Алесь Тодараў расказвае на budzma.org аб тым, што такое эмацыйнае выгаранне, калі яно з’яўляецца і як можна яго пераадолець самастойна.
Беларусы апошнія некалькі гадоў падвержаныя стрэсу. Здаецца, што ад самага з’яўлення каронавіруснай інфекцыі ў нашай старонцы, гісторыя краю збочыла некуды не туды. І гэта ў час, калі мы і без рознага кшталту палітычных праблем жывем у нервовай атмасферы.
Крыніца: zhurkamurkamagazine.ru
А ўсё таму, што на двары час усюдыіснага «поспеху», калі людзі лезуць са скуры, каб дамагчыся лепшага. Бадай, што кожны хоча жыць добра і «падняцца» — у гэтым няма нічога кепскага. Але цяпер сіндром эмацыйнага выгарання сустракаецца ў многіх, што не можа не трывожыць. Каб пераканацца, дастаткова пагаварыць з сябрамі і знаёмымі, або пачытаць тэматычныя рэсурсы. Людзі банальна стамляюцца ад бясконцай пагоні за шчасцем.
Натуральна, што самаразвіццё асобы і дасягненне пастаўленых мэтаў вельмі важна, але ўсё-такі яшчэ важней — гэта проста не забываць часам прыслухоўвацца да самога сябе і навучыцца клапаціцца аб самім сабе. Парою нам падаецца, што пастаянная занятасць зробіць нас больш шчаслівымі, але ў выніку рана ці позна мы забываемся на саміх сабе, што ў выніку і выліваецца ў эмацыйнае выгаранне.
Універсальных лекаў ад эмацыйнага выгарання няма — застаецца хіба што толькі спадзявацца на рэкамендацыі псіхатэрапеўтаў і клапаціцца аб сваім душэўным стане самастойна, каб не дапусціць яго з’яўлення.
Каб не перагарэць і не прагнуцца пад цяжарам абставінаў, можна паспрабаваць выкарыстоўваць дастаткова простыя стратэгіі.
Крыніца: palehova.ru
Напрыклад, калі вы абралі нейкую адну лінію сваёй магістральнай у жыцці, што варта аддацца менавіта ёй, там спрабаваць дасягнуць нейкага плёну і поспеху. Бо калі вы будзеце займацца адначасова мноствам нейкіх важных справаў і чакаць ад кожнай іх нейкай неймавернай аддачы, вынік наўрад ці вас задаволіць. Вядома, ёсць людзі, якія могуць у адзін момант рабіць некалькі рэчаў і атрымліваць пры гэтым дывідэнды. Але гэта хутчэй выключэнне з агульнага правіла.
Варта таксама ўсвядоміць, што вы наўпрост не можаце, ды і не павінны ведаць і ўмець усё на свеце. Таму што гэтага ніхто не можа і не ведае. Разуменне гэтага вызваліць вас ад навязаных грамадствам стэрэатыпаў і траўматычных сцэнароў, якія часцяком пазбаўленыя здаровага сэнсу. Згадайце, што з так званых экспертаў «па ўсім», якія часам з’яўляюцца ў сеціве, хіба што пасмейваюцца. Ніхто ім асабліва і не верыць.
Увесь час звярайце свае мэты з тым шляхам, які самі сабе намецілі. Сачыце за ўваходам, каб атрымліваць патрэбны вам вынік на выхадзе.
Рэгулярна задавайце самі сабе наступныя пытанні:
— А гэта сапраўды тое, што мне патрэбна?
— А ці сапраўды гэта патрэбна мне, а не каму іншаму?
— Гэта ўсё яшчэ мая мэта, або я яе ўжо перарос?
— Гэта сапраўды мая мэта, або яна ніколі і не была маёй?
— Для чаго гэта ўсё наогул мне патрэбна? Якая з гэтага карысць?
Памятайце, што прынцыпы разумнасці ніхто не адмяняў. Яны ляжаць у аснове ўсяго, таму вучыцеся правільна будаваць прычынна-выніковыя сувязі. Спачатку разумны падыход, потым стараннасць, але ніяк не наадварот.
