студэнтаў-небеларусаў, таксама і склад выкладчыкаў робіцца ўсё больш міжнародным. IТ-тэхналёгіі й новая культура ставяць пад пытаньне «старую добрую» вышэйшую адукацыю. У гэтым новым сьвеце гуманітарныя веды маюць набыць нейкае новае вымярэньне, каб быць запатрабаванымі. А да таго ж мы маем быць карыснымі Беларусі - гэта ня проста не скідаецца з рахунку, гэта надалей вызначальны чыньнік нашага існаваньня. Думаю, гэты год будзе і складаным, і вызначальным. Ёсьць часта ўжываны выраз «Не дай вам бог жыць у час пераменаў», але я насамрэч думаю, што любыя перамены - гэта новыя магчымасьці. І быць у эпіцэнтры пераменаў - гэта ня тое, што здараецца вельмі часта. Гэта неацэнны вопыт. Так што ў нас вельмі цікава. А галоўнае - мы працягваем быць сапраўднымі. Вось гэта дакладна ня зьменіцца.

Гутарыў Зьміцер Дрыгайла, Белгазета