Зінаіда Мажэйка нібыта пад мікраскопам усё жыццё даследавала беларускую душу — традыцыйную музычную культуру Беларусі. Яна рыхтавала кнігі і кінафільмы пра песенныя скарбы Беларусі, ладзіла экспедыцыі па ўсёй краіне і стала доктаркай навук. Яна фактычна заснавала беларускую этнамузыкалогію і стала адной з найбольш грунтоўных аўдыёвізуальных антрапалагінь Усходняй Еўропы.

Зінаіда Мажэйка ў маладосці
На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай Budzma.org распавядае пра гэтых жанчын.
Зінаіда Мажэйка нарадзілася ў 1933 годзе ў горадзе Орша, што ў Віцебскай вобласці. Закончыла Халопеніцкую сярэднюю школу — яе сястра ў інтэрв’ю распавядала, што ў дзяўчынкі была фенаменальная памяць. Хацела паступіць у Ленінградскае мараходнае вучылішча, але туды дзяўчат не бралі. Адвучылася год на журфаку, але вырашыла, што гэта не яе.
Калі ёй было 28 гадоў, Зінаіда закончыла Беларускую кансерваторыю. Праз год дзяўчына пачала працаваць у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе засталася больш чым на 50 гадоў! Спадарыня Зінаіда ўсё жыццё збірала скарбы фальклору, сістэматызавала яго, а таксама спрабавала зразумець, якім чынам распаўсюджваецца народная культура.
З бацькамі Сцепанідай Іванаўнай, Якавам Дарафеевічам і братам Валодзем. 1952 год
Апроч непасрэдна даследаванняў Зінаіда Мажэйка ладзіла канцэрты фальклорных калектываў. Яна не толькі даследавала самабытную культуру, але і магла даносіць яе да людзей па ўсёй краіне — папулярызавала, як бы сказалі цяпер. На вядомым цяпер фолк-фестывалі «Камяніца» гучыць шмат што з таго, што было вынайдзена ці ўзнікла пад яе ўплывам. Яна ж працавала над запісам музычнага фальклору на грампласцінкі. Плытка «Музычны фальклор Беларускага Палесся» ў 1988 годзе адзначаная Гран-пры ЮНЭСКА.
Таксама спадарыня Зінаіда пісала сцэнары для дакументальных фільмаў, якія здымаў «Беларусьфільм». «Палескія калядкі», «Крывыя вечары», «Галасы вякоў» і іншыя фільмы распавядалі пра беларускія традыцыі. Усе яны грунтаваліся на экспедыцыях Зінаіды Якаўлеўны. Распавядаюць, што па беларускіх вёсках жанчына любіла хадзіць з самага дзяцінства, таму добра ведала беларускі народ. Яна таксама была і палявой «рэжысёркай», што рупліва збірала матэрыял у экспедыцыях.
На здымках фільма «Рух зямлі» з аператарам Мікалаем Сідорчанкам. 1996 год
Напрыклад, сцэнар да фільма «Палескія калядкі», які выйшаў у 1972 годзе, яна напісала разам з Уладзімірам Караткевічам. У ім здымаліся жыхары вёсак Тонеж, Глушкавічы, Моталь, Тышкавічы.
Падрыхтоўка да кінаэкспедыцыі, з пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам. 1970 год
Стужка раскрывае традыцыі святкавання Калядаў.
А вось — унікальная магчымасць паслухаць голас самой Зінаіды Якаўлеўны, дзе яна распавядае пра іншы фільм.
Даследчыца казала:
«На протяжении веков песенное искусство Полесья сложилось в своего рода народную художественную школу, мелодическую по самой своей природе и сущности. Громкая же манера исполнения песен складывалась в пении на открытом воздухе — в поле, в лесу, на воде. Вот почему лучших полесских певцов находили среди плотогонов, лесников, пастухов. Им надо, говоря их же словами, голос по-настоящему дать, да так, чтобы песня донеслась и в соседнее село, через реку. И если хотя бы издали услышишь пение звонкого Полесья с его артистами-самоцветами, то уже не забудешь его никогда...»
Уся мапа Беларусі ў спадарыні Зінаіды была падзеленая на квадрацікі для экспедыцый — да іх яна дабіралася то пешшу, то на трактарах ці матацыклах, то на драбінах. Працавала вельмі рупліва, прыгаворваючы: «Мой род даўгавечны, я яшчэ пажыву».
Вывучэнню фальклору спадарыня Зінаіда прысвяціла ўсё сваё жыццё. Яна даследавала песенную культуру Беларускага Палесся, Паазер’я, вывучала музыку беларускага вяселля. Кажуць, яшчэ ў студэнцкіх кансерваторскіх экспедыцыях яе накіроўвалі запісваць самых незгаворлівых дзядоў-палешукоў. «Убачыўшы вас маё сэрца раскрываецца, як капуста», — прызнаваўся ёй неяк адзін з вясковых спевакоў, які звычайна не любіў заезджых.
Зінаіда Мажэйка ў студэнцкіх кансерваторскіх экспедыцыях.
У часопісе «Кругозор» у пачатку 1970-гадоў яна пісала:
«Всякий раз выезжая в фольклорную экспедицию, я испытываю чувство, похожее на то, что переживает одержимый грибник, отправляющийся в очередное странствие по лесу. Понятно, грибов много в лесу, но надо же угадать заповедные, самые богатые и еще не тронутые грибные места. Манящие воображение песенные источники надо найти и фольклористу. Смотришь на испещренную линиями и знаками карту Полесья и видишь где-то в уголке меленькую, почти затерявшуюся точку с надписью: деревня Озераны. Уж не это ли твое фольклорное счастье? Или вот надпись: деревня Замошье... А может, Дуброва или Тонеж, Глушкевичи или Семигостевичи? Добираться туда не просто. Где мчишься на „Ракете“, где едешь на коне, а иной раз садишься на мотоцикл или просишь у геологов вертолет».

Альпінісцкія вандроўкі. Подпіс: Зінаіда Мажэйка падчас альпінісцкіх вандровак.
У 1988 годзе ЮНЭСКА ўганаравала ейную працу Гран-пры. Дзейнасць Зінаіды Мажэйкі аказала ўплыў на творчасць этна-трыа «Троіца», у чым прызнаваўся лідар калектыву Іван Кірчук. Ён казаў, што з дапамогай фільмаў даследчыцы вынаходзіў для сябе абсалютна новыя пласты спеваў, а найперш — фальклор беларускага Палесся.
Спадарыня Зінаіда памерла ў лякарні ў Мінску ў 81 год пасля працяглай хваробы. Праблемы са здароўем у Зінаіды Якаўлеўны пачаліся пасля Чарнобылю: адзін са сваіх фільмаў пра Палессе яна здымала там акурат у першыя гады пасля трагедыі.
З мужам праз 50 гадоў сумеснага жыцця.
Гісторыю Зінаіды Мажэйкі ды іншых выбітных беларусак можна паслухаць на Spotify.
Ліка Юр’ева, Budzma.org
У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі ethnoby.org, set.ethno.by