Гэтая беларуска магла б стаць зоркай Берлінскай кансерваторыі, але вырашыла вярнуцца ў Беларусь, каб вучыць іншых. Аднак прага да стварэння ўласных музычных твораў працягвала жыць у ейным сэрцы. Праз гады, апынуўшыся ў эміграцыі ў ЗША, Эльза Зубковіч здолела развіць свой кампазітарскі талент і аказалася адной з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай акадэмічнай музыкі. Распавядаем пра пакручасты жыццёвы шлях адной з першых беларускіх кампазітарак.
На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфер дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай Budzma.org распавядае пра гэтых жанчын.

Эльза Зубковіч. Крыніца: Вікіпедыя
Яшчэ з маленства дзяўчынка падбірала на раялі пачутыя мелодыі і прыдумляла свае. Яе бацька — доктар медыцыны Роберт Пілеман — меў густ у музыцы, таму рана заўважыў талент Эльзы. Аднак у Менску пачатку ХХ стагоддзя не было патрэбных педагогаў, таму дзяўчынку аддалі вучыцца на піяністку, а не на кампазітарку, да чаго яе цягнула.
Яна на выдатна скончыла музычную школу і ўжо рыхтавалася паступіць у кансерваторыю, але перашкодзіла Першая сусветная вайна. Ёй давялося працаваць у мінскім шпіталі — дапамагаць бацьку. Аднак нават у гэты час яна працягвала вучыцца музыцы. Эльза брала прыватныя ўрокі ў прафесара Варшаўскай акадэміі, які ў той час жыў у Мінску. За чатыры ваенныя гады яна адолела кансерваторскі курс па фартэпіяна.
Хаця Эльза і любіла граць на інструменце, яна ўсё ж марыла ствараць уласныя кампазіцыі. Таму, калі выпаў шанец, яна дамаглася дазволу польскіх уладаў, каб паехаць па адукацыю ў Берлін. Там яна вучылася ў знакамітага прафесара Паўля Юона і паказала выдатныя вынікі. Ёй прызначылі стыпендыю ў кампазітарскім класе Берлінскай кансерваторыі. Аднак неўзабаве памёр бацька Эльзы, і дзяўчына вярнулася ў Мінск — падтрымаць маці.
На развітанне прафесар Юон сказаў ёй: «Не бядуйце, калі нават на даўгія гады Вам будзе суджана адысці ад кампазіцыі. Памятайце ўсё жыццё, што талент ніколі не прападае, калі нават шмат гадоў ён маўчыць і ў бяздзейнасці. Будзеце тварыць музыку на старасці гадоў з сівымі валасамі!». Гэтыя словы дзяўчына запомніла на ўсё жыццё — як выявілася, стары прафесар меў рацыю.
Вярнуўшыся ў Мінск 1920-х гадоў, Эльза працягнула працаваць у педагогіцы. Яна ўладкавалася піяністкай у музычнай школе. Заробкі былі невялікія, трэба было галаваць дзвюх дачок, а ў мужа таксама былі праблемы з працай. Але нават у такіх цяжкіх умовах музыка была з Эльзай. Ёй не перашкаджалі ніякія цяжкасці — а іх было далёка не вобмаль. У пачатку вайны яе першы зборнік фартэп’янных п’ес згарэў разам з Домам друку, дзе чакаў выдання. А рамансы на тэксты беларускіх паэтаў былі зацэнзураваныя, бо шмат каго з аўтараў рэпрэсавалі.
Так яна і жыла доўгі час: выкладала музыку, а кожную вольную хвілінку прысвячала кампазітарству і марыла пра яго. Аднак і выкладчыцай яна стала геніяльнай. Захаваўся ліст адной з яе вучаніц, якая пазней стане заслужанай дзяячкай мастацтваў Малдовы. Яна пісала:
«Вы зрабілі для мяне ў музыцы гэтак шмат, што я прыгадваю Вас заўсёды з велізарнейшай удзячнасцю. Асновы, закладзеныя Вамі, сталі мне ў добрай прыгодзе на маім прафесійным шляху. З вялікай адлегласці часу ўсе ацэнкі стаюцца рэльефнейшымі, і я, прааналізаваўшы, прыйшла да высновы, што Вашая праца са мною была самай каштоўнай»
Яшчэ да вайны Эльза Зубковіч дарасла да загадчыцы кафедры агульнага фартэп’яна ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Таксама спадарыня Эльза працягвала даследчыцкую дзейнасць, але вайна зноў унесла свае карэктывы ў яе жыццё. Вучоная ведала нямецкую мову, таму дапамагала з камунікацыяй і перакладамі ў Мінску, а неўзабаве апынулася ў Германіі.
Там пачалося яе новае жыццё — выкладчыцкае і кампазітарскае, аднак пасля смерці мужа яна зноў пераехала. Гэтым разам — у ЗША.

З музыказнаўцам Алесем Карповічам. Фота з архіву выдання «Новы час»
У новай краіне яна працягнула вучыць музыцы новыя пакаленні — ужо амерыканцаў — і нават заснавала Школу для маладых піяністаў. Не засталася ў баку і даследчая дзейнасць: спадарыня Зубковіч абараніла некалькі дысертацый. Аднак нарэшце менавіта ў ЗША яна змагла надзяляць больш увагі кампазітарскай дзейнасці і рэалізавацца ўжо ў гэтым.
