• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
02.02.2022 | Культура Літаратура

Караткевіч, Ластоўскі, Багдановіч. Што шукалі літаратурныя гісторыкі?

Уладзімір Караткевіч у адным з інтэрв’ю адказаў, чаму захапіўся гісторыяй: «Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам. Кімсьці справядліва заўважана: «Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз». Гісторыя — метад мыслення чалавека, піша «Звязда». Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы».


72.jpg
Такім Антона Косміча ўяўлялі стваральнікі фільма «Чорны замак Альшанскі». Яго ролю (а таксама ролю Валюжыніча) выканаў расійскі акцёр і каскадзёр Віктар Еўграфаў (той самы злавесны прафесар Марыярці з «Прыгод Шэрлака Холмса і доктара Ватсана»).

Беларускія літаратары не толькі пішуць творы на гістарычную тэматыку, але і робяць сваімі героямі тых, хто займаецца даследаваннямі мінулага. Часам пошукі тых герояў сур’ёзныя і небяспечныя, часам вартыя смеху. Давайце пазнаёмімся бліжэй з гэтымі персанажамі і даведаемся, што яны шукалі.

Антон Косміч і Гальшанскі замак

Зразумела, больш за ўсё герояў-гісторыкаў у творах Уладзіміра Караткевіча, які і сам атрымаў адпаведную адукацыю. Таму самы вядомы гісторык беларускай літаратуры дзейнічае ў ягоным рамане «Чорны замак Альшанскі». Вось як Антон Косміч распавядае пра сябе:

«У пяцьдзесят першым атрымаў дыплом, у пяцьдзесят чацвёртым аспірантуру скончыў. Дзіўлюся, як ад усёй гэтай навукі не стаў непапраўным дубам. Дысертацыю абараніў па «шашнаццатаму» стагоддзю. Дзеячы рэфармацыі. Гуманісты.

Стаў кандыдатам, спецыялістам па сярэдневяковай гісторыі, неблагім палеографам. Напісаў некалькі дзясяткаў артыкулаў, тры манаграфіі — можна і доктарам рабіцца.

Збіраюся. Вось-вось.

«Малады таленавіты доктар гістарычных навук».

Цьху!

...А наконт таго, чым дыхаю, што толькі маё, дык гэта росшукі ў мінулым. Акрамя вышэйпамянёных прац напісаў яшчэ некалькі, накшталт... ну строга абгрунтаваных, дакументальных гістарычных дэтэктываў, ці што.

Некаторыя з’явіліся ў часопісах. Некаторыя яшчэ чакаюць: «Злы лёс роду Галынскіх», «Забойства ў Дурынічах» і г.д... Смешна? І праўда, смешна. Навуковы работнік і, раптам, пінкертонаўшчына ў мінулым. Мне таксама смешна. Затое — цікава».

Наколькі даследаванні, згаданыя ў тэксце, праўдзівыя?

Дурынічы існуюць, сёння гэта вёска Ізюмава ў Бабруйскім раёне, там знаходзіцца капліца Забелаў. Было і вядомае забойства — тут у 1925 годзе загінуў ураджэнец Дурыніч, дзевятнаццацігадовы камсорг Іван Забенька. Ён стаў ляснічым пасля нацыяналізацыі лясоў і не вярнуўся са свайго першага абходу... Праўда, не ведаю, ці гэты выпадак меў на ўвазе Караткевіч. Пра старажытны род Галынскіх звестак хапае, адзін з іх нават выкупіў у князя Пацёмкіна крычаўскія ўладанні. Паспяховыя людзі, але, магчыма, і быў у якой галіны роду злы лёс?

73.jpg
Гальшанскі замак не вельмі падобны на свайго літаратурнага «двайніка», але кажуць, што яйкападобныя сутарэнні, апісаныя ў рамане, Караткевіч бачыў менавіта тут. Фота Анатоля Клешчука.

Але асноўнае расследванне Косміча — пра «чорны замак Альшанскі», правобразам якога стаў Гальшанскі: дзе скарбы князя-ўладальніка, куды знікла ягоная жонка з палюбоўнікам Валюжынічам? У замку схаваныя дакументы і пра больш познія злачынствы, якія датычацца расстрэлу мясцовых жыхароў фашысцкімі акупантамі з дапамогай калабарантаў. У росшуках Космічу дапамагае археолаг Сташка Рэчыц, у вобразе якой угадваецца жонка Уладзіміра Караткевіча Валянціна, якая і заказала яму гістарычны дэтэктыў.

