У жніўні 1914 года выбухнула Вялікая вайна. Беларуская зямля адразу была ўцягнутая ў глабальны вайсковы канфлікт. Тут разгортваліся войскі, былі тылы і штабы, а неўзабаве застыў фронт. Як пачыналася Вялікая вайна для Беларусі ў жніўні 1914-га? Піша «Новы час».
Фота: «Новы час»
Аб тым, як разгортваліся падзеі Першай сусветнай на беларускіх землях, якія на той час больш за стагоддзе былі пад расійскай уладай, лепш за ўсё могуць распавесці самі беларусы. Дзе? На старонках уласнай прэсы, якая ў тыя часы ўжо была. Што было важным, якія эпізоды мелі сэнс і значэнне для беларусаў?
«Наша Ніва» і яе рэдактар Іван Луцэвіч (ён жа — Янка Купала) шмат палос прысвячалі падзеям і інфармацыі аб вайне. І вельмі паказальна, што ў гэтым выпадку беларусы самі пісалі пра важныя падзеі, пісалі пра сваю Беларусь для яе жыхароў. Расійскую імперыю ў жніўні 1914-га паглынуў павальны «ура-патрыятызм», уздым на вайну, якую планавалі завяршыць за некалькі месяцаў... Ці абмінула беларусаў хвароба выхваляння? Што было важным у першы месяц вайны? Разбяромся з гэтым, зазірнуўшы праз 109 гадоў на пажоўклыя старонкі «першай беларускай газеты з рысункамі».
Рэдактар газеты Іван Луцэвіч (Янка Купала) з жонкай. Першая Сусветная вайна. Фота: «Новы час»
Імклівыя падзеі жніўня 1914-га
Першая сусветная вайна пачалася 28 ліпеня 1914 года. Тады мала хто разумеў, чым усё гэта скончыцца. Як ні дзіўна, вайну чакалі, яе прагнулі, зусім не задумваючыся пра наступствы. Кожны з бакоў лічыў, што абавязкова хутка пераможа ворага. Гэтай думкай прапаганда ўсіх дзяржаў «частавала» сваіх падданых, спадарожна настройваючы супраць патэнцыйных ворагаў.
Мітынг у падтрымку вайны, 1914 год. Фота: «Новы час»
Вестка аб тым, што Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі, натхніла жыхароў Расійскай імперыі і выклікала непадробнае абурэнне. Па буйных гарадах пракаціліся шматтысячныя маніфестацыі, удзельнікі якіх заклікалі са зброяй у руках пастаяць за славянскіх братоў. Дайшло да таго, што ўлады нават заклікалі падданых «соблюдать спокойствие и сдержанность и избегать проявлений возбуждённого народного чувства, которые могут только осложнить создавшееся положение». Расійская імперыя нібыта напоўнілася «ура-патрыятызмам». Але што цікава, за некалькі тыдняў да пачатку вайны па Расійскай імперыі пракацілася хваля забастовак працоўных: збіцці, арышты, высылкі... Асабліва моцны выступ быў у Пецярбургу. Прыкметны кантраст.
Выхвальскі плакат. Фота: «Новы час»
А махавік вайны было ўжо не спыніць... Літаральна за два тыдні Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну супраць Сербіі, Германія абвясціла вайну Расіі і Францыі, Вялікабрытанія абвясціла вайну супраць Германіі, Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну супраць Расіі, Брытанія і Францыя абвясцілі вайну супраць Аўстра-Венгрыі.
І амаль ад самага пачатку вайны беларускія землі сталі галоўным яе тэатрам. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскіх войскаў знаходзілася спачатку ў Баранавічах, а потым у Магілёве. У Мінску кватараваў штаб Заходняга фронту, гарады і мястэчкі былі перапоўнены штабамі, шпіталямі, складамі і майстэрнямі па рамонце зброі. Беларусь наваднілі вайскоўцы...
Мабілізацыя. Фота: «Новы час»
Прароцтва «Нашай Нівы», афіцыёз, няспраўджаны прагноз
Вайна пачалася! Як толькі разгарнуліся падзеі, першая паласа «Нашай Нівы» паведаміла пра гэта беларускім чытачам. І адразу ж — прароцтва! «Вось цяпер ідзе на нас навальніца, якой наш край ад часу французскай вайны не бачыў. З усходу плывуць хвалі аграмаднай расейскай арміі, з захаду — нямецкай, і хто ведае, ці не тут, на нашых палях, адбудзецца страшная бітва народаў, такая крывавая, якой свет даўно не бачыў», — пісала газета, нібыта нешта адчуваючы ці ведаючы наперад.
Нумар «Нашай Нівы», дзе абвяшчалася аб пачатку вайны. Фота: «Новы час»
Натуральна, што з пачаткам вайны значную частку газетных палос займалі звесткі з франтоў, навіны аб міжнародных падзеях і падзеях у Расійскай імперыі, маніфесты, прамовы і адозвы імператара. І канечне ж, усё падавалася пераважна без уласных ацэнак ці каментарыяў ад рэдакцыі. А як жа інакш падчас вайны пры строгай цэнзуры? Галоўнае ў гэтай апублікаванай інфармацыі, узятай з іншых газет, дык тое, што яна ўсё ж перакладалася на беларускую мову для беларускага чытача, а не перадрукоўвалася па-руску.
Бывала, што рэдакцыя падавала свой голас у матэрыялах пра вайну, але досыць стрыманы. І, трэба прызнаць, на самым пачатку жніўня агульная хваля «ура-патрыятызму» крыху зачапіла і «Нашу Ніву». Прынамсі, вера ў хуткае заканчэнне вайны: «Чым усё скончыцца, нет ведама. Адно можна сказаць, што вайна на доўга не працягнецца». Міне літаральна два тыдні, і ў тым жа жніўні 1914-га будзе надрукавана: «Калі вайна скончыцца і ў чыю карысць — трудна згадаць».
Палонны нямецкі салдат. Фота: «Новы час»
Расійскія войскі. Фота: «Новы час»
Пазіцыя германскай арміі. Фота: «Новы час»
Чытайце яшчэ: Ганна Янкута: Забытая вайна