Менска-варшаўскі гурт Віктара Сямашкі Fantastic Swimmers апублікаваў дыптых «Эпістакіс». Альбом складаецца з «гарызанталі й вэртыкалі» — пары працяглых, плынных кампазыцыяў, заснаваных на беларускім фальклёры. У першым творы рэй вядзе дуда Яўгена Барышнікава, у другім — ліра Сяргея Доўгушава. Да студыйнае працы далучыліся спрактыкаваныя польскія імправізатары Пётар Мэлэх (Piotr Mełech) і Войтэк Трачык (Wojtek Traczyk), а таксама апэратыўна сабраны з дапамогай Веранікі Лось зьмешаны хор на 9 галасоў.
«Нашаму хору за некалькі сэкундаў перад стартам я прапанаваў думаць пра пазытыўныя зьмены ў сьвеце. Як бы гэта ні было наіўна й саманадзейна, але хацелася, каб з нашага супольнага дзеяньня пачаўся новы адлік, каб адбыўся паваротны момант... Я паставіўся да таго, што мы рабілі, ня проста як да музыкі, а менавіта як да калектыўнага сакральнага акту, як да містэрыі... І таму нават цяпер слухаць тое, што ў нас атрымалася, надзвычай хвалююча, бо перажываеш той эмацыйны досьвед наноў», — распавядае Віктар.
Першым слухачом атрыманага дыптыху стаў мастак і рэканструктур дуды Тодар Кашкурэвіч, які назваў першую палову альбома «салодкім Апакаліпсысам». Удзельнік хору Яцэк Фільц (Jacek Filc) параўнаў зьмест зь «нядзельным набажэнствам альтэрверніка ў неабмежаваным стылі». Традыцыйны лірніцкі сьпеў, які гучыць у другой палове, быў занатаваны этнографамі ў вёсцы Нясята на Магілеўшчыне. Вокладкай альбома стаў фрагмэнт дыплёмнае працы мастачкі Марыі Дарошкі, які завецца «Барана» ў гонар старажытнае абрадавае дзеі, калі сьпявачкі разам выконвалі кожная сваю песьню з розных каляндарных этапаў. Паслухаць і бясплатна спампаваць «Эпістакіс» у добрай якасьці магчыма па спасылцы.
Здымкі Сяргея Доўгушава
паводле прэс-рэлізу