Падземны чалавек і сутарэнні Полацка

Вацлаў Ластоўскі займаўся не толькі гісторыяй, але і міфатворчасцю, разумеючы, наколькі важна стварыць для беларусаў прывабны, поўны загадак і захапляльных падзей, вобраз нашага мінулага. У аповесці «Лабірынты» яго герой выязджае ў «сівагорбы Полацак», атрымаўшы ліст «ад тамтэйшага аматара-археолага Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся кружок любіцеляў старасвеччыны з мясцовых жыхароў. «У нашых вячорніх вольных бяседах сапраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і фантазіях...».

У Полацку герой знаёміцца з тымі мясцовымі гісторыкамі, аглядае іх знаходкі, «цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі». Але ва ўдзельнікаў «вольнай контэрфратэрніі» розны погляд на гісторыю Беларусі. Напрыклад, адзін з іх, настаўнік, прытрымліваецца тэорыі, «што і мы, на гэтай зямлі, у гэтым краю, праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула, якой астанкі, вельмі рэдкія, з’яўляюцца пакуль што для нас таёмнымі крыптанімамі, даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў бы, пасвячоным людзям». А вось полацкі мешчанін Грыгор Н., «маўклівы, сівавусы старац», які ўпарта размаўляе толькі на беларускай мове, займаецца даследаваннем легендаў «аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх». Грыгора Н. празвалі Падземным чалавекам, і менавіта ён робіцца правадніком галоўнага героя ў полацкія сутарэнні, дзе схаваная і знакамітая бібліятэка Сафійскага сабора і праўда пра старажытную беларускую гісторыю.

Летапісец з манастыра і гісторыя Магілёва

Максім Багдановіч жыў далёка ад Беларусі, але меў у распараджэнні шмат рэдкіх крыніц па яе гісторыі з бібліятэкі свайго бацькі-этнографа. Вялікае ўражанне зрабілі на маладога паэта летапісы. І ён уявіў аўтара такога летапісу, мудрага, пазбаўленага грэшных жарсцяў мніха, які старанна запісвае тое, што бачыць, каб пакінуць нашчадкам праўду пра падзеі. Ці выпадкова паэт пасяляе свайго героя ў Магілёве? Самы вядомы тамтэйшы летапіс, «Магілёўская хроніка», быў пачаты ў XVІІ стагоддзі купецкім старастам і лаўнікам Трафімам Суртам. Датычыцца Магілёўшчыны і «Баркалабаўскі летапіс» Хведара Філіповіча... Але Багдановіч, хутчэй за ўсё, ствараў абагульнены вобраз — і параўноўваў старонкі хронік з пасланнем у бутэльцы, кінутым у хвалі.

Душой стаміўшыся

ў жыццёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчаю я

ў манастырскіх мурах

І пільна летапіс другі

ўжо год пішу:

Старанна літары малыя вываджу

І спісваю усё ад слова і да слова

З даўнейшых граматак

пра долю Магілёва.

І добрыя яго, і кепскія дзяла

Апавядаю тут. Так рупная пчала

Умее ў соты мёд сабраць

і з горкіх кветак,

І бачанаму мной —

я годны веры сведак.

Хай тыя ведаюць,

што з’явяцца па нас,

Ўсю праўду пра жыццё

у наш і прошлы час,

Пра войтаў, лаўнікоў, і райцаў,

і паспольства,

Пра розных каралёў і бітвы,

і пасольства,

Што тут чынілася у даўнія гады,

Што думалі,

чаго жадалі мы тады,

За што змагаліся,

як баранілі веру, —

Хай зведаюць усё патомкі

праз паперу!

Яно забудзецца, умрэ,

з вадой сплыве, —

І вось у спомінах устане, ажыве,

Калі знайдуць маё няхітрае

пісанне

Пра гэтае жыццё, надзеі,

справаванне...

Бізнесмен Літаў і музей фальшывак

У аповесці Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро» пакручастая дэтэктыўная інтрыга пачынаецца з таго, што пісьменніка Рака наймаюць правіць рукапіс самадзейнага даследчыка гісторыі Беларусі, багатага бізнесмена Літава.

«Рак недаверліва ўзяў раздрукаваныя лісты. Адразу выскачыла, кінулася ў вочы: ХІІ стагоддзе, ХV стагоддзе... Ягайла-Скіргайла, Кейстут-Міндоўг...»