Напрыклад, пяць апрацовак беларускіх песень, якія яна зрабіла, выконваліся для беларускага канцэрта на Сусветнай выстаўцы ў Нью-Ёрку. А праз некалькі гадоў там жа выйшаў зборнік яе рамансаў «Край мой васільковы», у якім змешчаныя 12 песень на словы беларускіх паэтаў Якуба Коласа, Алеся Гаруна, Міхася Кавыля, Наталлі Арсенневай.
Напрыклад, музыку для «Асенняй песні» напісала менавіта Эльза Зубковіч.
Такое насычанае жыццё правяла наша зямлячка, якая пайшла па не зведанай раней для жанчын сцяжынцы. Эльза Зубковіч пражыла амаль 90 гадоў і памерла ў Нью-Ёрку.
Беларускі кампазітар і музыказнаўца Алесь Карповіч вельмі добра ведаў здольнасці Эльзы Зубковіч. Ён пісаў (аўтарская арфаграфія захаваная):
«Творчасьць Эльзы Зубковіч заўсёды шчырая, у ёй ніколі не адчуваеш хвальшу. Кампазытарка піша толькі тады, калі ёй хочацца штосьці сказаць сваёй музыкай, але гэта ня значыць, што яна імправізуе, піша без папярэдняго абдумоўваньня, бяз выношваньня ў сабе кажнага свайго твору. Творчасьць Эльзы Зубковіч заўсёды строга абдуманая, заўсёды фармальна закончаная.
Яна эмацыянальная, але кампазытарка ніколі ня губляе кантролю над сваймі пачуцьцямі, творчая фантазія й пачуцьці ў яе заўсёды ў стане раўнавагі.
Нідзе не пераладоўваючы агульнага вобразу й не выступаючы на першы плян, стрымана і неяк прыглушана, ейная музыка памагае зразумець паэ’тычны тэкст, адцяняючы тое, што недагаворана словамі.
Яшчэ ў маленстве, жывучы ў Менску, Эльза Зубковіч уважна прыслухоўвалася да беларускіх народных песьняў, падбірала іх на раялі. I пасьля ў ейных першых кампазытарскіх спробах, дзіцячых п’есках, часта адлюстроўваюцца інтанацыі беларускага народнага мэлясу. У часе працы ў Беларускім музычным тэхнікуме, а пасьля — кансэрваторыі, яна была добра знаёмая зь беларускімі кампазытарамі — Аладавам, Равенскім, Цікоцкім, Залатаровам ды іншымі, цікавілася іхнымі творамі, якія часта ўключала ў клясны рэпэртуар, а таксама выконвала на канцэртах.
Часта зварачалася Эльза Зубковіч да беларускае паэзіі ў сваёй вакальнай творчасьці. Асабліва плённай для беларускае музыкі сталася кампазытарская дзейнасьць Эльзы Зубковіч пасьля ейнага пераезду ў Амэрыку. Піша яна тут шмат кампазыцыяў на словы беларускіх паэтаў. Асабліва блізкою стала ёй паэтычная творчасьць Натальлі Арсеньневай, зь якою Эльза Зубковіч шмат працуе над стварэньнем новага беларускага песеннага канцэртнага рэпэртуару. Шмат твораў Натальлі Арсеньневай, музыка для якіх напісаная Эльзай Зубковіч, можна цяпер пачуць у сольным ці харавым выкананьні на беларускіх і міжнацыянальных канцэртах і музычных фэстывалях.
У аснову свайго творчага мэтаду Эльза Зубковіч не кладзе паасобных напеваў і інтанацыяў характэрных беларускай народнай песьні, хоць сям-там яны й сустракаюцца. Карыстаючыся сваёй музычнай мовай, інтанацыйна блізкой да народнае песьні, кампазытар імкнецца даць свой абагульнены музычны вобраз. Удалае разьвязаньне гэтага заданьня робіць зборнік каштоўным укладам ня толькі ў беларускую вакальную культуру. Беларускія рамансы Эльзы Зубковіч, як і ейныя іншыя вакальныя кампазыцыі, удзячны матар’ял для выканаўцаў.
Кампазытар добра ведае й адчувае музычна-выражальныя магчымасьці голасу і, незважаючы на тэхнічную нескладанасьць, у ейных рамансах шмат магчымасьцяў для выканаўца паказаць сваё валоданьне голасам не зь віртуознага боку, а ў выкарыстаньні ўсіх ягоных тэмбр’ава-выражальных магчымасьцяў.
Удумлівасьць безь непатрэбнае глыбакадумнасьці, пяшчотнасьць — без сэнтымэнтальнасьці, рамантычная прыўзьнятасьць — бяз патасу, шчырасьць, натуральнасьць і нясупыннае імкненьне да прыгаства пачуцьцяў, гукаў, думак. Усе гэтыя якасьці ейнага характару мы знойдзем у ейнай музыцы».
Гісторыю Эльзы Зубковіч і іншых выбітных беларусак можна паслухаць на Spotify.
Ліка Юр’ева, Budzma.org