Заўжды рухайцеся ад простага да складанага, а не ў адваротным кірунку. Гэта бадай што адзіны наяўны спосаб пазбегнуць пажару ў сваёй галаве. Бо нават калі вы надзвычай таленавіты, адораны, працавіты і здольны, вы не зможаце справіцца з усімі цяжкасцямі. Толькі паступовы рост задачаў і штодзённая практыка.
Не забывайцеся таксама правільна расстаўляць прыярытэты. Аддзяляць галоўнае ў вашай справе і жыцці ад другараднага. Што неабходна зрабіць кроў з носу ўжо сёння ці заўтра, а што можа і пачакаць.
Вызначайце ступень важнасці нават для самых паўсядзённых і звычных рэчаў. Вядома, бываюць выключэнні. І ім таксама трэба надаваць увагу і разумець, чаму вы менавіта цяпер мяняеце свае прыярытэты і выбудоўваеце іншую стратэгію развіцця. Калі неабходна, распрацуйце для сябе сэнс або місію той працы, якой вы занятыя. Гэта гарантавана прынясе вам радасць, але толькі ў тым выпадку, калі яны будуць выканальнымі. Іначай вы хутчэй паскорыце магчымае выгаранне і стомленасць праектам.
Стаўце перад сабой такія тэрміны, якія будуць гарманічна злучацца з вашым ладам жыцця і не будуць выбівацца з агульнага рытму. Дыскамфорт — гэта апошняе, што патрэбна ў сур’ёзных справах. Яго і так хапае, калі займаешся нечым напраўду важным.
Наш мозг даволі гультаяваты. Любыя новыя нейронавыя сувязі — ваш шчаслівы білет да сябе жывога і актыўнага, без прызнакаў выгарання. Добра, калі вы кожны дзень атрымліваеце нейкую новую інфармацыю: ходзіце на курсы або вывучаеце нешта самастойна. Але пры гэтым трымайце ў галаве такі факт: чалавек можа лёгка засвоіць толькі 10% ад агульнай колькасці атрыманай новай інфармацыі. Таму галоўнае не перабаршчыць з гэтым.
Крыніца: chezasite.com
Старайцеся шукаць або выбудоўваць ужо наяўныя адносіны такім чынам, каб яны не вымотвалі вас. Не варта трымацца за адносіны, якія па самой сваёй сутнасці траўматычныя або таксічныя. Бо, як вядома, шчасце — гэта калі добрага на парадак больш, чым дрэннага.
Не надавайце вялікай увагі гаджэтам. Бо гэта яшчэ адзін даволі просты спосаб займець эмацыйнае выгаранне, а ў запушчаных выпадках і іншыя псіхалагічныя праблемы, кшталту намафобіі або думскролінгу. Старайцеся абыходзіцца без смартфонаў, планшэтаў і камп’ютараў. Прынамсі, хаця б паспрабуйце выдаткаваць у сваім календары дні, гадзіны або на скрайні выпадак хвіліны, калі вы будзеце вольныя ад віртуальнага жыцця.
Што рабіць, каб не выгараць
Знайдзіце простыя, але эфектыўныя спосабы зняцця стрэсу, якія дапамагаюць менавіта вам. Напрыклад, можна займацца спортам, чытаць, слухаць музыку, гуляць, медытаваць, хадзіць на масаж, заняцца творчасцю, знайсці нейкае хобі.
Рабіце перапынкі падчас працы. Гэта дае магчымасць адцягнуцца, набрацца сіл, знайсці новы спосаб вырашэння праблемы.
Крыніца: hr.activebc.ru
Заўжды пачынайце з малога. Чым меншая перамена, якую вы хочаце ажыццявіць у сваім жыцці, тым большая верагоднасць, што вы сапраўды зробіце гэты крок. Заўважайце, калі вы дарма крытыкуеце сябе. Негатыўныя каментарыі — гэта аснова заніжанай самаацэнкі.
Часам не забывайце расслабляцца і выпускаць пару. Вы не робат і не можаце быць прадуктыўным пастаянна. Дбайце ў тым ліку і пра сябе.
Чытайце таксама: Дзе шукаць станоўчыя эмоцыі?
Чытайце таксама: Ці трэба спрачацца на эмоцыях?
Алесь Тодараў, budzma.org