Калі Рак узяўся вычытваць рукапіс, трапіў «на боб з гарохам і божы дар з яечняю». Кампіляцыя, наіўныя тлумачэнні ды выкладкі... Пры асабістым знаёмстве з Літавым высветлілася, што бізнесмен маёнтак сабе зладзіў на гістарычных руінах, якія хоча аднавіць.

«У мяне мара: зрабіць у гэтым сутарэнні музей. Толькі не звычайны краязнаўчы, а музей фальшывак, разумееце? Сабраць рознае «багацце», напрыклад, спарахнелыя паперы, на якіх нібыта вершы і паэмы Міцкевіча на беларускай мове. Нібыта фрывольныя навелы Скарыны. Невядомая аповесць Яна Баршчэўскага, напісаная беларускай кірыліцай. Крыж Еўфрасінні з медзі і з фальшывымі каменнямі, падробныя слуцкія паясы, куча несапраўдных шчарбатых талераў і берасцяных грамат-шыфровак...»

На пытанне — навошта, Літаў адказвае, што спадзяецца на прынцып магнетызму: можа, падробкі хутчэй прыцягнуць да сябе сапраўднае.

Праўда, і сам Літаў, як і ягонае пазнейшае забойства, выявіліся фальшыўкамі, часткай інсцэніроўкі, мэта якой — змусіць Рака прызнацца ў даўнім злачынстве.

Археолаг Сяргей Дубінскі і аднарогі

Майстар гістарычных містыфікацый — беларускіх пісьменнік і гісторык Сяргей Балахонаў. У ягонай кнізе «Зямля пад крыламі Фенікса» мы сустракаем навуковападобны расповед пра самыя неверагодныя беларускія артэфакты. Напрыклад, як «Улетку 1928 г., падчас раскопак гарадзішча Банцараўшчына ў ваколіцах Менску, археолаг Сяргей Дубінскі між іншага выявіў рог даўжынёю 1,9 м. Знаходка тады была ідэнтыфікавана як рог валдайскае казы і здадзена ў архіў. У 1935 г. прыбіральшчыца, выводзячы мыш’яком (As) архіўных пацукоў, выпадкова сыпнула крыху атруты на рог. Той нечакана змяніў колер, зрабіўшыся з шэрага бледна-ружовым. Тэрмінова выкліканы Дубінскі адразу зразумеў, што мае справу з рогам не валдайскае казы, але аднарога — вымерлай траваеднай непарнакапытнай жывёліны, чый лабавы рагавы нараст мог, паводле сярэднявечных крыніцаў, змяняць колер пад уздзеяннем атрутных рэчываў».

Пацвярджэнне існавання на Беларусі аднарогаў Сяргей Балахонаў прапаноўвае бачыць і ў неіснуючым урыўку з пратографа Радзівілаўскага летапісу, у якім у гісторыі пра Усяслава Чарадзея гаворыцца «инорогом бежа к Полотьску», то-бок Усяслаў, як чалавек звышнатуральнае сілы, аднарога закілзаў і прыехаў на ім з Кіева ў Полацк. Дасведчаныя людзі ацэняць такія жарты.

Шляхціц Марцін Жабыка-Жэмба, летапісец Палямона

У фантасмагарычным рамане Леаніда Дайнекі «Назаві сына Канстанцінам» беларускі шляхціц Марцін Жабыка-Жэмба ў Рыме трапляе ў засценкі інквізіцыі. Там у сне яму з’яўляецца сам Палямон-Ліцвін, легендарны прашчур шляхты:

«І сказаў ён спалоханаму Марціну:

— Бяры ў руку пісала, бяры пергамен, будзь маім летапісцам, каб нашчадкі нашы ведалі пра нас.

І пачаў Марцін сваё штодзённае цудадзейства... «Слова пісарчука Марціна з карабля князя Палямона Ліцвіна».

Пад дыктоўку князя Марцін запісвае вядомую легенду:

«Калі да месца Рыму пачаў набліжацца са сваёй дзікай ардою чалавекаядзец крывавы Атыла, пяць соцень знаных рымскіх сем’яў селі на караблі і аддалі лёс свой бурліваму мору. Галавою ў іх быў прыўкрасны князь Палемон».

Але маладому Жабыку-Жэмбе не ўдаецца завяршыць свой летапіс: «раптам Палемон зірнуў Марціну цераз плячо, выхапіў лютым позіркам што-кольвек з напісанага, закрычаў, наліваючыся гневам:

— Не тое пішаш, раб! Дзе мой меч?! Я развалю цябе на кавалкі!»

