З самага дзяцінства мы ведаем, што адным з неад’емных складнікаў здароўя з’яўляецца гігіена. Мы звыкла чысцім зубы перад сном, мыем рукі, прымаем душ і г.д.
А ці прыходзіла вам на думку, што ў чысціні варта трымаць не толькі цела і вопратку, але і свае эмоцыі, пачуцці? Так, захварэць можна не толькі ад таго, што ў арганізм патрапілі мікробы з непамытых рук. На сёння, напэўна, не знойдзецца дарослага чалавека, які б не чуў пра псіхасаматыку. Шмат хвароб і праяў дрэннага самаадчування з’яўляюцца не ад мікробаў і вірусаў, а ад «няправільна пражытых» эмоцый.
Заўважце: не ад «няправільных» эмоцый, а менавіта — ад «няправільна пражытых». Бо эмоцыі не бываюць «дрэннымі» ці «добрымі». І гэта першы і самы важны прынцып эмацыйнай гігіены. Усе эмоцыі, якія вы адчуваеце ў сваім жыцці — правільныя. Так-так, шмат хто зараз прыгадае класічнае з дзяцінства: «баяцца — нельга», «хлопчыку плакаць — прыкра», «дзяўчынкі не злуюцца» і г.д. Такім чынам у нас фарміруецца паняцце, што ёсць «правільныя» і «няправільныя» эмоцыі. І «няправільныя» (часта іх называюць негатыўнымі) эмоцыі мы не мусім адчуваць.
Але не адчуваць эмоцыі — немагчыма, бо іх узнікненне намі не кантралюецца. Тады запускаюцца механізмы прыхоўвання тых самых «негатыўных» эмоцый — мы іх не пражываем, а хаваем у нетрах свайго арганізма. А любая эмоцыя ўплывае не толькі на наш настрой, але і на фізіялогію, бо кожная з іх выклікае выпрацоўку тых ці іншых гармонаў. Вось і атрымліваецца, што забараняючы сабе адчуваць і праяўляць злосць, агрэсію, страх, нянавісць і т.п., мы ствараем з уласнага цела сапраўдны склад з непражытых эмоцый, якія патроху труцяць наша цела, выклікаючы разнастайныя хвароы і «паталагічныя» станы арганізма.
Дык вось, першы базавы прынцып у эмацыйнай гігіене — дазволіць сабе адчуваць любыя эмоцыі, якія ўзнікаюць цягам жыцця. Называць іх і шчыра сабе прызнавацца ў кожным моманце: «так, я злую!», «зараз мне страшна», «я бязмерна радуюся» і г.д.
Другі прынцып — вербалізацыя. То бок любую эмоцыю варта не толькі прызнаць і назваць. Яе трэба «прагаварыць», выцягнуць з сябе вонкі. Існуе шмат спосабаў гэта зрабіць — абірайце найбольш зручны для вас.
Самы просты — на кожны момант прагаворваць услых тое, што вы адчуваеце, і чым гэта выклікана. Дарэчы, такая вербалізацыя дапаможа не толькі захоўваць «эмацыйную» чысціню свайго арганізма, але і стаць больш зразумелым для таго, хто побач з вамі. Бо вельмі часта відавочныя для нас прычыны крыўды, злосці ці чагосьці падобнага для іншых людзей нават незаўважныя.
Калі вам складана наўпрост расказаць, што вы адчуваеце, пішыце лісты. Практыка пісьма — таксама вельмі эфектыўная рэч. Яшчэ вялікім плюсам тут з’яўляецца адсутнасць любой цэнзуры. Калі вы агучваеце свае думкі, усё адно ўнутраны цэнзар падбірае словы і фармулёўкі, каб не «зачапіць» таго, хто побач. А вось, калі вы пішаце ліст — тут можна выключыць усіх цэнзараў.
Часцей за ўсё самыя моцныя (і, на жаль, разбуральныя) эмоцыі ў нас выклікаюць людзі, прычым — самыя блізкія людзі. Вось тут і прыдасца практыка лістоў. Вазьміце аркуш паперы (можна і ў электронным варыянце, але больш эфектыўным будзе матэрыяльны носьбіт), аловак і — наперад! Пішыце ўсё, што прыхозіць з нагоды той ці іншай сітуацыі. Калі крыніца вашага нестабільнага стану — дакладная асоба, то пачынайце ліст са слоў «Дарагі/-ая... даўно хачу табе сказаць...». Пісаць трэба да таго моманту, пакуль не адчуеце, што высказалі ўсё, больш на душы нічога не засталося.
Лісты могуць быць рознаскіраванымі: лісты падзякі, лісты нянавісці, лісты выбачэння і г.д. Пасля практыкі лепш за ўсё ліст спаліць ці падраць на маленькія шматочкі і выкінуць у сметнік, вычышчаючы такім чынам з сябе перажытыя эмоцыі. Дарэчы, лісты можна пісаць не толькі іншым людзям, але і сабе.
Акрамя лістоў, таксама дапаможа дзённік, дзе вы проста занатоўваеце, што з вамі адбывалася і што вы пры гэтым адчувалі. Калі пісаць вы не любіце, бярыце фарбы! На вялікім аркушы (можна ўзяць аркуш фармату А1 альбо звычайны кавалак шпалераў) далонямі альбо вялікім пэндзлем малюем свае эмоцыі. Хто ведае, магчыма, пасля вашы эма-карціны стануць шэдэўрамі выяўленчага мастацтва і будуць прадавацца за вялікія грошы. Але на мэце такое маляванне мае ўсё тую ж вербалізацыю вашых эмоцый.
Трэці прынцып — інфамацыйная чысціня. У бясконцым віры навінаў, рэкламы, «экспертных» думак, аналітычных нататак, сяброўскіх абмеркаванняў і г.д. выконваць гэты прынцып становіцца жыццёва неабходным.
Так, нам вельмі важна быць у курсе падзей, ведаць, што дзе адбываецца, каб адчуваць сябе ўпэўнена. Але, зрабіце рэвізію: у курсе якіх менавіта падзей вам трэба быць, каб жыць паўнавартасна. Ці можаце вы неяк паўплываць на падзенне ўзроўня ракі Амазонкі? Безумоўна можаце (чалавек увогуле можа ўсё, што шчыра і моцна хоча). Але пытанне: ці будзеце вы зараз прымаць актыўныя дзеянні, каб паўплываць на гэты самы ўзровень ракі? Альбо проста пахітаеце галавой і знойдзеце яшчэ адну нагоду панаракаць на гэты «страшны» свет? Сачыце за тым, якія навіны трапляюць вам, абірайце толькі тое, што сапраўды важна для вас. Паадпісвайцеся ад непатрэбных каналаў, блогераў і г.д. Не праглядайце ўсе навінныя стужкі запар.
Другая парада пры «спажыванні» навінаў — крытычна ставіцца да зместа і, галоўнае, да манеры падачы. Проста заўжды майце на ўвазе, што мэта СМІ вельмі часта не давесці да вас дакладную і праўдзівую інфармацыю, а зацікавіць і ўтрымаць свайго гледача/чытача. А як хутчэй і прасцей прыцягнуць увагу? Правільна — сыграць на моцных эмоцыях: страх, абурэнне, злосць і г.д. Крымінальныя навіны заўжды прыцягнуць больш увагі, чым навіны кніжнай выставы. Таму і падаюцца навіны ўжо з яркай эмацыйнай афарбоўкай, з выкарыстаннем слоў-трыгераў і г.д. Проста майце гэта на ўвазе, калі абіраеце крыніцу інфармацыі. Старайцеся аддаваць перавагу максімальна нейтральнай падачы інфармацыі. І, канешне ж, не забывайцеся разглядаць некалькі крыніц па пытаннях, якія вас цікавяць.
Яшчэ вельмі важна рабіць для сябе дні інфармацыйных дэтоксаў. Калі адчуваеце, што вам ужо «вышэй за дах» дрэных навін — выключыце ўсе крыніцы інфармацыі: перастаньце слухаць і глядзець рэпартажы «з месца падзей», пакіньце гартаць стужкі і чаты, не чытайце тэматычныя пасты па сацыяльных сетках. Дайце сабе крыху адпачынку. Не хвалюйцеся — калі адбудзецца нешта сапраўды лёсавырашальнае, вы пра гэта ўсё адно даведаецеся.
Калі ж вы зусім не можаце абысціся без інфармацыі, пераключыцеся на навіны са сферы свайго хоббі: пачытайце пра новыя выданні, схадзіце на экскурсію (можна і віртуальную), знайдзіце рэцэпт смачнага пірага (і ў ідэале — паспрабуйце яго прыгатаваць), даведайцеся, што новага ў свеце моды альбо якія мадэлі матацыклаў зараз самыя хуткія.
Інфармацыйная чысціня таксама тычыцца і вашага атачэння. «Выключаць» варта не толькі тэлебачанне і інтэрнэт-крыніцы, выключаць трэба і людзей, якія нясуць у вашую растору толькі негатыў. Калі зусім пазбавіцца ад іх не атрымліваецца, абмяжоўвайце і дазіруйце камунікацыі з імі. Альбо дамаўляйцеся пра кола тэм, якія з вамі абмяркоўваць нельга.
Стаўцеся ўважліва і ашчадна да сябе і таго, што вы адчуваце — ды будзьце здаровымі!
Вікторыя Лебедзева, budzma.org