Так склалася, што жыццё вакол нас цыклічнае: поры года, квадры месяца. Змена настрою і пераход ад радасці да суму, ад натхнёнасці і актыўнасці да апатыі — так званыя эмацыйныя арэлі — таксама натуральная з’ява і лічыцца за норму. Пры ўмове яе адэкватнай інтэнсіўнасці і працягласці кожнай фазы. Працягваючы метафару арэляў, гэта будзе выглядаць як лёгкае прыемнае пагойдванне.
Калі ж вашыя арэлі разгайдаліся так, што ледзь не «сонейка» круцяць вакол сваёй асі, а эмацыйная нестабільнасць замінае жыццю, псуе адносіны з іншымі і высмоктвае вашу «батарэйку» да нуля, варта звярнуць на гэта самую пільную ўвагу.
Вось некалькі парадаў, якія могуць дапамагчы супакоіць разгойданыя эмацыйныя арэлі.
1. «Лепш папярэдзіць, чым выпраўляць»
Малюнак Андруся Такінданга
Вельмі частай прычынай разгойдвання эмацыйных арэляў стае заглушэнне сваіх эмоцый. Як часта вы душыце раздражненне, гнеў, агрэсію? Як часта не дазваляеце сабе паплакаць, пасумаваць альбо паскакаць ад радасці? Ці трапляеце ў такія сітуацыі, калі адчуваеце сэрцам адно, а галава (выхаванне) вам настойліва кажа, што тут вы мусіце адчуваць і праяўляць зусім іншае?
Усе прыдушаныя эмоцыі, непражытыя пачуцці маюць благую тэндэнцыю назапашвацца і выбіваць нас з эмацыйнай раўнавагі, праяўляцца ў целе зацісканнямі, болямі, адсутнасцю энергіі і радасці жыцця.
Што рабіць? У першую чаргу ўсвядоміць, што не бывае «добрых» і «дрэнных» эмоцый. Мы — жывыя арганізмы, і абсалютна натуральна, што ў розных сітуацыях узнікаюць розныя эмоцыі. Дазваляем сабе іх усе. І пражываць, і праяўляць. Робім гэта экалагічна: без траўм для нашага атачэння і вялікіх разбурэнняў (пішам лісты, рвем паперу, тупаем нагамі, гучна спяваем і г. д.).
Вучыцеся ўсведамляць і называць свае эмоцыі і пачуцці, адсочваць іх. Практыкі накшталт эмацыйнага дзённіка ці эмацыйнай мапы цела, размалёўвання мандал ці нейраграфікі вам у дапамогу.
І абавязкова прыслухоўвайцеся да сябе — што менавіта вы адчуваеце насамрэч, а не што вы мусіце адчуваць.
2. Будзьце ў кантакце са сваім фізічным целам
Малюнак Андруся Такінданга
Як часта вы прыслухоўваецеся да таго, што адчувае зараз ваша цела? Ці даеце яму клопат і любоў звыш жыццёва неабходных рэчаў (сон, ежа, гігіена)? Пра што думаеце, калі прымаеце душ: пра дотыкі вадзяных струменчыкаў да вашай скуры ці плануеце свой заўтрашні дзень, пералічваеце, што не паспелі зрабіць сёння? Ці ведаеце вы сваё цела? Яго цыклы? Як яно адгукаецца на розную ежу, эмоцыі, сонечную актыўнасць?
Цесны кантакт са сваім целам, уменне чуць і адгукацца на яго патрэбы (яшчэ да таго, як «сарве дах» альбо ліхаманка ўкладзе вас у ложак) — вельмі важны складнік вашай эмацыйнай стабільнасці.
Што рабіць? Пачніце з простай практыкі «3 пытанні»: цягам дня задавайце сабе такія пытанні:
1) што зараз адчувае маё цела (цяпло/холад, голад/сытасць, стомленасць/бадзёрасць і г. д.)?
2) што я хачу, каб зараз адчувала маё цела?
3) што я магу для гэтага зрабіць (папіць, апрануцца, паляжаць, актыўна паварушыцца, патанчыць, пацягнуцца...)?
Па магчымасці давайце сабе тое, што просіць цела.
Разнастайныя «прыемнасці» накшталт масажу, спа-працэдур, прагулак басанож, абдыманак з любімымі людзьмі таксама вам дапамогуць пасябраваць са сваім целам.
3. Даваць месца і час
Малюнак Андруся Такінданга
Каб моцна не разгойдвацца на сваіх арэлях, варта... прыняць, што яны існуюць! Усвядомце, што вы жывы чалавек, дазвольце сабе (і іншым) быць розным. Радавацца жыццю — цудоўна! Але і сумаваць таксама можна. Быць моцным, працаздольным, энергічным — здорава! Але часам можна пабыць слабым, апатычным, абыякавым да ўсяго.
Галоўнае — не завісаць у гэтых станах надоўга. Але даваць сабе час на «пасумаваць», «пабыць бездапаможным» варта. Гэта тая самая прыродная цыклічнасць: напружанне — расслабленне.
І, каб такія цыклы не разгойдвалі моцна вашыя эмацыйныя арэлі, важна не «з’ядаць» сябе пасля ці падчас такіх станаў.
4. Практыка на супакаенне
Малюнак Андруся Такінданга
Калі вы адчуваеце, што вашыя эмацыйныя арэлі ўжо выходзяць з-пад кантролю і разгойдваюцца ўсё мацней, зрабіце практыку «зазямленне».
Знайдзіце месца і час (хвілін 20-30), дзе вам будзе камфортна і вас ніхто не патурбуе. Можна ўключыць прыемную спакойную музыку, напоўніць пакой водарамі лаванды, сандала, піхты, ядлоўца.
Займіце зручную позу: ступні мусяць быць прыціснутыя да любой паверхні, спіна роўная, плечы разгорнутыя, ногі і рукі не скрыжаваныя, шыя расслабленая. Зрабіце некалькі спакойных удохаў-выдыхаў, адчуваючы, як паветра запаўняе ўсё ваша цела. Заплюшчыце вочы. Прайдзіцеся сваёй увагай па целе: ад кончыкаў пальцаў на нагах да самай макаўкі.
З наступным глыбокім удыхам сканцэнтруйцеся на сваіх ступнях: адчуйце іх, адчуйце паверхню, да якой яны прыціскаюцца. І ўявіце, як скрозь вашыя ступні ў зямлю прарастаюць карані (магчыма, вы «пабачыце» струменьчыкі святла, вадаспады, ніткі ці штосьці падобнае — любы вобраз, які звяжа вас з планетай). Свядома пашырайце гэтую карцінку — няхай вашыя карані галінуюцца, пранікаюць усё глыбей і глыбей у зямлю — да самага яе цэнтра.
Уявіце, як па гэтых каранях ад зямлі праз вашы ступні падымаецца штосьці цёплае, утульнае, спакойнае. Як яно напаўняе вас, запаўняючы кожны куточак цела, утаймоўваючы, супакойваючы.
Трымайце гэтую карцінку перад сабой, пакуль не адчуеце спакой і цяпло ва ўсім целе. Зрабіце яшчэ адзін глыбокі ўдых-выдых і расплюшчвайце вочы — цяпер ніводзін эмацыйны шторм вас не спалохае.
Пасля практыкі добра выпіць шклянку цёплай вады.
5. Скрыначка «хуткай дапамогі»
Малюнак Андруся Такінданга
Завядзіце сабе чароўную скрыначку хуткай дапамогі, каб падтрымаць сябе, калі вашыя эмацыйныя арэлі знаходзяцца ў ніжэйшай кропцы. Вазьміце прыгожую ёмістасць, пакладзіце туды ўсё, што можа падняць вам настрой: любімыя смакоцікі, важныя для вас цытаты, паштоўкі ад блізкіх і да т. п.
На многіх трэнінгах ёсць такая практыка: напрыканцы заняткаў удзельнікам вешаюць на спіну аркушы, і ўсе пішуць рознакаляровымі маркерамі адно аднаму кампліменты, падсвечваюць моцныя бакі. Пасля гэты аркуш стае апорай у складаных сітуацыях. Калі вы не былі на падобнай практыцы, правядзіце яе самі — з роднымі, сябрамі, калегамі. І пакладзіце ў сваю скрыначку такі аркуш.
Калі знаходзіцеся ў гуморы, напішыце сабе пасланні накшталт «у мяне ўсё атрымліваецца», «я — цудоўная асоба», «мае моцныя бакі...», «я магу...» і г. д. Гэтыя пасланні — таксама ў скрыначку.
Туды ж можна пакласці фота, карцінкі, назвы фільмаў, песень, якія вас натхняюць ці проста падабаюцца, адлюстроўваюць вашы мары. Можна і любімую кнігу там размясціць.
І калі адчуваеце, што «ўсё дрэнна», даставайце сваю скрыню і пад настрой абірайце «лекі».
Эксперыментуйце і прыдумляйце свае «якары», каб утаймоваць эмацыйныя арэлі.
Але калі адчуваеце, што перапады настрою вельмі частыя і моцныя, без дай якой прычыны, звярніцеся да лекара, здайце аналізы. Часам такі стан выкліканы парушэннем гарманальнага балансу ці глыбокай дэпрэсіяй. І тут ужо патрэбна прафесійная медыцынская дапамога.
Гармоніі і спакою! І няхай гушканне на любых арэлях прыносіць вам толькі радасць і задавальненне.
В. Л., budzma.org