Марцін прачнуўся ад свайго сну, але пасля, выратаваўшыся з засценкаў, на яве працягнуў разам з сябрамі тую працу — «дзе-толькі магчыма было, пісаннем і вусным словам расказвалі пра сваю радзіму».

Людміла Рублеўская, «Звязда»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

На затрыманага дырэктара партала dev.bу завялі крымінальную справу

На дырэктара партала dev.by Віталя Андроса завялі крымінальную справу. Пра гэта паведамляецца ў праўладных тэлеграм-каналах. ...

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Вяртанне спадчыны роду Ажэшкаў. Капліца ў Закозелі адкрывае новыя старонкі сваёй гісторыі

Лёс капліцы роду Ажэшкаў у Закозелі Драгічынскага раёна паказальны — каля 20 гадоў таму эксперты прызналі яе стан...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Наста Кудасава: «Можа, варта задумацца, ці не наследуем мы каланіяльнае мысленне разам з русіфікаванымі назвамі»

Беларуская паэтка Наста Кудасава на сваёй старонцы ў Фэйсбук разважае, як правільна перакладаць на беларускую...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Чаму мы вядземся на фэйкавыя навіны?

Алесь Тодараў разбіраецца на budzma.org з тым, што такое фальшывыя навіны, чаму іх чытаюць і чым можа абярнуцца для...

Апошнія навіны

    Грамадства
    На затрыманага дырэктара партала dev.bу завялі крымінальную справу
    Грамадства Гісторыя
    Вяртанне спадчыны роду Ажэшкаў. Капліца ў Закозелі адкрывае новыя старонкі сваёй гісторыі
    Грамадства
    Наста Кудасава: «Можа, варта задумацца, ці не наследуем мы каланіяльнае мысленне разам з русіфікаванымі назвамі»
    Грамадства
    Чаму мы вядземся на фэйкавыя навіны?
    Грамадства Гісторыя
    Кёнігсберг. Калінінград. Каралявец. Дзівосная гісторыя месца, якое прыцягвае пільны геапалітычны позірк
    Грамадства
    Дапыталі маці, забралі медаль «100 гадоў БНР». Сяргей Бульба расказаў пра ператрус у сваякоў
    Грамадства Музыка
    «Тут свая Беларусь». Сяржук Доўгушаў – пра новае жыццё ў ЗША
    Грамадства
    Медытацыя па-беларуску. Явар
    Музыка
    Фестываль «Рок за Баброў» пераносіцца на 2023 год
    Грамадства Кіно
    «Дом там, дзе я?» Выйшаў фільм пра беларускіх творцаў выгнанні
    Грамадства Літаратура
    Памёр пісьменнік і журналіст Эрнэст Ялугін
    Гатуем з «Будзьма!» Навіны "Будзьма!"
    Курыныя сэрцайкі з фасоляю — страва супраць зла ад Святога Патрыка. Гатуем з «Будзьма!»
    Грамадства
    Палітзняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту не перадаюць лісты ад сына, бо яны па-польску
    Грамадства
    Пракрастынацыя: як яе перамагчы. Карысныя парады
    Грамадства Гісторыя
    У памяць аб забітых у Гродзенскай турме ўсталююць мемарыяльную шыльду

Афіша

  • 26.06

    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Вільні

  • 26.06 — 24.07Выстава Марка Шагала ў Варшаве
  • 26.06Выстава беларускага іканапісу XVII стагоддзя ў Мінску
  • 26.06Выстава выцінанак Галіны Жураўлёвай у Лепелі
  • 26.06 — 30.06Творы Руфіны Базловай на выставе «The Medium is the Message: Flags and Banners» у ЗША
  • 26.06 — 30.07Выстава «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў» у Мінску
  • 26.06 — 30.06Выстава маляванак па матывах твораў Марка Шагала ў Мінску
  • 26.06Фотавыстава Глеба Бурнашава, Ігара Ганчарука и Алы Савашэвіч у Кракаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Relikt выдаў альбом-падарожжа ў залатыя часы беларускага рока (аўдыё). Прэм’ера на «Будзьме»
    • Мая складаная беларуская праблема. Эсэ Ганны Янкуты
    • «Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў уварваўся ва Украіну ў складзе расійскага войска?..» Адкрыты ліст Уладзіміра Някляева міністру адукацыі і навукі Украіны
    • Як слуцкая журналістка перайшла на беларускую мову і як на гэта рэагуюць месцічы
    • Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: ТОП-5 беларускіх трэкаў ад Сяргея Башлыкевіча
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM